БТ вачыма беларуса

Гавары, ды не загаворвайся!

 

У чацьвер у «Кроку-2», прысьвечаным беларускаму кінэматографу, удзельнічаў Юры Хашчавацкі. Крамольнага нічога не казаў, пра свайго «Звычайнага прэзыдэнта» ня згадваў. Але ўжо на наступны дзень, у пятніцу, вядучаму «Кроку» Яраславу Беклямішаву прад’явілі загад аб ягоным звальненьні з БТ. Прысутнасьць у жывым эфіры Хашчавацкага стала апошняй кропляй цярпеньня кіраўніцтва. Добра далася яму ў знакі яшчэ праграма з удзелам журналістаў недзяржаўных СМІ. Тады афіцыйна прэтэнзіі выказваліся да слабой падрыхтоўкі эфіру і працы вядучых з аўдыторыяй, а прыватна Беклямішаву параілі больш так не рабіць.

У тую ж пятніцу ў АТН госьцем «Падзеі» быў старшыня Ўсебеларускага клюбу выбарцаў Уладзімер Гудзееў. Ягоная гутарка зь вядучым Мялешкам яскрава ілюстравала прымаўку «ты яму пра абразы, а ён табе пра гарбузы». Бедны сп.Гудзееў раз за разам вымушаны быў даводзіць вядучаму свае думкі: што перамовы былі праваленыя не апазыцыяй, што «радыкальнай апазыцыю робіць улада», што «ёсьць частка людзей, якая не прымае апазыцыю, але іншая частка людзей не прымае ўлады». Паўтараў пару разоў: «Я ня стаў бы казаць, што нехта страціў давер. Калі будуць сапраўды свабодныя выбары, усе змогуць свабодна выказвацца, тады й пабачым». А Мялешка яму ўсё адно: «Вам не падаецца, што некаторыя з радыкалаў страцілі давер і ня пойдуць на канструктывізм?» Гудзееў: «Я ня стаў бы казаць, што нехта страціў давер», а той яму зноў: «Вам не падаецца, што яны страцілі давер і ня пойдуць на канструктывізм?» І так усю праграму. Такі грамадзкі дыялёг.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0