Навіны

 

Сільнова ў Інтэрнэце

Кніжны клюб ТБМ стварыў сваю віртуальную палічку ў Інтэрнеце (па адрасе http://tbm.org.by). На ёй будуць прадстаўленыя мастацкія творы, якія пакуль не знайшлі сабе выдаўца. У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла прэзэнтацыя першай кнігі ў гэтую калекцыю — зборніка вершаў Людкі Сільновай “Зеленавокія воі і іх прыгажуні”. Кніга ўяўляе галерэю вершаваных партрэтаў 25 беларускіх пісьменьнікаў, “якія маюць зялёныя вочы”. Некаторыя з тэкстаў неўзабаве можна будзе праслухаць праз Інтэрнет у выкананьні самой аўтаркі.

 

Нягоды «муміфікатара»

Міністэрства культуры не дало дазволу на правядзеньне фэстывалю “Дзень муміфікатара”, які меўся адбыцца ў тэатры “Вольная сцэна” 27 сакавіка. Раней, 4 сакавіка, суполцы “Новы Фронт Мастацтва” гарвыканкам забараніў правесьці яго ў Берасьці. Беларускія авангардысты спадзяюцца цяпер, што “Дзень муміфікатара” нарэшце пройдзе ў клюбе “4 апэльсыны”.

 

Швед доўга жыць будзе

У Доме літаратара прайшла вечарына, прысьвечаная 75-м угодкам паэта зь Беластоку Віктара Шведа. Выдавецтва “Полымя” выпусьціла перакідны каляндар на 2000 год (“Біблейскія гравюры Ф. Скарыны”), дзе паведамляецца, што Віктар Швед ужо два гады як памёр. Можа, таму паэт чытаў са сцэны сумныя, трагічныя вершы, але ён яшчэ поўны сілаў: ягонай малодшай дачцэ толькі 10 гадоў.

Юрась Барысевіч

 

«Наддзьвіньне»

У Полацку пабачыў сьвет літаратурны альманах «Наддзьвіньне», які выдала аднайменнае літаб’яднаньне. Укладаньне зрабіў празаік Герман Кірылаў. У 1926 годзе альманах з гэткай жа назваю выдала полацкая філія «Маладняка». Зборнік сёньняшні чыста паэтычны. «Маладнякоўцы» ж у сваім выданьні досыць шырока прадстаўлялі прозу, нават надрукавалі аповесьць Сымона Хурсіка «Францішак Скарына». Варта было б зьмяшчаць і ў цяперашнім альманаху і эсэістыку, і літаратурную крытыку.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0