Салідарнасьць з Чачэніяй

У пятніцу 15 фронтаўцаў наладзілі пікет салідарнасьці з Чачэніяй і перадалі пэтыцыю пратэсту ў расейскае пасольства, а ў суботу на Варвашэні, 8 Малады Фронт ладзіў «Грамадзкі працэс» над вайной у Чачэніі — «Барацьба за незалежнасьць і генацыд: праўда супраць хлусьні».

На слуханьні запрасілі журналістаў, вайскоўцаў і праваабаронцаў — у якасьці сьведкаў і экспэртаў. Таксама былі прысяжныя (паэт Артур Вольскі, галоўны рэдактар «Беларускай Маладзёжнай» Тацяна Мельнічук-Нічыпарук, палітык Вячаслаў Сіўчык і сьпявачка Кася Камоцкая), два супраціўныя бакі («расейскі» і «чачэнскі»), апытаньні і сьведчаньні. Бакі расказвалі пра міжнароднае заканадаўства пры вайсковых канфліктах, пра захопы закладнікаў, масавыя забойствы і фільтрацыйныя лягеры. Яўген Скочка прывёз з Масквы, з Камітэту салдацкіх мацярок, здымкі і прыводзіў сьведчаньні злачынстваў на вайне. Выступіла на працэсе і даўняя аўтарка «НН» Тацяна Сьнітко — яна рабіла рэпартажы з Паўночнага Каўказу ў часе першай чачэнскай кампаніі.

Вынікам працэсу стала аб’яўленьне Маладым Фронтам збору дапамогі ахвярам вайны. Гуманітарныя пасылкі маюць быць адпраўленыя ў лягеры чачэнскіх уцекачоў. Ахвярадаўцы могуць зьвяртацца на Варвашэні, 8.

P.S.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0