БТ вачыма беларуса

ДЗЕНЬ ДУРНЯ

 

Дарэмна, як выходзіць, наракаем на шэрасьць многіх БТ-шных праграмаў ды адсутнасьць яскравых забаўляльных шоў. Думалася, што й на 1-га красавіка нічога асаблівага ня ўбачым. Ганьба пэсымістам, таварышы, ганьба! А “Землякоў” хоць калі-небудзь глядзелі?! Вось дзе ўжо першакрасавіцкі эфір, ажно фэерычны! Даўно так не сьмяяўся — розныя Жванецкія проста адпачываюць! Толькі ўявіце сабе — перад поўнай заляй нейкага раённага ДК ды перад тэлекамэрамі выступае мясцовая працаўніца ды голасна й ганарліва распавядае пра сёньняшняе жыцьцё: што “ў настаяшчая ўрэмя” сьвінагадоўля ў іх трымаецца нармальна (воплескі). А потым пра чаканьні ад заўтра: выказвае шчырыя спадзяваньні ды веру ў тое, што ў бліжэйшай будучыні пагалоўе сьвіньняў дасягне ня тое што шасьцідзесяці, а нават і ста! (бурныя воплескі). Гэта ж трэба было прыдумаць! А вось вядучы з замілаваньнем паведамляе, што зараз мы паслухаем таварыша Міхаіла Міхайлавіча Міхалевіча, мэханіка мэханічнага ўчастка мэханізатарскай брыгады (шалёныя воплескі). І той, пачырванеўшы ад гэткай увагі да сябе, выкладвае пра посьпехі свайго працоўнага калектыву: “У пасьледнія… пасьледнія гады мы купілі цехніку, купілі тры трактары “Беларусь”. Каму яшчэ ня весела?! І гэтак усю перадачу! Зь перарывамі на гістарычныя даведкі: што ў раёне ёсьць чатыры (!) добрыя калгасы, нейкія там “Зара камунізму” ці “Шляхам Дзяржынскага”. Прычым слова “добрыя”, здаецца, не прагучала. Гэта ж жывоцікі надарваць! Што нам Адэса ды Габрава! Што нам мадэрновыя заходнія тэлегульні, калі выстаўляюць у эфір прыватнае жыцьцё! Каб столькі людзей адразу на ўсю краіну дэманстравалі, што 1-га красавіка — гэта іх дзень!.. Дык мы жа насамрэч “ўперадзі планеты ўсей!”

А ўвечары яшчэ адна гумарына, больш для інтэлігентнай аўдыторыі: “Панарама” пра вышэйшы візыт у братнія Арабскія Эміраты. У бясконцыя расповеды пра блізкасьць нашых краінаў, у параўнаньні Эміратаў і Рэспублікі (там таксама вельмі любяць свайго “прэзыдэнта”, і партрэты ягоныя паўсюль вісяць, і дэмакратыю па-свойму разумеюць) упляталіся словы пра тое, што тамтэйшага любяць за фантастычны ўзьлёт узроўню жыцьця эміратцаў. Пра тое, што кожнаму грамадзяніну пры нараджэньні адкрываюць рахунак на некалькі тысячаў даляраў. Пра незьлічоную колькасьць ды неапісальную свабоду свабодных эканамічных зонаў… Гэта ўсё ў ААЭ, якія так падобныя на РБ, і на якія мы будзем яшчэ больш падобныя, калі ня будзем нават жадаць гаварыць нешта дрэннае пра «бацьку». Гэта ж якія тонкія ды сьмелыя жарты! І сапраўды, калі там на месцы пяскоў сучасныя гарады за пару дзесяцігодзьдзяў пабудавалі, дык і мы можам, прынамсі, на месцы гарадоў пяскі зрабіць — веліч маштабаў тая ж!

А некаторыя ўсё “Жванецкі, “Куклы”, Петрасян…” БТ — яно і ў Эміратах БТ!

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0