Літургія па-беларуску

Ватыкан зацьвердзіў багаслужбовыя тэксты ў перакладзе а.Аляксандра Надсана

На пачатку сакавіка Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы а.Аляксандар Надсан атрымаў канчатковае зацьвярджэньне Апостальскім Пасадам сваіх перакладаў багаслужбовых тэкстаў для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. У гутарцы, запісанай для нашае газэты, а.Аляксандар тлумачыць сэнс гэтае падзеі, распавядае пра гісторыю сваіх перакладаў, гаворыць пра цяперашнюю сытуацыю ў Грэка-Каталіцкай Царкве і ролю, якую цэрквы могуць адыгрываць у сучасным жыцьці ў Беларусі.

 

— Якое значэньне мае зацьвярджэньне Ватыканам тэкстаў Вашых перакладаў?

— Паколькі літургія, набажэнствы — гэта справа ўсёй царквы, дык у Каталіцкай Царкве склалася практыка зацьвярджэньня царкоўнымі ўладамі перакладаў багаслужбовых тэкстаў для супольнай малітвы.

Зацьвярджэньне Апостальскай Сталіцай беларускіх перакладаў ня варта разглядаць як нейкі гонар, бо беларуская мова сама па сабе ня мае патрэбы ў зацьвярджэньнях каго б ні было. Багушэвіч колісь сказаў, што «мова нашая — сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная». І дар гэты зусім незалежны ад царквы, якая павінна ўспрымаць існаваньне кожнай мовы як факт. Справа царквы — пацьвердзіць, што пэўны пераклад адпавядае патрэбам супольнага набажэнства , ня мае дагматычных памылак, а ягоная мова — добрая й зразумелая.

 

— Ці доўга Вы перакладалі?

— Памятаю, калі я быў яшчэ маладым, да сэмінарыі, нашыя сьвятары з гонарам казалі братом-лаціньнікам: «Вы вось моліцеся толькі на лаціне, а ў нас (г.зн. — у грэка-каталікоў) можна ўжываць усе мовы». Крыху дзіўна яно гучала, бо ўсе яны маліліся тады па-царкоўна-славянску, па-чужому.

У Грэцкай калегіі ў Рыме я патрапіў у цікавае асяродзьдзе студэнтаў розных нацыянальнасьцяў: там былі грэкі, альбанцы, італа-альбанцы, арабы, румыны. Усе яны былі каталікі бізантыйскага (альбо грэцкага) абраду, і ўсе мелі багаслужэньні на ўласнай мове. Канешне, было крыўдна за беларусаў. Тады ўпершыню ў мяне ўзьнікла жаданьне перакласьці багаслужбовыя тэксты, каб беларусы маглі маліцца на роднай мове.

Покуль я быў студэнтам, брацца за пераклады было рана, але як толькі ў 1959 г. вярнуўся ў Лёндан сьвятаром, адразу пачаў перакладаць. Памятаю, спачатку пераклаў літургію Яна Залатавуснага, зрабіў гэта даволі хутка. Паказаў тэкст біскупу Чаславу Сіповічу і айцу Ляву Гарошку. Адрэагавалі яна нэгатыўна: «Ёсьць і больш паважныя за цябе людзі, але нават яны не бяруцца за такую справу. Я тады змаўчаў, але думкі не пакінуў».

Паціху працаваў над тэкстамі ўвесь час, але сур’ёзна за іх узяўся ў пачатку 1980-х, калі пасьля сьмерці ўладыкі Сіповіча застаўся адзін у Лёндане. Я тады цьвёрда вырашыў увесьці беларускую мову ў багаслужэньне ў нашай лёнданскай царкве сьв. Пятра і Паўлы.

