Навіны

 

Новы Паўлаў

Менску Лукашэнка выдзяліў новага «мэра» — Міхала Паўлава, які раней кіраваў Баранавіцкім гарвыканкамам. За пашпартам — беларус, родам з Магілёўшчыны. Кандыдат тэхнічных навук, 1952 году нараджэньня. Нічым не вядомы, біяграфія савецкая. Быў некалі адзін Паўлаў у гісторыі, што беларушчыну еў поедам — Савелій, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу ЦК КПБ-КПСС.

 

Газэта мястэчка Германавічы

Упершыню на Віцебшчыне газэту пачаў выдаваць негарадзкі жыхар. Дакладней, жыхарка мястэчка Германавічы пад Шаркоўшчынай Ада Райчонак, кіраўніца мясцовага асьветніцкага цэнтру імя Драздовіча. Газэта называецца «Бацькаўшчына», выходзіцьме раз на месяц. Гэтая жанчына стварыла ўжо, апроч цэнтру й газэты, музэй Драздовіча ў суседнім мястэчку Лужкі — мы пра гэта летась пісалі. Яна цяпер марыць пра заснаваньне тутсама музэю стваральніка сучаснай габрэйскай мовы — Элі Пэрэльмана (Бэн-Ягуды).

 

Прыватныя дактары

За апошнія чатыры гады Міністэрства аховы здароўя выдала больш за 2 тысячы ліцэнзіяў на прыватную мэдычную практыку. Калі раней ліцэнзіі выдаваліся збольшага дантыстам, дык цяпер — амаль усім спэцыялістам, апроч вэнэролягаў і анколягаў. Прыватны мэдычны сэктар бурна расьце, нягледзячы на шалёныя падаткі. Гэтак, у Менску адкрылі першую прыватную касмэталягічную хірургічную клініку, а многія невялікія фірмы рыхтуюць адкрыцьцё прыватных стацыянараў.

 

Конкурс школак

Конкурс на лепшыя вясковыя школкі, які праводзіла ТБМ, закончыўся пазаўчора ўручэньнем прызоў. 19 школам прысудзілі трэцяе месца, 25 — другое, а 6 — першае. Перамаглі школа-садок у Мётчы пад Барысавам, школа ў Залужжы, што пад Стоўпцамі, у Германавічах, што пад Шаркоўшчынай, Мачульская базавая з-пад Століна, Дабрынская з-пад Ельску і Бердаўская з-пад Ліды — гэтыя школы самыя патрыятычныя. Ад фундатараў — прафкаму заводу «Атлянт», фірмы «Кампутары і пэрыфэрыя», Белбізнэсбанку і прафкаму НВА «Транстэхсэрвіс» — школам далі фотаапараты, відэаплэеры, музычныя цэнтры.

Конкурс быў арганізаваны, каб запярэчыць тэндэнцыі русіфікацыі вясковых школаў. Паводле зьвестак Алеся Лозкі, які ўзначальваў журы конкурсу, летась на расейскую мову перавялі 27 школаў у вёсцы, пазалетась — 32, у 1997 годзе — 55 вясковых (з 59 усіх пераведзеных на расейскую ў краіне за год), у 1995 — 91 (з 108). У гарадах амаль усё беларускае рэжым пазачыняў, цяпер надта ўзяўся за сёлы. Праўда, дзеля асаблівасьцяў дэмаграфічнай крывой у розных рэгіёнах краіны, усяго ў беларускія першыя клясы летась пайшло нават больш дзяцей — 29,3% дзяцей проці 28,7% у 1997 годзе. У Менску, праўда, усё змрачней — 4,3% проці 7,3% пазалетась.

Галоўная ж праблема цяпер у тым, што і ў беларускіх школах пануе расейская мова і ў таварышаваньні, і ў навучаньні.

