Эстонскі досьвед

 

Беларускі Дзень Волі — гэта ня толькі дзень радасьці ўспамінаў пра аднаўленьне дзяржаўнае незалежнасьці, але й горычы ад яе страты. У 1918 годзе паўстаньню новых незалежных дзяржаваў на захадзе колішняй Расейскай імпэрыі паспрыяла змаганьне Нямеччыны й маладой “Рэспублікі саветаў”, сутыкненьне якіх давала магчымасьць маладым нацыянальным рухам браць уладу ў свае рукі. Нам не пашанцавала. Але пашанцавала суседзям. У міжваенным часе на поўнач ад падзеленай на дзьве паловы Беларусі стварала свой дабрабыт Эстонія. Пра досьвед незалежнасьці ў міжваенны й цяперашні пэрыяд «Нашай Ніве» і сябрам міжнароднае камісіі «Маладога Фронту» распавёў генэральны консул Эстоніі Янус Вару.

«НН»: Як паўстаў і разьвіваўся эстонскі нацыянальны рух?

Янус Вару: Падваліны для фармаваньня эстонскае нацыі былі закладзеныя яшчэ ў пачатку ХІХ ст. разам з скасаваньнем прыгону. У другой палове мінулага стагодзьдзя канчаткова сфармавалася эстонская літаратурная мова, а ў 1880 годзе была зафіксаваная 100-адсоткавая пісьменнасьць жыхарства Эстляндыі. Але распачатая неўзабаве за Аляксандра ІІІ русіфікацыя зьнізіла гэты паказьнік на 10%. Да 1920-х у Эстоніі сфармаваліся ўсе перадумовы для паўстаньня нацыянальнае дзяржавы. Паспрыяла й Лютаўская рэвалюцыя 1917 году. Асноваю для стварэньня эстонскае дзяржавы сталі ідэі амэрыканскага прэзыдэнта Вудра Ўілсана аб праве нацыяў на самавызначэньне. 8 красавіка 1917 году адбылася 40-тысячная дэманстрацыя эстонцаў у Петраградзе, а ўжо 12 красавіка Часовы ўрад Расейскае Рэспублікі прымае Закон аб Земскай Радзе — часовым органе самакіраваньня Эстоніі. 28 лістапада 1917 году Земская Рада сталася найвышэйшым заканадаўчым органам краю. На той час эстонцы не спадзяваліся на незалежнасьць, нас задавальняла б краёвая аўтаномія, але далейшыя падзеі павярнулі хаду гісторыі ў бок, спрыяльны для абвяшчэньня дзяржаўнае незалежнасьці. На той час у Земскай Радзе блізу дзьвюх трацінаў дэпутатаў было за вольнасьць. Рэшта заставалася на пазыцыях краёвай аўтаноміі. У тым сама часе вызначыліся дзьве партыі. Адна — прагматычная на чале з будучым эстонскім прэзыдэнтам Канстанцінам Пэтсам, што выступала за роўныя й добрасуседзкія дачыненьні з усімі краінамі, у тым і з Расеяй, другая — група інтэлектуалаў на чале зь Янам Тэнісонам, што мела цэнтар у Тарту, і гэта зразумела, бо там месьціцца ўнівэрсытэт. Урэшце 24 лютага 1918 году была абвешчаная незалежная дэмакратычная Эстонская Рэспубліка. Ужо на наступны дзень па абвяшчэньні дзяржаўнае незалежнасьці, 25 лютага 1918 году, нямецкія войскі ўварваліся ў Эстонію й акупавалі большую частку краіны. Рэжым гэты трываў да 11 лістапада, калі немцы сышлі й на чале Часовага ўраду Эстоніі стаў згаданы вышэй Канстанцін Пэтс. Да 1920 году доўжылася вайна, у якой Эстоніі даводзілася змагацца на двох франтах: з аднога боку адбіваць жаўнераў нямецкага Ляндсвэру, а зь іншага — чырвонаармейскія палкі. Канец гэтаму процістаяньню быў пакладзены ў вырашальнай бітве ля латыскага гораду Цэсіс, дзе эстонска-фінскае войска разьбіла савецкае і вызваліла ня толькі Эстонію, але й Рыгу. 2 лютага 1920 году была падпісаная мірная ўмова між Эстоніяй і Расеяй, якая дагэтуль з нашага боку ўважаецца за адзіны дакумэнт, што рэгулюе дачыненьні між нашымі краінамі. Расея не прызнае таго падпісанага ейнымі рэпрэзэнтантамі дакумэнту, як і ўсталяванай у 1920 годзе мяжы. Таму на сёньня між Эстоніяй і Расеяй няма дзяржаўнае мяжы, адно толькі памежная лінія з кантрольнымі пунктамі. А частка тэрыторыяў, што ў 1920—40 гадах уваходзілі ў склад Эстоніі, цяпер кантралююцца Расеяй.

 

«НН»: Ці былі гэтыя абшары эстонскія паводле этнічнага складу ў 1920 годзе?

