«Правінцыя» зьбірае сілы

 

Літаратурны сэмінар «Бязьмежжа» амаль штогод ладзіцца на Беласточчыне ў мястэчку Гайнаўка. Склікае яго Беларускі саюз у Польшчы. На сэмінарах абавязкова закладаюцца новыя выдавецкія праекты. Вынік папярэдніх сустрэч — кнігі Алеся Разанава «Zdobywcy» і Адама Глёбуса «Demonokameron» — па-польску.

Падчас чацьвертага «Бязьмежжа», якое адбывался 25—27 лютага, прэзэнтаваўся зборнік прозы Васіля Быкава «Сьцяна». Выдаўцом і тэхнічным рэдактарам кнігі выступіў Аляксандар Максімюк, а пераклалі тэксты на польскую Ян Максімюк і Чэслаў Сэнюх. Адбылася на сёлетнім «Бязьмежжы» і яшчэ адна прэзэнтацыя — кнігі выбранага паэткі Надзеі Артымовіч «Адплывае спакойнае неба». Зборнік выйшаў да адмысловага юбілею — трыццаць гадоў таму спн.Артымовіч упершыню пабачыла свой верш надрукаваным у беластоцкай «Ніве».

Не абышлося і без агучваньня чарговай ініцыятывы. Гэтым разам удзельнікі сэмінару абмеркавалі доўгатэрміновы праект: літаратурны часопіс, мэта якога — спрыяць літаратурнаму і культурнаму жыцьцю ў памежных этнічнабеларускіх рэгіёнах, у тым ліку на Віленшчыне, Смаленшчыне і Пскоўшчыне. Мяркуецца, што часопіс «Правінцыя» стане адным з самых шыкоўных беларускамоўных выданьняў — вялікага фармату, з каляровым друкам, на тарашкевіцы. У «Правінцыі» можна будзе прачытаць мастацкія творы, літаратура- і мастацтвазнаўчыя матар’ялы, інтэрвію зь дзеячамі культуры, расповеды пра жыцьцё глыбінкі. Рэдактарам выданьня прызначаны Аляксандар Максімюк, стыль-рэдактарам — Сяргей Шупа. Напачатку траўня зьбярэцца рэдкалегія часопіса і сфармуе першы нумар. Плянуецца, што пакуль «Правінцыя» будзе выходзіць як квартальнік.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0