Між іншым, я ня быў першым перакладчыкам. Ужо пазьней я даведаўся, што ў Чыкага (там у сярэдзіне 50-х утварылася грэка-каталіцкая парафія) Вацлаў Пануцэвіч пераклаў літургію. У яго была добрая воля, але бракавала магчымасьцяў зрабіць якасны пераклад. Прыкладна ў той жа час, што і я, перакладаць пачаў мітрапаліт БАПЦ Мікалай з Таронта. Так што, як бачыце, гэта быў час, калі патрэба ў беларускамоўным багаслужэньні ўжо выразна насьпела.

 

— Атрымліваецца, амаль дваццаць гадоў Вы прысьвяцілі перакладам. Увесь гэты час Вы працавалі цалкам самастойна?

— Калі ў 1990 г. я ўпершыню прыехаў у Беларусь, дык асноўная частка працы ўжо была зробленая. Апошнімі гадамі я больш вывяраў пераклады, чым рабіў новыя.

Зразумела, першыя варыянты перакладаў былі недасканалыя. Я даваў іх праглядаць усім, каму было магчыма. Памятаю, першым крытыкам перакладаў стала др. Ніна Баршчэўская (цяпер — кіраўнічка Беларускай праграмы Польскага радыё), тады — студэнтка беларускай філялёгіі з Варшавы. Ейныя заўвагі былі вельмі цікавыя й разумныя. Потым былі іншыя крытыкі: сьветлай памяці прафэсар Антон Адамовіч зь Нью-Ёрку, прафэсар Алесь Баршчэўскі з Варшаўскага ўнівэрсытэту і шмат хто яшчэ. Я з удзячнасьцю прымаў усе прапановы й заўвагі. Шмат крытыкаў было таксама з самой Беларусі. Назваць імёны ўсіх немагчыма, але я асабліва ўдзячны Сяргею Шупу, Ірыне Дубянецкай, Караліне Мацкевіч.

Сам сваіх памылак часта ня бачыш, а ў багаслужбовых тэкстах важнае кожнае найдрабнюткае слова. Таму я ўважаю гэтыя пераклады плёнам супольных высілкаў многіх людзей. Я толькі пачаў, але многія іншыя далучыліся да працы з добрае волі, ахвяраваўшы свае веды й здольнасьці. Дзякуй Богу за гэта.

 

— Перакладалі Вы з грэцкіх тэкстаў?

— Перакладаў з арыгіналаў, якія звычайна былі на грэцкай мове, дзеля дакладнасьці параўноўваў зь перакладамі на іншыя мовы. Выключэньні тут складалі тэксты багаслужэньняў на некаторыя сьвяты, якіх ня маюць грэкі, але толькі славяне, як, скажам, сьвята Покрыва Багародзіцы, Язафата або Кірылы й Мятода. Некаторыя службы, напрыклад, малебен за беларускі народ, давялося ўкладаць самому.

 

— Ці маеце пляны перакладаць нешта яшчэ?

— Ужо зроблена ўсё, што неабходна для нармальнага літургічнага жыцьця парафіі. Перакладаць можна бясконца, бо бізантыйская літургічная традыцыя стваралася стагодзьдзямі й яна вельмі багатая, але цяпер няхай папрацуе нехта іншы. Калі дасьць Бог сілаў, дык хацеў бы ўкласьці поўныя службы на сьвяты Эўфрасіньні Полацкай і Кірылы Тураўскага, а таксама перакласьці стольнае Эвангельле (збор фрагмэнтаў з чатырох Эвангельляў, укладзеныя ў парадку, як яны чытаюцца цягам году пад час літургіі).

 

— Вы не падзяляеце думкі пра патрэбу «сакральнай» мовы ў царкве?

— Я ня ведаю паняцьця «сакральнае» мовы. Узяць бы хоць тую царкоўна-славянскую, дык яна колісь была жывой гаворкай. Тое самае можна сказаць пра лацінскую, грэцкую ці габрэйскую мовы. Зрэшты, Хрыстос гаварыў па-простанароднаму, па-арамейску. Кожная мова добрая, каб славіць Бога, і няма ніякіх сур’ёзных аргумэнтаў супраць беларускай мовы ў царкве. Перакладаць на яе багаслужбовыя тэксты — значыць працягваць працу Кірылы й Мятода, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё, каб даць Слова Божае славянам на зразумелай мове, каб маліцца, словамі апостала Паўлы, «ня толькі сэрцам, але й розумам».

