Паштовая скрынка
Алесю С. з Воршы. На тэму БНФ і КГБ «Наша Ніва» пісала ня раз. Аднак, аналізуючы перадгісторыю і ролю чэкістаў у нядаўнім расколе Фронту, трэба кожную зьвестку і кожную выснову падмацоўваць конкрэтнымі фактамі, прозьвішчамі і датамі. Інакш артыкул больш падобны да апавяданьня. Дапрацуйце, калі ласка. Праўды зашмат не бывае.
Міхалу Шмерлінгу, Сяргею Пруднікаву, Міхасю Цыбульскаму, Андрэю Захаранку, Івану Чапеку, Алесю Крыштаповічу, Цімоху Ізотаву. Калі ласка, зьвярніцеся ў рэдакцыю па ганарар або дашліце свае поўныя паштовыя адрасы і імёны па бацьку, каб мы маглі пераказаць ганарар поштаю.
Янку Ц. зь Менску. Сьмеючыся, мы ачышчаемся. А ці чыталі Вы «Аб багох крывіцкіх праўда» Сяргея Хмары (Сяргея Сіняка)? Пачытайце, калі ласка, гэтую брашурку — яна ёсьць у беларускай залі Нацыянальнай бібліятэкі. Наконт адстаўкі Дэніэла Спэкгарда: мы не памыляліся.
Пятру К. з-пад Берасьця. Адрас рэдакцыі «Нашай Свабоды»: Менск 220123, а/с 103.
С. зь Віцебску. Калі ў нас стане яшчэ прыкладна на 700 падпісчыкаў болей, мы зможам перайсьці на 16 старонак штотыднёва.
Сержуку К. з Гомеля. Вечарына вечарынай, але ці было на ёй што нязвыклае, чаго не было ў іншых гарадах на іншых вечарынах?