Лiтары на мурах

 

Палеалiт. Каменная пячора. Мурзатае дзiцяня выцягвае з вогнiшча вугельчык ды крэмзае на сьцяне жытла выяву маманта. Шкоднiка, вядома, пакараюць за псаваньне гранiтных «шпалераў», але факт застаецца фактам: у сьвеце зьявiлася першае графiцi.

Grapho па-грэцку значыць «пiшу». Сьцены старажытнага Рыму ды iншых гарадоў iмпэрыi былi спрэс пакрытыя надпiсамi, якiя пасьля дапамогуць лiнгвiстам дасьледаваць «вульгарную» гутарковую лаціну.

Графiцi — гэта перадусім слова, а не малюнак. Амэрыканскія графiтысты называюць сябе writеrs — пiсьменьнiкамi. Па сваёй сутнасьцi, графiцi нечым падобнае да рэклямнага шчыта. Але ня кожны надпiс добрыя знаўцы гэтага вулічнага мастацтва прызнаюць за сапраўднае графiцi. Тыя незразумелыя, зробленыя тлустым маркерам каракулi-значкi, што мы бачым на вулiцах Менску, гэта не графiцi, а толькi «ярлыкi». Iх робяць лайдакi цi пачаткоўцы, якiя сьпiсваюць усё навокал сваiм iмем цi псэўданiмам. Больш сталыя графiтысты вялiкую ўвагу надаюць у першую чаргу стылю свайго твору.

Цi можна назваць графiцi творам? Замежнiкі скажуць, што надпiсы на сьценах выклiкаюць пачуцьцё трывогi: «за кардонам» звыклiся, што графiцi найчасьцей зьяўляюцца ў небясьпечных раёнах.

Менчукоў графiцi не пужаюць, а цiкавяць. Тутэйшыя бандыты сваю тэрыторыю надпiсамi адзначаюць рэдка, а таму беларускiя графiцi — гэта цi сродак выказваньня думкi, цi твор мастацтва, цi звычайнае шкоднiцтва, а часьцей — усё разам.

Графiтысты звычайна выходзяць на справу ноччу. Дома робiцца невялiкi накiд на паперчыне, каб потым перанесьцi задуму на сьцяну. Графiтысты самi робяць адмысловыя насадкi на балёнчыкi з фарбай, каб атрымлiваць рысы рознай шырынi ды зрабiць адметным свой стыль. Графiтыст апранае маску, але не для таго, каб застацца iнкогнiта: выпарэньнi фарбы здароўя зусiм не дадаюць. Ходзяць показкi, што некаторыя асаблiва апантаныя «пiсакi», чысьцячы пасьля працы нос, не заўважаюць у насоўцы нiчога, акрамя нiтраэмалi.

Дзяржава ня любiць графiцi — iх колеры псуюць звыклы выгляд гарадоў, а зьмест — нэрвы кiраўнiкоў. Графiтысты ня любяць дзяржавы, але яшчэ больш — пустых сьценаў. Процiстаяньне ў Беларусі часам вылiваецца ў сапраўдную камэдыю, калi ўлады дзеля эканомii грошай загадваюць замаляваць ня ўвесь надпiс, а толькi замазаць ягоныя абрысы, так што лiтары не зьнiкаюць, але становяцца шматкроць тлусьцейшыя ды заўважныя.

Намаляваць свае графiцi паверх твору iншага калегi — найгоршая абраза ў асяродзьдзi графiтыстаў. Гэта, аднак, у Менску здараецца нячаста: чыстых муроў яшчэ не бракуе. Шкада толькi, што замест таго, каб крыўдзiць адзiн аднога, «пiсьменьнiкi» абражаюць сваё роднае места. У графiцi, вядома, ёсьць свая эстэтыка, але вось з асяродзьдзем Верхняга гораду яна спалучаецца ня вельмi ўдала. Між тым, знаходзяцца людзі, што замалёўваюць муры гэтых старавечных камяніцаў.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0