Абыякавасьць Фэміды

Два тыдні таму мы пісалі пра пачатак працэсу па спазыску айца Івана Спасюка да япіскапа Гарадзенскага Арцёмія. Цяпер працэс скончыўся. Вось амаль стэнаграма з гэтага суду.

 

Г.Бараноўская, юрысконсульт епархiяльнай управы:

— Управа не зьяўляецца юрыдычнай асобай, таму прашу адмовiць у спазыску, як у пададзеным да неадпаведнага адказчыка.

 

М.Сiльчанка, прадстаўнiк япiскапа:

— Прашу далучыць да справы характарыстыкi айца Iвана, рапарты япiскапу: «сумнеўнае паступленьне грошай на рахунак i сумнеўнае выдаткаваньне». Любы першакурсьнiк зразумеў бы, што былi ў япiскапа падставы, каб зьвярнуцца ў 6-ы аддзел па барацьбе з эканамiчнай злачыннасьцю. Паведамленьне з кансысторыi БАПЦ. Вось тут тэкст допыту I.Спасюка пры рукапалажэньнi ў сьвятары, ягоны подпiс на клятве. Тут матэрыялы аб яго дачыненьнях з Рыжым — улётачкi i гэтак далей.

 

М.Аксамiт, прадстаўнiк Спасюка:

— Матэрыялы аб адносiнах з аўтакефальнай царквой не ўваходзяць у абсяг судовых спрэчак.

 

Судзьдзя I.Грышкевiч:

— Усе дадатковыя матэрыялы далучаныя да справы, зараз бакам трэба зь iмi азнаёмiцца. На жаль, ксэраксу ў нас няма, каб зрабiць асобныя копii. Перапынак.

Першаму пасьля перапынку далі слова сьвятару, якi змагаўся за свае гонар i годнасьць. I.Спасюк узгадаў першых хрысьцiянаў, Iвана Залатавуснага, цытаваў пастанову Картагенскага сабору. 15-е правiла паводле сабору — усе царкоўныя канфлiкты вырашаць «сьмiрэнча», самiм. А яго, маўляў, абвясьцiлi злачынцам, распаўсюдзiлi хлусьню, выкiнулi невiнаватага з храму. I, атрымлiваецца, што адказваць за гэта няма каму?

Вядома, што згодна з статутам РПЦ настаяцель не адказвае за царкоўную касу, — працягваў I.Спасюк. Але, як аказваецца, можна нават парушыць таямнiцу споведзi перад прыняцьцем сану. Таямнiцу пакаяньня — таксама. Калi чалавек раскаяўся — значыцца, яму даравалi. А тут, калi спатрэбiлася, — адразу ў газэту. І «Наргазэта» напiсала, што ў 94-м ён лаяўся ў слонiмскiм маршрутным аўтобусе. Але бацюшка адказвае, што ў яго ў тыя часы была i асабiстая машына, i службовая, ды яшчэ два шафёры, таму ён аўтобусамi не карыстаўся.

Падсумоўваючы, I.Спасюк сказаў: царква ў сьвядомасьцi людзей усё болей ператвараецца ва ўстанову. Хаця пры любой уладзе служэньне павiнна быць пакутнiцтвам. Хрыста таксама называлi iлжэпастырам. Хаця ягоныя — I.Спасюка — пакуты, канечне, — непараўнальныя. Але сьвятар, каб даказаць, што яго абылгалi, мусiў зьвярнуцца ў сьвецкi суд.

 

В.Шчукiн (прадстаўнiк Спасюка ў судзе):

— Спадзяюся, што высокая пасада адказчыка не засмуцiць суд. Крымiнальная справа спынена, нiчога не даказана. Што да дробнага хулiганства ў 94-м годзе, нават калi б яно й было, дык праз год паводле закону яно касуецца. Прычым у газэтным артыкуле пiсалася пра яго як пра сьвятара, хаця ў 94-м годзе Спасюк iм яшчэ ня быў.

 

М.Аксамiт:

— У суседнiм Ваўкавыску чатыры сьвятары, а на могiлках парадку, якi навёў на вясковых могiлках у сябе айцец Iван, няма. Ён пачаў зьбiраць грошы на храм, i гэта ж яму i пашкодзiла. Сутнасьць канфлiкту ў тым, што Спасюк прапанаваў епархiяльнай управе зьнiзiць тарыфы на царкоўныя паслугi, паколькi людзi на вёсцы зусiм зьбяднелi. Гэта было ўспрынята як бунт. Ён папрасiў вызвалiць прыход ад узносаў у япархiю, каб пабудаваць царкву. Адмовiўся пералiчаць грошы ў Горадню.

У Ваўкавыску, дзе я жыву, грошы на царкву пачалi зьбiраць яшчэ ў 1986 годзе. Прадпрыемствы ў нас былi багатыя, грошы сабралi вялiкiя, але царква дагэтуль не пабудаваная — i нiякай справаздачы. Калi быў «паўлаўскi» абмен 50-цi i 100-рублёвых купюраў, мясцовы сьвятар прынёс чамадан грошай — 64 тысячы рублёў — i ня здолеў патлумачыць камiсii паходжаньне гэтых грошай. У 91-м прыхаджане зьвярнулiся да Фiларэта, каб была распачата крымiнальная справа. Але ён прыехаў i дазволiў будаваць царкву ў iншым месцы. А той сьвятар трапiў у сакратары да япiскапа, i ягоны подпiс стаiць пад рапартам супраць Спасюка.

