Лісты ў рэдакцыю
Сабак на школьніц
25-га мяне не ўзялі, мабыць, пашанцавала.
Пашанцавала, бо стаяў я на рагу вуліцаў Харужай і Якуба Коласа, ля кампутарнае крамы й карпусоў заводу, і на маіх вачах затрымлівалі дзяўчыну, з выгляду школьніцу (такіх звычайна нават кантралёры ў аўтобусах не чапаюць, калі безь білета). Яна раздавала людзям нейкія артыкулы з тэкстам. Напэўна, школьнае сачыненьне да Дня Волі, памножанае на ксэраксе. Дык палічылі, што аднаго міліцыянта мала, хутка падбеглі на падмогу яшчэ два; больш за тое, спусьцілі сабаку, які кінуўся на сьпіну дзяўчыны і ўчапіўся ў заплечнік. Сабак — на школьніц!!! Вось на каго рыхтуюць сабак дзяржаўныя кінолягі.
Дзяўчына зьмярцьвела і нейк прапішчала: «Людзі, ратуйце!» Але з натоўпу «гражданоў» супраць амонаўскага сабакі выбег быў хлопча — нагой у жывот і адцягнулі. Школьніцу ачапіла ўжо каля дзясятку ў параднай форме і адзін сабака... Яшчэ некалькі «выполняющих приказ» ужо чакалі за адчыненымі дзьвярыма варанка... Сабак на школьніц — гэта ўжо ня сьмешна.
Квазі-Махнач, Менск
Вясна NN
Вясна-2000, як і ранейшыя беларускія вёсны 90-х, абяцае быць напружанай.
Чакаецца прыцягненьне нябачаных дагэтуль сродкаў, удзельнікаў ды рэклямы дзеля прамоцыі дэмакратычных каштоўнасьцяў. Сёньняшні апазыцыянэр ужо ня будзе «вазіцца» з клеем ды паперай — ён мае прыстойныя каляровыя самаклейкія ўлёткі і літаральна за некалькі хвілінаў заклейвае імі горад без асаблівае небясьпекі для сябе з боку ахоўнікаў парадку. Прагрэс навідавоку.
І ці варта з наяўнай цяпер памнажальнай тэхнікай параўноўваць магчымасьці, напрыклад, 1989-га году?
Але настроі грамадзтва чамусьці зусім не адпавядаюць тэхнічнаму ды фінансаваму становішчу. Малалікія дэмакратычныя партыі працягваюць стогны ды енкі аб «зьвярыным абліччы рэжыму», але не зьбіраюцца вылазіць з утульных крэслаў ды рабіць працу, якой ня ўбачаць тэлекамэры і якая завецца партыйным будаўніцтвам.
А беларускія школкі? І праблема тут нават не ў такіх, як адна мая знаёмая завуч («У нас школа русская»). На сёньняшні момант у Магілёве не засталося ніводнае беларускамоўнае школкі. Але ўзгадайма — ці дамагаўся хто для свайго дзіцёнка нармалёвага навучаньня? Не! Спадары апазыцыянэры ціхенька навучаюць сваіх дзетак (прынамсі ў Магілёве) на ісьцінна рускай мове — трэба ж, каб усё як у людзей!
Яшчэ ўчора нам трэба было пераасэнсаваць сваё становішча ў дзяржаве. Ну ня здольная сёньня Беларусь быць беларускай! Дык і ня варта ставіць сабе гэта ў пляны. Ня можам мы пакуль атрымаць усё. Як ні прыкра, беларусы, калі можна так сказаць, сапраўдныя, у ХХІ-м стагодзьдзі, у сваёй краіне апынуліся нацыянальнай меншасьцю. Дык трэ зыходзіць з гэтага й ставіць адпаведныя задачы. Неабходна мацавацца знутры.
І ў гэтай справе проста захапленьня заслугоўваюць тыя высілкі, дзякуючы якім зьявіліся CD, відэа, казкі, кніжкі для дзетак на адпаведнай мове. Ідзе збор подпісаў за нацыянальны Ўнівэрсытэт. Так трымаць!
Натуральна, што і ў гэтай справе ня трэба губляць галаву, а антызаконным дзеяньням улады трэба выказваць свой пратэст. Але файна было б так спалучаць гэтыя рэчы (з акцэнтам на стваральнае), каб гэта працавала дзеля нашае агульнае будучыні з максымальнай аддачай.
Андрусь Кавалёў, Магілёў