пазытывы

Да якой зоны?

 

У мінулую нядзелю тэлефануе мне начальнік і лаецца. Маўляў, чаго генэральную эканамічную падзею тыдня не асьвятляеш: указ №117, які супраць пасярэднікаў. Во, думаю, знайшоў сабе падзею. Указ гэны дзейнічаць пачне толькі з 1 ліпеня, і халера яго ведае, што яшчэ да той пары здарыцца. Да таго ж пераважная большасьць пасярэднікаў «Нашай Нівы» не чытае.

Карацей кажучы, ніякая гэта не эканамічная падзея, а наадварот, вельмі палітычная: фокус-марокус для малаадукаваных масаў выбарцаў. Няхай сабе бабулькі зь дзядулькамі і розныя працоўныя, едучы штодня прыгараднымі цягнікамі, думаюць, што іхныя грошы адабралі крывасмокі-пасярэднікі, а не БЧ (Беларуская чыгунка), што з 10 сакавіка беспасярэдне і ўдвая падняла кошт праезду адной зоны.

Во дзе процьма эканомікі. Аплата транспарту складае блізка чвэрці выдаткаў сямейнага бюджэту сярэдняга беларуса. Гэта пры тым, што транспартныя паслугі субсыдуюцца і датуюцца. Але славутым айчынным спажыўцам чаркі і скваркі гэтага мала: праезд на прыгарадных пасажырскіх маршрутах не аплочвае да 40% пасажыраў, без уліку ільготнікаў. Ускосная эканомія грамадзянаў праз усе згаданыя спосабы складае да 10% рэальных выдаткаў.

Прымусіўшы пасажыраў плаціць усё, што трэба, ураду прыйдзецца паклапаціцца пра грашовую дапамогу палове сем’яў шляхам, напрыклад, простага бюджэтнага датаваньня. А хто тыя грошы бюджэту дасьць?

Адна з найстаражытнейшых у сьвеце чыгунак? Не дачакаецеся! Бо доля пакрыцьця выдаткаў коштам уласных сродкаў мала дзе на ёй сягае за 1/3. А калі выдаткі не пакрываюцца, дык няма за што купляць г.зв. рухомы склад, проста кажучы — цягнікі. Зношанасьць асноўных фондаў на чыгунцы складае блізка 60%, а на асобных шэрагах лякаматываў дасягае і 100%. А зношанасьць абсталяваньня, раскрадзенага і занядбанага ў выніку славутага ў 70-я гады «беларускага экспэрымэнту на чыгунцы», калі скарацілі каля 12 тысячаў каляёвых абходчыкаў і гэткага кшталту пэрсанал іншых прафэсіяў, падвойваецца з-за агульнай недагледжанасьці нашай чыгункі.

Адказныя за перагляд тарыфаў дзяржаўныя мужы не пасьпяваюць іх пераглядаць дзеля імклівай інфляцыі.

Тым часам набліжаецца Дзень Волі і масавая пасадка бульбы. Паўмільёна гарадзкіх сем’яў, што маюць лецішчы і гароды, рыхтуюцца. Паўтара мільёна сем’яў, што маюць родзічаў на вёсцы, таксама рыхтуюцца. Чухаюць у патыліцах грамадзяне, бо для 40% зь іх незаўважная рыса галечы, за якой яны апынуліся з-за сваёй электаральнай актыўнасьці, з-за кошту квіткоў пачынае набываць выгляд рысы аселасьці.

Тым ня менш пасадка бульбы і гародніны адбудзецца пры любым надвор’і. Сэлектарнай нарады ніхто чакаць ня будзе. Кожны ўвапнецца ў электрычку і паедзе да свайго лапіка зямлі, дзесьці ў пятай зоне. Будзе ехаць і думаць пра тое, чаму хлеб робіцца цяжэйшы.

А калі многа людзей думаюць разам і побач, іх Бог заўважае.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0