Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

М.Багдановіч. Краю мой родны!: Вершы, казкі. Для малодшага школьнага веку / Мастак М.Басалыга. — Менск: Юнацтва, 1999. — 190 с.: іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0024-7

Зборнік складзены адмыслова для малодшых шкаляроў — у ім сабраныя беларускія й расейскія творы Максіма Багдановіча, успаміны бацькі паэта — Адама Багдановіча, Зоські Верас і Максіма Гарэцкага.

Ю.Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. Навукова-рэдакцыйная рада: У.Конан (адказны рэдактар) ды інш. — Менск — Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. — 752 с.: іл. — Наклад 50 ас. ISBN 985-6318-65-3

Фаліянт у вокладцы, падобнай як у кніг літаратурнае сэрыі нью-ёрскага Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, рэпрэзэнтуе жыцьцяпісы беларускіх рэлігійных дзеячоў і ўспаміны пра іх. Кніга, апроч бібліяграфічных зьвестак, мае багаты ілюстрацыйны дадатак. Яна выйшла на глянцавай паперы малым накладам. Тэлефон Беларускага кнігазбору (017) 236-00-12.

Гісторыя беларускае літаратуры ХХ ст.: У 4 т. Т.2 / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 903 с. — Наклад 1500 ас. ISBN 985-08-0179-4

Працяг чатырохтомавых дасьледзінаў беларускае літаратуры нашага стагодзьдзя складаюць нарысы пра паэтаў, пісьменьнікаў і крытыкаў міжваеннага часу. Упершыню ў акадэмічнае выданьне трапілі некалі забароненыя імёны.

Кантакты і дыялёгі: Бюлетэнь Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. № 1—2, 2000. — Менск: Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 2000. — 64 с. — Наклад 299 ас.

Як і заўжды, бюлетэнь рэпрэзэнтуе рэцэнзіі на апошнія беларусазнаўчыя выданьні, працягвае сэрыю «Беларусы ў сьвеце» зь біяграфіямі дзеячоў беларускай эміграцыі, падае падрабязны пералік выдаваных у Беларусі кніг пра іншыя краіны й замежных выданьняў пра Беларусь.

Клёк 2. № 1, 2000. Культурологический альманах авторов. — Менск: BY-WAY Group, 2000. — 64 с. — Наклад «ограничен количеством проницательных читателей».

Гэты самвыдавецкі праект ёсьць працягам часапіса «Музыкальный журнал».

Кур’ер: часапіс. № 1, сакавік 2000. — Менск, 2000. — 48 с., іл. — Наклад 5000 ас.

«Кур’ер» хоча стаць беларускім Newsweek-ам. Рэдагуе яго Ігар Гермянчук. Выдатная паліграфія (хоць і чорна-белы друк усярэдзіне), каляровая вокладка. Асноўныя тэмы: ці будуць у Беларусі перамены? ці варта апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах? хто ў шэрагах апазыцыі здольны споўніць ролю агульнанацыянальнага лідэра? палітычны партрэт міністра нутраных справаў Юр’я Сівакова; што думаюць палякі пра беларусаў? чым небясьпечны чарнобыльскі саркафаг? Блізу 60% матар’ялаў друкуецца па-расейску. Неўзабаве будзе ў продажу ў шапіках.

А.Міцкевіч. Дзяды / У 2-х т. Т.1–2/ Агульная рэдакцыя І.Кур’ян; Пераклад у беларускую мову С.Мінскевіча; Камэнтар З.Стэфаноўскай, С.Мінскевіча. — Менск: Мэдысонт, 1999. — 264 с. — Наклад 300 ас. ISBN 985-6530-07-5

Упершыню цалкам па-беларуску выйшлі міцкевічаўскія «Дзяды». Вартасьць гэтага выданьня ў паралельным зьмяшчэньні перакладу й польскага арыгіналу. Наконт набыцьця трэба зьвяртацца на тэл. (017) 227-78-92, цана 5 у.а.

А.Агееў, І.Пушкін. Магілёў на скрыжаваньні. — Магілёў: Магілёўская абланая друкарня, 1999. — 96 с.: іл. — Наклад 700 ас. ISBN 985-6568-12-9

Пад навуковай рэцэнзіяй прафэсара Анатоля Грыцкевіча выйшла ўнікальнае выданьне з 77 фотаздымкаў старога Магілёва. Цікава, што да кожнага старога краявіду пададзены выгляд тае самае мясьціны цяпер. Перад чытачом паўстаюць вежы колішніх, зруйнаваных пераважна за саветамі, бажніц і палацаў на тле цяперашніх гмахаў і пустак.

У.Ладысеў, П.Брыгадзін. На пераломе эпох: Станаўленьне беларускае дзяржаўнасьці (1917—20 г.). — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 1999. — 128 с., (6) арк.іл. — Наклад 500 ас. ISBN 985-445-191-Х

Аўтары спрабуюць максымальна аб’ектыўна разгледзець пэрыяд станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці ў ХХ ст. Не бракуе, аднак, у працы памылак, у тым і сэнсавых: прыкладам, сказ з дакумэнту на с. 120—123 «Энгельс развил…» трэба чытаць як «Энгельс разбил…». Кніга будзе добрым дапаможнікам для глыбейшага вывучэньня першых гадоў парэвалюцыйнага пэрыяду нашае найноўшае гісторыі.

Нацыяналізм у сьвеце: мінуўшчына, сучаснасьць, пэрспэктывы. — Менск: спартова-патрыятычная арганізацыя «Край», 1999. — 38 с. — Наклад 299 ас.

Беларускія нацыяналісты пішуць пра сваіх калегаў з ІРА, францускі Нацыянальны Фронт, пра «новых правых» у Эўропе і рух «белых» у Паўднёвай Афрыцы. Замовіць можна

З.Мажэйка, Т.Варфаламеева. Песьні Беларускага Падняпроўя / Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі. Інстытут мастацтвазнаўства, этанаграфіі й фальклёру. — Менск: Беларуская навука, 1999. — 392 с. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-08-0173-5

Праз вывучэньне бальшыні жанраў мясцовага фальклёру аўтарка раскрывае песенную сыстэму ўсходняга рэгіёну Рэспублікі Беларусі.

Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Вып.1—2 (17—18), студзень 2000 г. — Менск: Супольнасьць, 2000. — 51 с. — Наклад 299 ас.

Дзейнасьць беларускіх няўрадавых арганізацыяў, навіны з партнэрскіх арганізацыяў цэнтру «Супольнасьць», абвесткі ды іншая патрэбная інфармацыя для грамадзкіх дзеячоў.

А.Цітоў. Сфрагістыка й геральдыка Беларусі. — Менск: Рэспубліканскі інстытут вышэйшае школы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 1999. — 176 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6299-36-5

Першы ў Беларусі падручнік з сфрагістыкі й геральдыкі. Апроч традыцыйных для аўтара тэмаў пра беларускую пячатку сярэднявечча, маецца цікавы разьдзел пра пячаткі й гербы міжваеннае савецкае Беларусі.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0