 

— Выглядае, што беларуская мова засталася адзінай эўрапейскай мовай, на якую не перакладзеная ўся Біблія...

— Гэта, несумненна, балючае пытаньне. Колісь адважыўся Скарына, і з тых часоў ніхто так па-сапраўднаму за Біблію ня браўся. Ёсьць амаль поўны пераклад Бібліі, зроблены ў Нью-Ёрку Янкам Станкевічам, але ягоная мова занадта дзіўная, дый сам ён быў непадрыхтаваны да такой працы. Працаваў над перакладам таксама а.Уладзіслаў Чарняўскі, але ягоныя тэксты ў большасьці ня выдадзеныя. Наколькі ведама, ён не перакладаў з арыгінальных моваў.

 

— А Вы б не ўзяліся цяпер за Біблію?

— Не, я слабы бібліста. Да таго ж, акрамя грэцкай, трэба добра ведаць шэраг іншых моваў: габрэйскую, арамейскую, сырыйскую. Перакласьці Сьвятое Пісаньне — вялікая справа, цяпер ужо непасільная аднаму чалавеку. Я вельмі рады, што даў магчымасьць дзьвюм асобам падрыхтавацца да гэтай справы: Ірына Дубянецкая й Караліна Мацкевіч ужо заканчваюць свае багаслоўскія й біблейскія навукі. Акрамя іх у Беларусі ўжо ёсьць некалькі чалавек, здольных удзельнічаць у перакладзе. Цяпер патрэбна толькі крыху часу й грошай.

 

У пачатку сакавіка споўнілася 10 гадоў, як Вы ў Менску адслужылі першую пасьля доўгага перапынку грэка-каталіцкую літургію. Чаму Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая адрадзілася ў 1990 г., дагэтуль ня мае сваёй ерархіі?

— Перадусім, мала сьвятароў, з каго біскуп мог бы быць абраны. Па-другое, фальшывае разуменьне экумэнізму, калі грэка-каталікі становяцца закладнікамі пашырэньня кантактаў паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі. Немалая адказнасьць таксама ляжыць на тых, хто мае дачыненьне да кіраваньня нашай Царквой, але жыве па-за межамі краіны. Адкуль ім ведаць сапраўдныя патрэбы й жаданьні беларусаў, калі яны не жывуць з намі нашым жыцьцём? Праўда, гісторыя ведае прыклады вялікіх апосталаў, якія працавалі сярод іншых народаў. Але гэтыя людзі жылі з народам, станавіліся аднымі з гэтага народу. Найлепшы прыклад тут — апосталы славянаў Кірыла й Мятод.

Баюся, людзі, асабліва маладыя, якія з добрай воляй і шчырымі памкненьнямі прыйшлі ў Грэка-Каталіцкую Царкву, могуць зьняверыцца, калі бачаць такое стаўленьне да іх, да Царквы з боку вышэйшай царкоўнай улады. Многія зь іх сталі грэка-каталікамі ня толькі з рэлігійных, але і з нацыянальных меркаваньняў. Што ж, кожная дарога да Бога добрая, толькі трэба своечасова чалавека правільна накіраваць.

 

— Паўтараецца сытуацыя, у якой грэка-каталікі апынуліся перад вайной?