Я.В.: У памежных раёнах Пскоўшчыны дагэтуль жывуць эстонцы, хоць чым далей ад граніцы, тым іх меней. Яны, безумоўна, маглі б перасяліцца ў Эстонію, але, самі разумееце, яны маюць там сваю гаспадарку, дый пераважна гэта старыя людзі…

 

«НН»: У Эстоніі, гэтаксама як і ў шмат якіх краінах Эўропы, пры канцы 1930-х быў усталяваны дыктатарскі рэжым…

Я.В.: Па абвяшчэньні незалежнасьці Эстонія сталася парлямэнцкай рэспублікай, на чале ўраду стаў Канстанцін Пэтс, які ў 1937 годзе зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот і абвесьціў у краіне прэзыдэнцкую рэспубліку. Паводле новае Канстытуцыі быў створаны дзьвюхпалатны парлямэнт, а Пэтс абраны на прэзыдэнта. Перад інкарпарацыяй краіны ў склад СССР узровень жыцьця ў Эстоніі быў адзін з найвышэйшых у Эўропе, нават у нечым лепшы за фінскі. 23 жніўня быў падпісаны фатальны для нас Пакт Молатава-Рыбэнтропа, а пад ціскам Масквы 28 верасьня 1939 году быў заключаны Пакт аб узаемадапамозе між Эстоніяй і СССР, паводле якога ў краіне ствараліся савецкія вайсковыя базы і ўводзіўся 25-тысячны вайсковы кантынгент. 16 чэрвеня 1940 году СССР выстаўляе ўльтыматум, а наступным днём мяжу пераходзіць 100-тысячнае савецкае войска, што давяршае працэс анэксіі. Далей усё рабілася паводле стандартнага сцэнару. Варта адцеміць, што ў 1940 годзе ў Камуністычнай партыі Эстоніі было 130 сябраў. 17 чэрвеня на загад Жданава на пляцы Волі ў Таліне адбылася дэманстрацыя камуністаў, якія, паводле сьведчаньняў, усе размаўлялі па-расейску й былі апранутыя ў вайсковае. На “просьбы працоўных” Канстанцін Пэтс пайшоў у адстаўку, і ўладу захапілі камуністы. Неўзабаве ў ліпені 1940 году прайшла першая хваля арыштаў: уся эстонская эліта разам з прэзыдэнтам была вывезеная на ўсход.

Інкарпарацыі Эстоніі ў склад СССР не прызнала амаль ніводная з найбуйнейшых краінаў сьвету. 14 чэрвеня 1941 году дзесяць тысячаў эстонцаў былі высланыя ў Сібір. Гэта вельмі шмат з увагі на паўтарамільённае насельніцтва краіны ў 1940 годзе. Столькі ж людзей і зараз жыве, але тады зь іх 96% былі эстонцамі, а цяпер толькі 65% (у 1989 годзе — 61%). Да стратаў другое сусьветнае вайны пры канцы 1944 году дадаліся другая дэпартацыя дваццацёх тысячаў чалавек у вядомым кірунку і міграцыя замежных грамадзян у Эстонію (маюцца на ўвеце грамадзяне Савецкага Саюзу — В.М.).

«НН»: Як адбывалася аднаўленьне рэальна незалежнай эстонскай дзяржавы?

Я.В.: 16 лістапада 1989 году парлямэнт ухваліў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Эстоніі. Але нават тады ніхто ня мог падумаць пра выхад з СССР — гэта было нерэальна. Сытуацыя нагадвала 1917 год — нас задаволіла б і шырэйшая аўтаномія, нават ня верылася, што неўзабаве Эстонія зноўку станецца вольная. Эстонія другога разу атрымала незалежнасьць дзякуючы спрыяльным гістарычным акалічнасьцям. Хоць заўжды за незалежнасьць ішло змаганьне: апошні “лясны брат” быў схоплены ў 1974 годзе, але задоўга да ягонага арышту партызанскі рух быў задушаны. 20 жніўня 1991 году Найвышэйшая Рада Эстоніі абвясьціла аб аднаўленьні дзяржаўнае незалежнасьці. 28 чэрвеня 1992 году было адноўленае дзеяньне Канстытуцыі 1937 году, адначасова адбыліся выбары ў Дзяржаўны сход і прэзыдэнта. Мы першыя ажыцьцявілі грашовую рэформу. У 1993 годзе былі абраныя мескія й воласьцевыя Рады, Эстонія сталася сябрам Рады Эўропы, а налета ўлучылася ў праграму NATO “Партнэрства дзеля міру”. Гэткі наш шлях у Эўропу.

 

«НН»: А якім Вы бачыце беларускі шлях у Эўропу, якія Вашыя ўяўленьні пра Беларусь?

Я.В.: У вас ёсьць чалавек, пра якога заўжды прыемна пісаць журналістам, таму ўвага да вашае краіны ёсьць і ў Эстоніі. Але ў Эстоніі мала ведаюць пра самую Беларусь. Хоць у нас жыве пад 20 000 беларусаў, злучаных у пяць грамадаў, што цяпер стварылі асацыяцыю.

Палітычнае становішча краіны залежыць ад ейных паводзінаў. Каб быць у Эўропе, краіна мае гуляць паводле правілаў Эўропы. Беларусь не прымае гэтых правілаў, у выніку — уваходзіць у Эўразію, ці, як нехта сказаў, у Азіёпу. Цяпер відно, што будучыня Беларусі шмат у чым залежыць ад падзеяў у Расеі.

 

«НН»: Ці насамрэч гэткае вострае цяпер пытаньне “расейскамоўных” у Эстоніі й пільнаваньня іхных свабодаў і правоў?

Я.В.: Вялікая доля “расейскамоўных” не азначае наяўнасьці ў нас значнае “пятае калёны”. 20% неэстонцаў хочуць эміграваць з краіны, але зь іх толькі 3% — на ўсход. Гэткім чынам, ня можна казаць аб жаданьні “расейскамоўных” вярнуцца ў Расею ці аднавіць колішні лад. Яны яшчэ болей імкнуцца ў Эўропу, а праз гэта гатовыя на ўсё. У тым сама часе інтэграцыя Эстоніі, як і кожнай іншай краіны, у новы зьвяз, гэтым разам эўрапейскі, мае і адмоўны бок — страту пэўнае часткі сувэрэнітэту.

Падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0