АБ МЯСТОХ КРЫВІЦКІХ ПРАЎДА...

 

Дасьледаваньне старадаўніх і малавядомых старонак айчыннае гісторыі па-ранейшаму выклікае цікавасьць у шырокіх колах спэцыялістаў і аматараў. Сьведчаньне гэтаму — шырокі розгалас на нашае дасьледаваньне «Аб мястох крывіцкіх праўда...»

Для ўсіх зацікаўленых мы паведамляем, што аўтэнтычныя беларускія дасьледзіны айчыннай тапанімікі працягваюцца. Вось вэрсіі новыя.

 

БАБРУЙСК

Кажуць, што назва гораду ідзе здавён. Аднак найноўшыя дасьледаваньні даказваюць, што слова «Бабруйск» мае досыць нядаўняе паходжаньне.

Зараз ужо можна лічыць даказаным фактам, што назва гораду йдзе ад таго моманту, як сюды завітаў маляр з Бабру Алесь Пушкін. Ён хадзіў па горадзе й зьдзіўляўся:

— Глянь ты, царква як у нас, у Бабры! І людзі як у Бабры! Бач ты, і хаты як у Бабры! А можа, я ў Бабры?

Ня ў змозе вызначыць месца свайго знаходжаньня пасьля чарговага гэпэнінгу, Алесь Пушкін злавіў абарыгена:

— А скажэце мне, калі ласка, ці я не ў Бабры?

Тубыльцам так спадабаўся анэкдот, што яны й горад перайменавалі ў Бабруйск.

 

ПІНСК, БЕРАСЬЦЕ

Узяцца за этымалёгію назвы Пінску было нялёгка. Каб чытачам была больш уцямнай хада дасьледніцкіх развагаў, мы падаем ніжэй дыялёг аўтараў.

— Скажыце, шаноўны калега, што вы ведаеце пра назоў Пінску?

— Ну як жа! Пінск спрадвеку называўся Пенскам, як Мінск — Менскам.

— Няўжо? А што, ён узьнік на месцы, дзе было шмат пнёў? Ці ягоныя жыхары былі... інтэлектуаламі?

— Што вы, што вы, шаноўны калега! Пенск названы ад марской пены, якая падала з хваляў на тутэйшыя марскія берагі.

— Адкуль там марскія берагі, на Палесьсі?

— А Герадотава мора? Ці вы, калега, нічога ня чулі пра яго? Яшчэ ж наш клясык...

— Каторы?

— Купала... Дык вось, яшчэ ён казаў, што нашае мора ворагі закідалі гразюкай. Вось і атрымалася Пінскае балота. Дарэчы, з тым самым Герадотавым морам злучаны й назоў Берасьця. У сапраўднасьці горад называўся Берагсьце, бо мясьціўся на марскім беразе. Аднак літара «г» зь цягам часу выпала. Ну, ня мне ж вам тлумачыць законы мовы...

 

ВАЛОЖЫН, РАКАЎ, ЛАГОЙСК

Легенду пра беларускую Пасыфаю праз стагодзьдзі пранесьлі жыхары Валожына. На падставе яе навукоўцы атаесамляюць тутэйшых жыхароў з нашчадкамі слыннае крыта-мікенскае цывілізацыі. Праўда, самі абарыгены ня лічаць сябе нашчадкамі быка. Пардон, вала. Вядома, якія ж у вала нашчадкі?..

Сур’ёзныя гісторыка-этымалягічныя досьледы пацьвярджаюць слушнасьць гэтае тэорыі. Нездарма ж недалёка Валожыну месьцяцца Лагойск, дзе палягалі вол з тутэйшай Пасыфаяй, і Ракаў, дзе... пардон, пардон...

 

ДУБРОЎНА

Гэтае мястэчка спрадвеку славілася кемнасьцяй сваіх жыхароў. Навакольнае насельніцтва так і называла іх — ду... ду... Думаньнікі, словам.

Праўда, спаміж некаторых навукоўцаў мае папулярнасьць вэрсія, што ў Дуброўне ад даўна гналі адмысловы мясцовы пяршак — дуброўку. Гэты трунак, маўляў, і даў назоў гораду.

 

ПОЛАЦАК

Тут усё ясна. Горад назвалі ў гонар прозьвішчаў славутых ягоных ураджэнцаў — Эўфрасіньні Полацкай і Сімяона Полацкага.

 

БАРЫСАЎ

Назоў гэтага гораду дагэтуль ёсьць загадкай для шматлікіх дасьледчыкаў. Якога менавіта Барыса ўшаноўвалі продкі? Варыянтаў процьма.

Каб пазьбегнуць непатрэбнае блытаніны й ня надта ўводзіць спэцыялістаў у звады, была прынятая пастанова пра перайменаваньне гораду. Ініцыятыва была адразу ж падтрыманая шырокімі масамі. «Белы легіён», «Край» і Беларуская партыя Сержука... (даруйце — Свабоды) прапанавалі новую назву — Рагулёўск, а ў гонар гэтага — яшчэ й новы гатунак піва «Рагулёўскае». Сп. Э.Тарлецкі выказаў меркаваньне, што яго арганізацыя падтрымае назоў Майсееўск. А з амбасады аднае суседняе краіны (якой канкрэтна — пакуль таямніца) прыйшло пажаданьне, каб гораду надалі імя Ельцынск.

Камісія па перайменаваньні працягвае прымаць прапановы да 1 красавіка бягучага году.

Спрэс Маркальскі, Жбан Няўмера


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0