дзёньнік з нутраных войскаў

Сівер

 

Праз пару дзён пасьля прысягі вучэбныя роты былі расфармаваныя, а я ў ліку двух дзясяткаў чалавек з Баранавічаў быў разьмеркаваны ў адзін з батальёнаў нутраных войскаў, што месьцяцца ў горадзе Н. Едучы ў Н., сэрца гістарычнай Літвы, я цьмяна ўяўляў свае абавязкі надалей. На курсе маладога ваякі нас былі пужалі службай вышкароў (то бок ахоўнікаў зоны на вышках), баялі байкі пра неспакойны нораў вязьняў, якія, маўляў, калі-нікалі шпурляюць у бок вышак усялякую трасцу накшталт так званых заточак. Камандзіры Н-скага батальёну адразу паспрабавалі згасіць падобныя ўяўленьні. Зрэшты, даводзілі да ведаму розныя выпадкі, што здараліся раней і былі пэўна выняткамі з агульнай плыні смутнацелых правілаў. Прыкладам, у прамысловай частцы Н-скай калёніі суворага рэжыму зэкі аднойчы прымацавалі ў шчамлёткі прыдбаны недзе патрон. А як што вокны цэху выходзілі проста на вышкі, кемлівыя вязьні скіравалі шчамлёткі ў бок вышкара ды байданулі па пятцы патрона малатком. Грымнуў стрэл, ад якога вышкар ледзьве не нарабіў у порткі. Гэта было даўно. Нядаўна ж, кажуць, на адной з зонаў выявілі пару самаробных аўтаматаў, што па сваіх характарыстыках не саступалі ізраільскім «Узі», нават перасягалі іх. Насельнікі калёніі людзі ўмелыя. Добра, што гэтай халеры не знайшлося ўжытку.

Рыхтуючыся да службы на вышцы, трэба ясна здаваць справу з таго, што раней ці пазьней можа надарыцца момант уцёкаў, якія трэба перапыніць. Перапыніць зброяй. То ж варта быць псыхалягічна падрыхтаваным страляць у чалавека, хаця б і асуджанага. Камандзіры даводзяць, што на ўцёкі торгаецца толькі ўсялякая плюга-мярзота. Накшталт тых, хто атрымаў вялізныя тэрміны. Але ж нярэдка спробы ўцячы робяць і тыя, хто прайграўся. За гэта ім касуюць віну. Нам жа за перапыненыя ўцёкі мусяць даваць крыж МУС Беларусі «За самаадданую службу» ды дзён 10 адпачынку. Як жартаваў старлей К., «можна настраляць і на цэлы месяц». Галоўнае — правільна ўжыць зброю, а то сам можаш апынуцца па той бок «лініі аховы». А гэта ўжо будзе ня цукрам і нават не гарчыцай. За кратамі былому ахоўніку гамон.

Салдацікі трапляюцца самыя розныя. Адзін на недалёкай зоне застрэліў сябе ўжо па першым самастойным нясеньні службы на вышцы. Высьвятляць сталі і выясьнілі, што хлопчык сам сабой сатаністам быў, да войска ў сшытках ўсялякіх чорцікаў-дэманаў маляваў з адпаведнымі слоўнымі атрыбутамі. У Н-скім жа батальёне імкнуцца ўнікнуць такіх калізіяў. Падазроных «схільнікаў да самагубства» ў каравул не пускаюць, пакідаючы на гаспадарча-кухонных справах. Каб палічылі цябе гэткім схільнікам, дастаткова ўсяго нейкай драбніцы. Адзін дык на шкле вышкі пальцам нейкі мэлянхалічны вершык вывеў, за які яго перасталі дапушчаць у каравул. Акром таго, перад зыходам на сёдні ў каравул (ці, як тут кажуць, «да каровы») салдатам ніколі не выдаюць пісьмаў, каб тыя не засмуцілі іх і не выклікалі суіцыдаў весткамі пра шлюбы сябровак, цяжарнасьці тых самых сябровак ад іншых ці яшчэ якіх-кольвек неспадзяванак з цывільля. Паколькі мусяць усе за малым выняткам мець справу з баявой зброяй, «нестатуцыя» бытуе тутака ў мяккіх, але даволі-ткі подлых па сутнасьці формах. Нам, новаму прызыву, спрабавалі грузіць пра «сямейсцьвеннасьць». Знайшлі чыстыя вушы для жоўтай локшыны! Адзінае, што сапраўды падабаецца мне з тутэйшых традыцыяў, дык гэта прывітаньне ў батальёне зьвязу, што вярнуўся з каравулу, поціскамі рук. Нармалёвая мужчынская завядзёнка, толькі ня ўсе яе ўспрымаюць па-сур’ёзнаму. Гэта й бянтэжыць, як той халодны паўночны вецер, што выдувае цяпло з казармы Н-скага батальёну, якая месьціцца на ўзгорку над «падапечным» аб’ектам... Халодна.

Сяргей Лобан


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0