Барыс Тумар

 

Менш ямо

НДІ працы правёў апытаньне пра тое, як людзі харчуюцца. 65% апытаных паскардзіліся, што сталі харчавацца горш апошнім часам, і толькі 2% — лепш, піша БелаПАН. 96% усіх апытаных быццам бы не адкладваюць грошай на будучыню зусім, жывуць толькі абы дзень да вечара. Зьвесткі настолькі сумныя, што аж ня верыцца ў слушнасьць апытаньня.

Б.Т.

 

Свабода і крадзёж

У Баранавічах, пакуль мясцовая міліцыя рыхтавалася да Маршу Свабоды, ля самага гарвыканкаму адбыўся крадзёж. З помніка 9 загінулым воінам-інтэрнацыяналістам скралі скульптуру. Помнік уяўляе сабой двухмэтровую каменную глыбу, пасечаную кулявымі адтулінамі, наверсе якой знаходзілася невялікая скульптурка савецкага салдата, што падаў, падстрэлены душманскай куляй. Выява інтэрнацыяналіста была бронзавай і важыла каля 15 кг.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Віцебскі марш

Акцыі ў падрымку «Маршу Свабоды» прайшлі і ў іншых гарадох Беларусі. У Віцебску шэсьце прайшло ад Ратушнай плошчы да плошчы Леніна. У ім узялі ўдзел каля трохсот чалавек з розных раёнаў вобласьці. На плошчы Леніна адбыўся мітынг, на якім выступілі прадстаўнікі дэмакратычных колаў. Напярэдадні «Маршу», 12 сакавіка, пры раздачы запрашэньняў на яго, ля супэрмаркету «Амега» затрымалі маладафронтаўца Юрася Землякова. Нягледзячы на тлумачэньні, што «Марш» дазволены гарвыканкамам, міліцыянты Першамайскага РАУС завялі хлопца ў пастарунак і склалі пратакол. Бацькі хлопца накіравалі ў абласную пракуратуру скаргу пра незаконнае затрыманьне. Юрася ўжо затрымлівалі ў сярэдзіне лютага за напісаньне патрыятычных графіці на сьценах алейнага заводу.

Б.Т.

 

Заганяюць у калгас

Пара жыхароў вёскі Белькаўшчына, што на Дрысеншчыне, вымушаныя зноўку ўступіць у тутэйшы калгас «Усход» пад пагрозай высяленьня з хатаў. Шмат гадоў таму, быўшы калгасьнікамі, яны атрымалі ад гаспадаркі жытло, а тады павыходзілі з калгасу. Цяпер калгас падаў у суд на «аднаасобнікаў» з патрабаваньнем павысяляць іх з занятых службовых памяшканьняў. Што атрыманае жытло — службовае, вяскоўцы даведаліся толькі цяпер, — піша ў сваім бюлетэні Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў. Старшыня калгасу кажа адназначна: «Ці вяртайцеся працаваць у калгас, ці вызваляйце кватэры».

Сытуацыя, на жаль, знаёмая ці ня ў кожным беларускім калгасе, бо гэта ж і ёсьць сучасны прыгон — жыльлём трымаць церазь сілу.

Б.Т.

 

Па законах подласьці

Судзьдзя Марыя Фёдарава апраўдала выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва», што выпусьціла з друку антысэміцкую кніжку «Вайна па законах подласьці». Матэрыялы, якія ўтрымлівае выданьне, яна палічыла зьвесткамі, «што носяць навуковы характар і мусяць ацэньвацца Акадэміяй Навук». Прадстаўнікі жыдоўскай грамады з гэтым не пагадзіліся. «Зь якога гэта часу адкрыты заклік «Бі жыдоў, ратуй Расею» займеў навуковы характар?» — проста ў залі суду абураўся Міхаіл Бурштэйн, старшыня Саюзу габрэйскіх вэтэранаў і інвалідаў вайны, аднаго са спазышчыкаў. «Мы спадзяемся, што гэтае рашэньне было навязанае зьверху, а не прынятае паводле сумленьня судзьдзі», — зазначыў сп.Бурштэйн. «Дырэктар «Праваслаўнай ініцыятывы» Чартовіч сказаў мне, што і мітрапаліт Філарэт паганіў выдавецтва за кнігу. Чаму ж тады не забараніў яе выдаваць?» — зьдзіўляецца сп.Бурштэйн. Жыдоўскія арганізацыі маюць намер абскардзіць рашэньне судзьдзі.

