радыё на слых беларуса

Чырыканьні ў эфіры

 

З пачатку сакавiка ў Гораднi i Слонiме пачулi ўпершыню сталiчнае Радыё Бi-Эй. Дагэтуль «правiнцыйны рынак» FM быў ужо заняты Радыё-Роксам i «Сталiцай». А яшчэ раней — станцыямi зь Беластоку, Варшавы i Кракава. Ехаў я нейк па гарадзенскай вулiцы Калiноўскага таксоўкай i пачуў, як у «Роксе» з задавальненьнем быў зачытаны лiст гарадзенца. Маўляў, раней ён заўжды слухаў на FM толькi польскiя станцыi, але цяпер упадабаў «Рокс», i палякi яму болей не патрэбныя. Апошнiм часам на гэтай станцыi ўсё часьцей пачуеш музычныя заяўкi ад гарадзенцаў, асаблiва ад банкаўскiх службоўцаў ды супрацоўнiкаў фiрмаў. Музыка перадаецца салiдная, дыхтоўны, пераважна англамоўны, рок. I гэта прываблiвае.

Радыёпрызнаньне, пачутае ў таксоўцы, я ўспрыняў iранiчна. Але нечакана для сябе сам усё часьцей пачаў перакручваць з кракаўскай RMF альбо варшаўскага Radio Zet менавiта на «Рокс». Хочацца, канечне, «слухаць беларускае». Аднак мяне не задавальняюць захлёбiстыя галасы смаркачоў, якiя, дарма што па-беларуску, але «чырыкаюць» у цалкам маскоўскiм стылi па «Сталiцы». Дый музыка на «Сталіцы» — процьма расейскай бяздарнай папсы.

Што да «Роксу», дык тут хоць навiны прыстойна чытаюць, нібы пераадольваючы былую паталягiчную маскоўшчыну.

Слухаць жа навiны «Сталiцы» немагчыма: адно суцэльна афiцыёзнае БЕЛТА. А Бi-Эй увогуле дадумалася карыстацца IТАР-ТАСС! Англамоўнай музыкi тут не пачуеш, пра iснаваньне беларускага року Бi-Эй, падобна, нiчога невядома зусiм. Адны толькi дурацкiя «Я московский пустой бамбук», «Здравствуй, Волга, я Иртыш» або савецкiя, часоў застою — «Обручальное кольцо — не простое украшенье». Уражаньне такое, што супрацоўнiкам радыё невядома пра тое, што iснуе краiна Беларусь. Вось і выходзіць нейкае правiнцыйнае ўральскае або сiбiрскае радыё, якое чамусьцi вяшчае зь Менску. Але шанцы ў яго нейкiя ёсьць нават у памежнай Гораднi: Бi-Эй слухаюць некаторыя навучэнцы ПТВ, шафёры грузавiкоў і прапаршчыкi памежных войскаў.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0