У пошуках продкаў беларусаў

Археалёгія Беларусі: у 4 т. Т. 2. Жалезны век і раньняе сярэднявечча ( А.Егарэйчанка, В.Шадыра, В.Вяргей ды інш.; пад рэдакцыяй В.Шадыры, В.Вяргей. — Менск: «Беларуская навука», 1999. 502 с.: іл. ISBN 985-08-0089-5.

 

Другі том новай «Археалёгіі Беларусі» мусіць зьмяніць ва ўжытку расейскамоўныя «Очерки по археологии Белоруссии» (2-ю палову 1-й часткі) з далёкага 1970 году. Посьпехі нашае археалёгіі відавочныя, прынамсі, тэкст вырас у памерах у 4 разы. А калі ўзяць ня толькі памеры?

У кнізе 1999 году ў параўнаньні з папярэдняй вылучаны некалькі новых культур у дадатак да ўсім вядомых (мілаградзкай, зарубінецкай, штрыхаванай керамікі ды інш.) Вось, зьявіўся разьдзел пра вяльбарскую культуру. Яе вельмі не любілі раней, імкнуліся не заўважаць. На Берасьцейшчыне ёсьць некалькі магільнікаў і паселішчаў носьбітаў гэтае культуры — германскіх плямёнаў готаў і гепідаў, калі яны йшлі зь берагоў халоднай Балтыкі да цёплага Чорнага мора і па дарозе завіталі ў Заходняе Палесьсе. Сьцьвярджаецца нават, што сьляды вяльбарскага насельніцтва (чытай — германцаў) захаваліся ў этнаніміі заходняга Палесься — гэта пра мясцовы назоў «гідуны». Аўтары кнігі чамусьці не прыгадалі назву беларусаў з боку літоўцаў — «гуды», здаецца, таксама ад «готаў».

Зьявіліся разьдзелы пра славянскія культуры кшталту Прагі-Карчака (у кнізе чамусьці «тыпу Прагі-Карчак») і тыпу Лукі-Райкавецкай, раней для іх не было агульнапрынятых назваў. «Позьні этап зарубінецкай культуры» перахрысьцілі ў звычайную цяпер «кіеўскую культуру». Вылучаны і акрэсьлены банцараўская і калочынская культуры. Не пашанцавала ў кнізе «грунтавым магільнікам тыпу Нача» (трэба «Начы»). Гэтыя загадкавыя для недасьведчаных аб’екты тройчы мімаходзь успамінаюцца ў тэксьце, а вось іх характарыстыка некуды зьнікла. Вылучэньня гэтай культуры мы пакуль не дачакаліся. Пачакаем яшчэ. Некалькі разоў упамінаецца славянска-роменска-боршчаўская культура VІІІ—Х ст. Асобнага разьдзелу пра яе няма, але ж яе матэрыялы сустракаюцца, можа, на палове тэрыторыі Беларусі. Ці гэтая культура будзе схарактарызаваная ў наступным томе «Археалёгіі Беларусі», прысьвечаным позьняму сярэднявеччу?

Дарэчы, у гэтым томе мы маем справу з новай археаягічна-гістарычнай пэрыядызацыяй нашае мінуўшчыны. Ад ХІІІ—ХІІ ст. да Н.Х. і да IV—V ст. па Н.Х. — гэта для аўтараў жалезны век, ад V—VІ ст. да VІІІ—ІХ ст. — гэта раньняе сярэднявечча. Як бачна, аўтары пачынаюць ад зьяўленьня жалеза на нашых землях і даводзяць да зьяўленьня першых вядомых у нас княстваў. Гэтыя дзьве даты абапіраюцца на мясцовы матэрыял. Прамежкавая дата — гэта эўрапейская дата сканчэньня антычнасьці і пачатку сярэдніх вякоў (476 год — канец Рымскае імпэрыі). Чаго вартая такая пэрыядызацыя, пакажа наступная дыскусія.

Эпоха жалезнага веку адметная перш за ўсё, канечне, зьяўленьнем самога жалеза, якое літаральна перавярнула сьвет. Мы самі яшчэ працягваем жыць у жалезным веку, як жартуюць археолягі. Нездарма аўтары пачынаюць гэты том нарысам пра мэталюргію жалеза. Але жалезны век цікавы і тым, што тады зьявіліся рэальныя зьвесткі пра этнічныя супольнасьці, што дайшлі да нашага часу, — балтаў і славянаў. Тэма этнічнае гісторыі заняла прыкметнае месца на старонках тому.

Жалезны век тым і адметны, што ў дачыненьні да яго можна гаварыць пра этнічную прыналежнасьць археалягічных культур. Да яго этнічная гісторыя вельмі цьмяная. Але і ў жалезным веку ня ўсё яшчэ зразумела. Пра мілаградзкую культуру (яе носьбітаў лічылі і славянамі, і балтамі) у кнізе зробленая выснова: «Трэба прызнаць «нацыянальнасьць» носьбітаў мілаградзкай культуры цалкам загадкаваю». Далей: «Пытаньне аб этнічнай прыналежнасьці носьбітаў зарубінецкай культуры застаецца адкрытым». Толькі ў дачыненьні да культуры штрыхаванай керамікі ды днепра-дзьвінскай культуры робяцца пэўныя высновы пра этнічную прыналежнасьць іх носьбітаў. Такім чынам, Беларусь усё ж была ў большасьці балцкай. Што вынікае з гэтага, пазначана на апошняй старонцы кнігі, так мовіць, у квінтэсэнцыі таго, чым цікавы для нас жалезны век: «Менавіта балцкі субстрат стаў тым фактарам, які вызначыў фармаваньне беларускага народу».

Кніга ў пэўнай меры адлюстравала ўмельства беларускіх археолягаў весьці пошукі вытокаў археалягічных культур. Гэта праблема з найважнейшых. І што бачым? Нічога новага не сказана пра паходжаньне мілаградзкай, зарубінецкай дый большасьці іншых культур. Яскравы штрых: пра паходжаньне культуры тыпу Прагі-Карчака выкладзены пункты гледжаньня двух напрамкаў — украінскага і расейскага (этнічны момант у кнізе нават падкрэсьлены). А свой, беларускі, погляд? Ці не адзіны А.Мядзьведзеў выказаў менавіта сваю думку пра паходжаньне культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Ці не таму, што дасьледчык яшчэ адносна малады і не баіцца памыліцца? Здаецца, справа і ва ўпэўненасьці ў сіле сваіх аргумэнтаў. Абцяжараны агульным прызнаньнем Г.Штыхаў таксама высунуў уласны погляд на паходжаньне так званых доўгіх курганоў — яны, напэўна, зарадзіліся ў Беларусі. Сярод істотных недахопаў трэба адзначыць, што тры мапы мілаградзкай культуры даволі значна розьняцца адна ад адной. Разьдзел пра днепра-дзьвінскую культуру ня мае нарысу гістарыяграфіі.

Прыемна бачыць у «гуманітарнай» кнізе рэзюмэ на ангельскай мове. Зьдзіўляе рэзюмэ па-расейску. Здаецца, гэта ці не адзіны выпадак у выданьнях з апошніх гадоў.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0