Важнасьць аднаго дня

На Ўсходзе незадавальненьне выказваюць на кухнях, на Захадзе — на вуліцах. Папулярызатарам «эўрапейскасьці» варта захаваць здымкі, зробленыя на менскіх акцыях пратэсту другой паловы 90-х. На дэманстрацыях — не на мітынгах, а ў руху — Менск у сораме і нянавісьці рабіўся сталіцаю Беларусі.

 

Хапун (слова 90-х) на плошчы Свабоды, прабіты дубіналам (або інтэгратарам — таксама слова 90-х) абраз Маці Божай Чарнобыльскай работы Алеся Марачкіна, 200 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, інтэрнаваных на Акрэсьціна ў красавіку 1996 году, каб Чарнобыльскі Шлях не перайшоў у рэвалюцыю 1 траўня, «Дарагія мае масквічы» Касі Камоцкай, «Мы партызаны, лясныя браты» Лявона Вольскага, касманаўты ў блакітных камбінэзонах. А лёзунгі, што ўвойдуць у падручнікі беларускай паэзіі: спачатку «луку на муку», пасьля «радзіма, свабода, далоў луку-урода». Жывая гісторыя.

Чаго мы гэтым дабіліся? Зразумелі, што індывідуалізм не выключае салідарнасьці і мабілізацыі, тады як славуты калектывізм іх якраз не прадугледжвае.

Мы стваралі самыя харошыя дні Менску ХХ стагодзьдзя. Па-над усім, па-над сымбалямі і выпрабаваньнямі, гістарычныя дэманстрацыі другой паловы 90-х былі найперш выключнымі праявамі прыгажосьці. Хочацца пераглядаць і пераглядаць тыя фотаздымкі.

Нічым гісторыя так не даражыць, як хараством. І хараство стваралі мы.

Чакаючы чарговага Маршу, разумееш важнасьць аднога-адненькага дня. Як шмат можа вырашыць проста дождж або проста сонца. Проста намаганьне аднаго чалавека.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0