Каляндар

 

15 сакавіка 1850 г. нарадзіўся Войслаў (Вайніслаў) Савіч-Заблоцкі, паэт, перакладчык, публіцыст і авантурыст (адзін зь ягоных псэўданімаў — Гаўрыла Полацкі). Войслаў Савіч-Заблоцкі паходзіў з заможнай панскай сям’і на Мёршчыне. Бацькі і сваякі былі занятыя асабістымі спрэчкамі, што тычыліся перадзелу маёмасьці, таму хлопец думаў пра сябе сам. Скончыў Віленскую гімназію, у якасьці вольнага слухача наведваў лекцыі ва ўнівэрсытэтах Ляйпцыга, Прагі, Страсбургу. Стварыў у Пецярбургу таварыства «Крывіцкі вазок». У 1873 г. у «Весьніку Эўропы» былі надрукаваныя тры ягоныя лірычныя вершы, да якіх дадаваўся артыкул, у якім казалася пра старажытнасьць беларускай мовы і даказвалася неабходнасьць ейнай літаратурнай распрацоўкі. Публіцыстыка і праца ў жанры сатыры прывялі да таго, што ў 1875 г. Савіч-Заблоцкі вымушаны быў пакінуць Расейскую імпэрыю. Жыў у Францыі, Швэцыі, Нямеччыне, Аўстра-Вугоршчыне, Эгіпце, супрацоўнічаў з тамтэйшымі пэрыядычнымі выданьнямі. Грошаў катастрафічна бракавала, хапаўся за любую журналісцкую працу, але заўжды знаходзіў час для літаратурных і гістарычных твораў на беларускую тэматыку. У 1887 г. Савіч-Заблоцкі жыў у Брусэлі, дзе сутыкнуўся з страшэннай беднасьцю, цярпеньню прыйшоў канец, і ён зьвярнуўся да царскага ўраду, каб дазволілі вярнуцца на Радзіму. Савіч-Заблоцкі вярнуўся ў Беларусь, але так і ня змог уладкаваць сваё жыцьцё.

 

16 сакавіка 1900 г. у Маскве нарадзіўся кінарэжысэр Уладзімер Корш-Саблін, творчасьць якога неразрыўна зьвязаная зь Беларусяй. Працу ў кінематографе пачаў у 1926 г, працуючы разам зь Юр’ем Тарычам. Корш-Саблін зьняў першы гукавы беларускі фільм «Першы ўзвод» (1933). Фільмы, зьнятыя пры канцы 20-х і на пачатку 30-х г. адлюстроўвалі тыповае тагачаснае савецкае жыцьцё зь ягонымі праблемамі, турботамі. Напрыклад у фільме «Залатыя агні» распавядаецца пра будаўніцтва першай у Беларусі электрастанцыі, і разам з тым выразны падзел герояў на сьвядомых і несьвядомых, «чэсных і нячэсных». Да таго ж у сюжэт фільма арганічна ўплеценая модная на той час тэма шкодніцтва. Уладзімер Корш-Саблін зьяўляецца аўтарам фільмаў «Чырвонае лісьце», «Масква-Генуя», «Канстанцін Заслонаў», «Першыя выпрабаваньні» (апошні фільм па матывах трылёгіі «На ростанях» Якуба Коласа). Фільм за фільмам рэжысэр удасканальваў сваё майстэрства ў рамках сацыялістычнага рэалізму.

 

19 сакавіка 1800 г. на Антокалі ў Вільні нарадзіўся Восіп Сянкоўскі, чалавек надзвычай цікавага лёсу. Вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, дзе пад уплывам Лялевеля, Сьнядэцкага, Гродэка захапіўся гісторыяй і арыенталістыкай. У дваццацігадовым веку Восіп Сянкоўскі зьдзейсьніў падарожжа на Блізкі Усход (Турцыя, Эгіпэт, Сырыя). Ведаў некалькі моваў: ангельскую, арабскую, баскскую, ісьляндзкую, італьянскую, нямецкую, турэцкую, фарсі, францускую. У 1822 г. заняў пасаду выкладчыка на катэдры арабскай і турэцкай славеснасьці ў Пецярбурскім унівэрсытэце, і ягоныя лекцыі карысталіся нечуваным посьпехам. Аднак потым адышоў ад выкладчыцкай дзейнасьці і заняўся журналістыкай, зблізіўся з Булгарынам і Грэчам, працуючы ў часопісе «Паўночная пчала», пісаў аповесьці, раманы пад псэўданімам Барон Брамбэўс. Сянкоўскі заснаваў часопіс «Бібліятэка для чытаньня», стаўся першым выдаўцом у Расеі, хто ўвёў цьвёрдую пааркушную аплату за працу. У 50-х гадах, пры канцы жыцьця, Сянкоўскі нечакана пакінуў журналістыку і заняўся астраноміяй, музыкай і зусім кволай тады яшчэ фатаграфіяй.

 

20 сакавіка 1925 г. памёр былы міністар замежных справаў Брытаніі, лорд Керзан. На Парыскай мірнай канфэрэнцыі ў 1919 г. ён прапанаваў усталяваць часовую мяжу Польшчы (атрымала назву Лінія Керзана). Згодна зь ёй мяжа Польшчы мусіла праходзіць на захад ад Горадні і Брэст-Літоўску (па лініі Ломжа—Міжрэчча-Падляскае—Владава) і далей на поўдзень. Улетку 1920 г., падчас наступу савецкіх войскаў на Варшаву лорд Керзан выступіў зь ініцыятывай мірнага урэгуляваньня канфлікту. Згодна зь ягонай прапановай бальшавіцкія войскі мусілі спыніцца за 50 км ад лініі Керзана, а польскі ўрад мусіў прызнаць яе за сваю ўсходнюю мяжу, тым самым канфлікт мусіў быць вычарпаны. Але савецкі ўрад бачыў сябе ўжо як мінімум у Варшаве, а палякі марылі вярнуць сабе беларускія землі, таму ні адзін, ні другі бок не захацеў прызнаваць ініцыятываў ангельскага міністра. Пры вызваленьні ад немцаў савецкімі войскамі тэрыторыі Польшчы ў 1944—45 г. мяжа была «скарэктаваная» на карысьць палякаў (тагачаснага камуністычнага ўраду), каб ня крыўдзіліся.

 

У 1000 г., скандынаўскія вікінгі на сваіх дракарах дабіраюцца да Амэрыкі, тым самым зрабіўшы гэта на 492 г. раней за Хрыстафора Калюмба. Адкрыцьцё суровых паўночных хлопцаў пад кіраўніцтвам Эрыка Рудага было забыта, і першаадкрывальнікам Амэрыкі лічаць усё ж Калюмба. Ягонае імя ёсьць паўсюль на мапе Амэрыкі: Брытанская Калюмбія, Калюмбус, краіна Калюмбія. Затое наш Тадэвуш Касьцюшка, родам з косаўскай Мерачоўшчыны, нічога не адкрываў, а ягоным імем названа самая высокая кропка Аўстраліі!

 

У 1900 г. амэрыканскі вынаходнік Браўнінг стварыў рэвальвэр. Рэвальвер хутка ўвайшоў ва ўжытак і стаў шырока распаўсюджаны. Асаблівай папулярнасьцю ён карыстаўся ў бальшавікоў пад час рэвалюцыі, грамадзянскай вайны і ў Курапатах.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0