На судзе прысутнічалі пяцёра фашыстаў з РНЕ, у формах са свастыкай на рукавах — стаялі ў калідоры, бо ў залі не ставала месца. Міліцыянты безь ніякага прапусьцілі іх. Вэтэран вайны, былая лётчыца Ганна Пятрова падышла да іх і стала ганіць, што яны носяць гэтую форму са стылізаванай свастыкай. «Гэта наша справа», — адказалі яны ёй. «Дык што, вы мо й забіваць нас будзеце, як фашысты?» — спыталася, жахнуўшыся, жанчына. «Сёньня — не, а неўзабаве — так», — адказалі ёй.

Спазышчыкі мяркуюць, што, значыць, адказчыкі тым ці іншым чынам зьвязаныя з РНЕ, раз нехта гэтых баевікоў паклікаў.

Барыс Тумар

 

Хрэст на свабоду

15сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у Пінску адбыўся суд па скарзе заснавальнікаў незалежнай газэты «Правінцыя» да гарвыканкаму, які адмовіў ім у «згодзе на разьмяшчэньне» рэдакцыі на тэрыторыі Пінску.

Яшчэ летась журналісты Хведар Сыцін і Пятро Цішук (былы намесьнік старшыні дэмакратычнага скліканьня гарсавету) разам са старшынём Пінскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага Камітэту Віктарам Ярашуком двойчы падавалі ў выканкам заяву з просьбай даць дазвол на разьмяшчэньне ў горадзе новага пэрыядычнага выданьня — газэты «Правінцыя». Абодва разы заснавальнікі атрымалі адмову, прычым патлумачылі яе чыноўнікі тым, што ў «Пінску цяпер выдаецца 7 пэрыядычных выданьняў агульным накладам больш за 48 тысячаў асобнікаў, і наяўнасьць такой колькасьці пэрыядычных выданьняў рознай накіраванасьці выканкам лічыць дастатковай дзеля інфармаваньня жыхароў гораду». На вэртыкаль не паўплываў нават Ганс-Георг Вік, які зацікавіўся канфліктам і накіраваў у Пінскі гарвыканкам ліст, у якім заклікаў мясцовыя ўлады не парушаць Канстытуцыі.

Тады заснавальнікі зьвярнуліся ў суд. На судзе заснавальнікі адзначылі, што Пінскі гарвыканкам ня можа вырашаць, колькі газэт патрэбна грамадзянам, і ня можа выконваць функцыі органу, які дазваляе ці не дазваляе існаваць сродкам масавай інфармацыі. А ўсе патрабаваньні выканкаму падаць дадатковыя паперы й даведкі цалкам незаконныя.

Суд так не палічыў. Судзьдзя Някрасаў пастанавіў пакінуць скаргу без разгляду з-за юрыдычных тонкасьцяў — заснавальнікі абскардзілі ў аблвыканкаме ліст службовай асобы, старшыні гарвыканкаму, а мусілі скардзіцца не на перапіску, а на само рашэньне выканкаму. Заснавальнікам параілі ізноў скардзіцца, але цяпер ужо правільна. Што яны і зьбіраюцца зрабіць. На відавочную абсурднасьць справы суд увагі не зьвярнуў.

Між тым, на адной з прэсавых канфэрэнцыяў старшыня гарвыканкаму Васіль Шуст сярод іншага сказаў, што газэту зарэгістраваць ня дасьць, бо «зразумела, чые замовы яна будзе выконваць».

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0