Спонсар грошы даў на канкрэтную царкву, а ў Спасюка патрабавалi iх аддаць у япархiю. Крымiнальная справа была распачатая па факце недахопу грошай. I ў рэвiзiйную камiсiю ўлучылi касіра Лiзункову, каб яна сама сябе правярала. Гэта сацыяльны заказ. Мэта — зьнiшчыць Спасюка. Лізунова працавала бугальтарам, i агульны сход калгасьнiкаў запатрабаваў прыбраць яе з бугальтэрыi. Прыхаджане — супраць яе. Тады яна пажадала стаць касіркай у новым прыходзе. Аказалася, што нельга, вазьмiце тады мужа, — просiць. Дарэчы, бацюшка жыве ў вайсковым гарадку ў трохпакаёвай непрыватызаванай кватэры, а яна будуе катэдж...

Япiскап усьведамляе вiну, iнакш сам бы прыйшоў у суд. Але ён паслаў замест сябе прафэсара. А каб меў рацыю, ня стаў бы шукаць абароны, — падсумаваў М.Аксамiт.

 

Г.Бараноўская пачала тлумачыць суду ўсякiя фiлялягiчныя тонкасьцi, аналiзуючы публiкацыю супраць Спасюка ў «Гродненских епархиальных ведомостях». Каб пераканаць, што ўсё ў публiкацыi — о’кей. Яна вельмi спасылалася на слоўнiк Ожэгава, тым часам як супрацьлеглы бок з большым задавальненьнем цытаваў старарэжымны слоўнiк Даля.

(Мiжволi мне падумалася: калi ж у нашых судах будуць спасылацца на беларускiя слоўнiкi, а не на расейскiя? Пакуль — надзеi нiякай).

 

М.Сiльчанка нечакана распачаў таксама эвангельлем. Маўляў, каго не пушчаюць у дзьверы, i ён лезе праз плот, дык значыцца гэта — «вор». Далей ён сказаў аб прысяжным лiсьце I.Спасюка часоў прыняцьця сану, паказаў фота з «iлжэпатрыярхам» Рыжым, у якога, маўляў, няма свайго прыходу нават. Сказаў пра «раскрутку ў прэсе» Спасюка. Перайшоўшы нават на беларускую мову, што ў нашым судзе недапушчальна (калi толькi па спэцыяльным хадайнiцтве ня быў выкліканы перакладчык), працытаваў выкрываўчы лiст Беларускай аўтакефальнай царквы адносна Рыжага.

 

I.Спасюк не ўстрымаўся ад рэплiкi:

— Маскоўскi патрыярхат, мiж iншым, не прызнае Беларускуай аўтакэфальнай, але паперы вось выкарыстоўваюць, калi трэба.

 

М.Сiльчанка:

— Вы не маглi нават разабрацца, каму падаваць спазыск —разьлiковаму рахунку, якi на блянку быў? Скажыце дзякуй, што мы яшчэ на суд хадзiлi. Вы заблыталiся ў трох соснах.

 

I.Спасюк:

— Я паведамiў япiскапу, што з 12 сакавiка 1999 г. знаходжуся пад юрысдыкцыяй Беларускай народнай праваслаўнай царквы, а не аўтакефальнай. А што яе не прызнаюць, дык у сьвеце многа такiх цэркваў. РПЦ не прызнае, напрыклад, расейскай замежнай...

 

М.Аксамiт:

— Наконт трох соснаў. Вiна ёсьць i ваша. Раз у залі прадстаўнiк епархiяльнай управы, значыцца, ён меў права тут знаходзiцца i яе прадстаўляць.

 

В.Шчукiн:

— Тут не царкоўны суд, каб абмяркоўваць, якая царква правiльная. Спасюк вымушаны быў зьвярнуцца да Рыжага. Гэта царква, тут у адзiночку нельга. Што да прафэсараў, дык у мяне трапятаньня перад iмi няма. Вось заключэньне экспэртаў наконт таго, каб адмовiць прыходу Спасюка ў рэгiстрацыi. Там прафэсары i дацэнты падпiсалiся. I што яны пiшуць, на што спасылаюцца? Адмовiць — на падставе разыходжаньняў памiж расейскай царквой i беларускай. Гэта — унутраныя пытаньнi веры. Значыцца, яны ўмешваюцца ў царкоўныя справы. А наконт зьнявагі Спасюка, дык трэба заўжды памятаць аб прэзумпцыi пачцiвасьцi, калi даказаць ня можаце...

Пра галоўнае ж мала што казалі.

Судьдзя, уважлiва выслухаўшы ўсе довады, пакiнуў залю. Хвiлiнаў праз 15 ён вярнуўся i ўрачыста паведамiў: у прыняцьцi спазыску ад I.Спасюка адносна абразы гонару i годнасьцi — адмовiць.

— Праўды няма! — не ўстрымалася адна з прыхаджанак, якiя знаходзiлiся на судзе.

Кiраваны журналiсцкай цiкаўнасьцю, я зазiрнуў на стол судзьдзi, якi пэрыядычна разглядаў штосьцi перад сабой. На стале, якi мае борцiк, стаяў стары савецкi дынамiк з абарванымi дратамi (можа, для сэлектарнай сувязi?), на якiм была чырвоная прылепка з надпiсам «СТОП СНІД».

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0