Ван Гог у спадніцы

 

«... Несусьветная калатнеча ды гвалт стаяць у нашай хаце! Муж выганяе мяне з інтэрнату да бацькоў («Тут будзе другая жанчына, што дагледзіць мяне і дзяцей не пакрыўдзіць!»), а тыя таксама не прымаюць. Усё лета я жыла зь дзецьмі ў іхным гумне на сене, але й там яны чынілі нам перасьледы, віжаваньне. Горш за ўсё, што муж пагражае, што «павыкідае ўсю крышнаіцкую літаратуру і мае дзёньнікі»...

Кухонныя страсьці, фэмінісцкае змаганьне, крызыс сярэдзіны жыцьця... Якой толькі халеры ня лезе ў галаву, калі чытаеш падобныя лісты ў рэдакцыю або выслухоўваеш такое ў тэлефонных размовах. А ўрэшце пачынаеш разумець, навошта на Захадзе столькі жаночых арганізацыяў, фондаў, літаратуры... Бо й тамтэйшыя кабеты нічым не застрахаваныя ад тых самых грамадзкіх ды псыхалягічных праблем, якія лавінаю сыплюцца на галовы нашым. Толькі што ў нашых няма ані такіх арганізацыяў з фондамі, ані такога разуменьня з боку дзяржавы. Нашым — асабліва «нетыповым» — часьцяком выпадае на долю жоўты дом, быццам іхная «нетыповасьць» — хвароба ці злачынства. Колькі такіх — «недарэчы» таленавітых і «не да месца» фантазёрак — сядзіць у перапоўненых беларускіх вар’ятнях? Верагодна, шмат.

Адна з памылак нашага грамадзкага ўладкаваньня — гэта вылучэньне «жаночай праблемы». І тут усё да кучы: псыхалёгія, праца, творчасьць, сэкс, здароўе... Па-першае, з адваротнага боку кожнага гэтага слова стаіць мужчына, па-другое, да гэтае куламесы ўсяго-ўсенькага не падступіцца, каб тую праблему «зьняць». «Жаночую праблему» можна вырашыць, толькі «нэўтралізаваўшы» жанчыну як такую. А паколькі гэта немагчыма, грамадзтва здавальняецца агульнымі пажаданьнямі на 8 сакавіка. Калі ж з жанчынаю нешта ня так, гэта зноў сьпісваецца на «жаночую праблему», якая ў прынцыпе не вырашаецца. Вось вам замкнёнае кола. Не існуе ніякай «жаночай праблемы».

Трэба асобна казаць пра кожную з тузіну такіх праблем, называючы іх сваімі імёнамі. Напрыклад, пра тое, што замінае ў творчасьці.

Жанчына ў творчасьці знаходзіць сілы і натхненьне жыць. Ёй трыццаць-сорак. У яе сям’я, дзеці. Яна сьведамая беларуска і таму не прызнае «ніякіх фэмінізмаў», бо беларуская сьведамасьць — традыцыяналісцкая. Але жанчына піша вершы або разважае пра лёсы і пра Бога, бо ў гэтым яе энэргія, больш, чым у дзецях і сям’і. Яна, натуральна, добрая маці і гаспадыня, але часам яе «заносіць», яна піша шэдэўр і забываецца падмесьці хату. Сямейнікі «награваюцца», аж пакуль не закіпяць. Тады ёй застаецца або заглушыць у сабе свой душэўны покліч (а менавіта гэтага негалосна патрабуюць цяперашнія грамадзкія стандарты), або ісьці на развал сям’і...

Такія лісты, як працытаваны спачатку, чытаеш, ня любячы сябе. Быццам да цябе зьвяртаюцца па дапамогу, а ты дапамагчы ня можаш і ня ўмееш. Не дапамогуць тут і ніякія нашы арганізацыі, бо іхная задача — тыпізаваць «жаночы выпадак», акрэсьліць тую самую «жаночую праблему». А наш выпадак, хоць па-свойму і тыповы, але ж і антытыповы, бо гэта вылучэньне асобы ў творчасьці, гэта значыць — вылучэньне з усіх іншых. Ды й ня пойдзе наша жанчына з гэткім клопатам ні ў якія арганізацыі.

Вось жа з уласнага бясьсільля пачынаеш разумець, што глядзіш на справу ня тым паглядам. Няма тут ніякае «жаночае праблемы». Гэта падманка, якая выклікае беспадстаўную жаласьць толькі таму, што ў цэнтры падзеяў — жанчына. Бо размова ідзе не пра пол, а пра ўчынак або подзьвіг асобы. Душа, як вядома, ня мае полу. Размова пра творцу. З гэткага гледзішча згаданыя лісты нагадваюць біяграфіі вялікіх мэтраў культуры зь мінуўшчыны, якія жылі ў жабрацтве і ўвесь час адчувалі ўціск як з боку сваякоў, так і з боку грамадзтва. Як мала «стандартнага шчасьця» ў біяграфіі Ван Гога! Але ж гэтая постаць ніяк не выклікае жаласьці, хутчэй — захапленьне. Чаму? Таму толькі, што гэта было ў мінулым стагодзьдзі? Ці таму што герой хадзіў у штанах, а не ў спадніцы? Непераканаўчыя адрозьненьні.

Жанчына-творца сама творыць уласны подзьвіг. Гэта яе выбар. І тое, што яна жанчына — зусім не падстава бачыць у ейным чыне драму з трагедыяй. Таму давайце лепей захапляцца ёю, як захапляемся Ван Гогам. Магчыма, я памыляюся, але й ёй самой варта глядзець на сябе гэтак.

Разумею, што закрануў балючую тэму, і таму заклікаю шаноўных суайчыньніц абвергнуць мяне або дапоўніць ці проста выказацца на старонках «Нашае Нівы». Што вам замінае ў творчасьці?

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0