Ня трэба нам савецкай спадчыны

 

Прашу вас надрукаваць у «НН» мой адказ на ліст спадара Барталамеюша Гарбача ў «НН» №5 за 31 студзеня гэтага году, «Наша ці ня наша».

На вашую параду, спадару Б.Гарбач, — «Але ж беражэце аб’ектыўнасьць!» — будзем старацца яе берагчы, аналізуючы, што нам дала «савецкая эра». На самым пачатку яе савецка-расейскі рэжым зруйнаваў цяжка здабытую беларускім народам дзяржаўнасьць — Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную Актам 25 сакавіка.

Вы кажаце: «За Саветаў мы ўпершыню за больш як 100 гадоў атрымалі дэ-юрэ аўтаномію...» Як тварылася гэтая «аўтаномія» на руінах БНР, гаворыць нам актыўны ў тых часох у Беларусі вызначаны бальшавік В.Кнорын у сваёй кнізе «1917 г., в Белоруссии и на Западном фронте» (Менск, 1925, бач. 74-75):

«...Беларускае пытаньне, дзеля таго, што бальшавікі не ўдзялялі яму належнай увагі, спрычынілася да некаторых нашых прыкрасьцяў. Па-першае, перад Саўнаркамам Заходняе Вобласьці паўстала пытаньне аб выдзяленьні беларускіх вайсковых аддзелаў... Па-другое, перад Саўнаркамам Вобласьці паўстала пытаньне аб 1-ым Усебеларускім зьезьдзе (Кангрэсе, — В.Ж.), скліканым у Менску з дазволам Наркамнаца (народнага Камісарыяту Народнасьцяў у Петраградзе, — В.Ж.)... Пасьля доўгага змаганьня прынятая зьездам рэзалюцыя аб уладзе ўсё-ж такі аказалася нацыянальна-дэмакратычнай, у сапраўднасьці скіраванай да зьмены ўлады Саветаў на нацыянальна-дэмакратычную ўладу, створаную зьездам. Дзеля гэтага Саўнаркам Вобласьці пастанавіў распусьціць зьезд... На бліжэйшы час роспуск Усебеларускага зьезду спрычыніўся да пераходу беларускай нацыяналістычнай дэмакратыі яўна на бок выразных праціўнікаў савецкай улады і да падтрыманьня ёю рыхтаваных плянаў, зьвершаных арганізацыяй ураду Беларускай Народнай Рэспублікі пасьля адступленьня савецкай улады». (Цытата ўзята з працы «БНР ці БССР» В.Жук-Грышкевіча, Старшыні БНР, у брашуры «25 САКАВІКА», Таронта-Канада, 1978.)

«Дык не бальшавікі, — гаворыць далей В.Жук-Грышкевіч, — дбалі пра беларускую дзяржаўнасьць, а беларускія народныя масы, дэмакратыя, што выявіла сваю волю на Ўсебеларускім Кангрэсе пастановай стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якая была абвешчана незалежнай пасьля таго, як бальшавікі на мірнай канфэрэнцыі зь немцамі ў Берасьці раздавалі беларускія землі нашым суседзям, ігнаруючы волю беларускага народу. Пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі бальшавікі ня мелі ўжо іншага выхаду, як стварыць сваю Савецкую Беларускую Рэспубліку, што й зрабілі на цэлы год пазьней».

Вось як «За Саветаў мы ўпершыню за больш як 100 гадоў атрымалі дэ-юрэ аўтаномію...»

Пры гэтай «аўтаноміі» на пачатку 20-х гадоў беларуская нацыянальная эліта — мозг, сэрца, душа і матор нацыі — кінулася да будаваньня беларускай нацыянальнай дзяржавы — хай сабе й БССР. Ды Масква, а як хочаце, Крэмль-Сталін, агледзеўся, што беларусы ня думаюць ісьці ў савецкае рабства і, пачынаючы з канца 20-х гадоў, стаў вырэзваць у пень беларускую нацыянальную эліту й выразаў. Скажаце: ня рэзаў, а страляў у Курапатах ды замучваў у Салоўках. А гаворачы пра Курапаты, такіх мясцоў, дзе штодзённа адбываўся генацыд над беларускім народам, ёсьць на нашай зямлі шмат, яны яшчэ чакаюць на сваіх Зянонаў Пазьнякоў!

Масква — усё роўна, чырвоная, белая ці чорная — і праз «аўтаномію» зьнішчыла беларускую дзяржаўнасьць, зьнішчыла беларускую нацыянальную эліту, зьнішчыла разумных земляробаў, прадпрыемнікаў, каб трымаць беларускую нацыю ў цемнаце, жабрацтве ды каб наагул зьменшыць лік беларускага племя, падрад, каго папала штоночы вывозіла ў Курапаты, Чалюскінскія паркі... Савецкі расейскі рэжым дзясяткамі гадоў чыніў генацыд над беларускім народам. А з тае часткі, што заставалася пры жыцьці, нялюдзкім тэрорам вымаў душу, нішчыў мову, культуру, ілжой хаваў ад народу ягоную гістарычную спадчыну. Інакш кажучы, поруч з генацыдам, чыніў сыстэматычна лінгвацыд, этнацыд — зьнішчаў у пень беларускі народ, нацыю.

А David R. Maroples кажа пра Беларусь: «Belarus: A Denationalized Nation». Amsterdam: Harward Academic Publishers, 1999. Xv. 139 pp+chronology, bibliography, index».

І Вы, спадару Б.Гарбач, хочаце, каб мы за ўсё гэта дарылі любоўю нашага зьнішчальніка. Скажаце, хто гэта «Мы»?! А гэта тыя, пра каго Янка Купала кажа:

«І душы із нас ня выняў ні маскаль, ні польскі пан».

Раіса Жук-Грышкевіч,
Таронта


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0