Краiна, дзе ўсё «рэальна»

 

Тут няма памылкі. Масква сапраўды краiна, вельмi своеасаблiвая, і назваць яе часткаю Расеi язык не паварочваецца. Хутчэй за ўсё, гэта часьцiнка чагосьці заходняга ў Расеi. Хоць заходняе яно толькi звонку, а ўсярэдзіне гэта нешта iншае, карацей — маскоўскае. «Рэальна» — таму што гэтае слова зьяўляецца адметнай моўнай адзiнкай у гаворцы сапраўднага масквiча. Калi табе не «рэальна» схадзiць у «МС» — ты ўжо нейкi цёмны правiнцыял, а не масквiч.

Слова «рэальна» ў Маскве ня страцiла свайго першаснага сэнсу: у Маскве ўсё магчыма! Масква апошнiм часам ператварылася ў Амэрыку часоў пiлiгрымаў цi Кляндайк часоў Golden Rush — сюды зьяжджаюцца людзi з розных куткоў сьвету (галоўным чынам, з былога СССР) з надзеяй знайсьцi хаця б кавалачак шчасьця (якое апошнiм часам у большасьцi атаесамляецца з грашыма). Шмат прыяжджае i зь Беларусi. Людзi розныя: хто гандлюе танным кіслым малаком, сьмятанаю, шкарпэткамi i г.д., хто зьбiраецца зарэгiстраваць сваю фiрму, бо ў Беларусi з прыняцьцем новага Грамадзянскага Кодэксу гэта стала даражэй, хто прыяжджае вучыцца, а хто адпачываць. Ці «рэальна» ў Маскве зарабiць? «Рэальна», нават дробным гандлем. Але таксама «рэальна» i стаць ахвяраю канкурэнтаў i страцiць усё. «Рэальна» пачаць свой бiзнэс — калi ласка, толькi асьцярожна. «Рэальна» павучыцца ў маскоўскiм ВНУ — зараз трэба толькi здаць аднолькавыя iспыты, але таксама «рэальна» стаць ахвяраю розных спакусаў. «Рэальна» ў Маскве адпачыць, але гэта будзе дорага каштаваць, прычым, таксама рэальна i стамiцца ў маскоўскiм натоўпе. Карацей, «рэальная» руская рулетка!

У Маскве раней за ўсё пабудавалi дэмакратыю, калi лiчыць, што прыкметаю дэмакратыi зьяўляецца ўсё той жа МакДональдз — сёлета ён сьвяткуе дзесяцiгодзьдзе сваёй дзейнасьцi, накiраванай на зьнiшчэньне кетчупам i колаю страўнiкаў мiльёнаў расіян, галоўным чынам масквiчоў, натуральна.

Але гэта ўсё выгляд. Калi раней Масква зьдзiўляла адсутнасьцю ўсюдыiснае ў Менску мiлiцыi, дык апошнiм часам (на мiнулым тыднi) быў уведзены ўзмоцнены рэжым патруляваньня на вулiцах. Зьвязана, кажуць, з тым, што да Дня Абаронца Айчыны баевiкi нібыта заплянавалi фаервэрк. Выглядае ў жыцьцi гэта наступным чынам — патрулi з сабакамi ходзяць i шукаюць «гексаген», а тыя, што без сабак, спыняюць ужо ня толькi «асобаў каўкаскае нацыянальнасьцi» але і ўсiх падазроных. На кожнай станцыi мэтро цябе вiтаюць усё тыя ж мiлiцыянты i маладыя вайскоўцы. «Нелегалам» — тым, хто ня мае рэгiстрацыi ў Маскве — стала значна цяжэй — кара даволi высокая. Шчыра кажучы, «легалам» таксама непрыемна, калi адбываецца асабiсты вобшук, ды яшчэ асобаю не аднаго й таго ж полу, хаця жанчын хапаюць даволi рэдка. На пад’ездах да Масквы спыняюць кары, большыя за легкавы.

А фаервэрк быў, толькi сапраўдны — сьвяточны.

Дзядзька Антось,
Масква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0