— Тады кіраўнікамі Царквы для грэка-каталікоў былі біскупы лацінскага абраду, небеларусы і зь беларускай царквой ніяк не зьвязаныя. Звычайна яны былі непрыхільна настаўленыя да каталікоў усходняга абраду. А сярод сьвятароў было поўна «тоже белоруссов» з былога праваслаўнага духавенства і «двухабраднікаў» — лаціньнікаў, звычайна палякаў, для якіх усходні абрад быў толькі нечым вонкавым. Гісторыя тады закончылася сумна: пры першым выпрабаваньні на пачатку вайны і адныя, і другія пакінулі Грэка-Каталіцкую Царкву й вярнуліся да таго, кім былі раней.

 

— Якой можа быць роля царквы ў грамадзкім жыцьці сучаснай Беларусі?

— У любой дзяржаве царква захоўвае пэўную аўтаномію, асабліва адносна палітычнага жыцьця. Ёсьць, аднак, рэчы, пра якія нельга маўчаць, пра якія трэба выразна выказвацца. Думаю, у Беларусі здараецца шмат нагодаў царкве зрабіць гэта калі ня словам, дык дзеяньнем. Прыкладам, што датычыць беларускай мовы. Калі царква ўважае несправядлівай сытуацыю, якая склалася цяпер, дык у ейных сілах зрабіць так, каб багаслужэньні й казані былі па-беларуску, кнігі й пэрыёдыкі былі беларускамоўнымі. Нягледзячы на палітыку ўладаў, царква можа і павінна служыць народу.

Таксама, ці павінна царква маўчаць у выпадку несправядлівых арыштаў? Што больш па-Божаму: змаўчаць ці сказаць праўду, асабліва пры такім рэжыме, як цяперашні?! Канешне, трэба мець шмат разважнасьці, але нельга маўчаць заўсёды. Інакш навошта быць царквой?..

Прыгадайма сьветлай памяці айца Яна Матусевіча. Калі ў 1996 г. пасьля Чарнобыльскага шляху два лідэры Народнага Фронту трымалі галадоўку за кратамі, ён быў адзіны, хто дамогся адведаць іх. Ён не пабаяўся пайсьці да ўладаў і сказаць: «Там мае вернікі сядзяць, я хачу іх пабачыць». Ведаю, што тыя людзі й потым зь цеплынёй узгадвалі сьвятара, які іх падтрымаў і прынёс пацяшэньне. Айцец Ян спакойна, але й адважна рабіў тое, што вымагала ягонае сумленьне й сьвятарскі абавязак. Бяда, калі Царква зачыніцца ў сабе: што навонкі — нас не абыходзіць.

 

— Вы цяпер пішаце працу пра гісторыю Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ці шмат яшчэ засталося таямніцаў у царкоўнай гісторыі?

— Калі йдзе пра Грэка-Каталіцкую Царкву, дык там паўсюль таямніцы. Што ні возьмеш — усё загадкі, недасказанасьці або стэрэатыпы. Скажам, роля друйскага кляштару айцоў марыянаў у беларускім і, асабліва, грэка-каталіцкім жыцьці міжваеннага часу. Рызыкну сьцьвердзіць, што гэтая роля перабольшаная ў многіх публікацыях. Мала яшчэ вядома пра стаўленьне рыма-каталіцкіх біскупаў да беларускага руху ў заходняй Беларусі. Не напісаная дагэтуль праўда пра незрэалізаваны намер княгіні Магдалены Радзівіл стварыць Беларускую грэка-каталіцкую калегію ў Рыме. Дый пра гэтую выдатную жанчыну таксама мы ведаем яшчэ недастаткова.

Я хацеў бы засяродзіцца на гісторыі нашай царквы ў ХХ стагодзьдзі, бо менавіта там — найбольш недасказанага. У бібліятэцы ў Лёндане мы маем шмат неапрацаваных яшчэ матэрыялаў, датычных міжваеннага пэрыяду. Некаму, можа, будзе балюча разьвітацца зь легендамі, але й праўду няма сэнсу хаваць. Гэта ўжо гісторыя, а яна павінна быць праўдзівая, каб у прышласьці не паўтараць памылак.

Так найчасьцей здараецца, што калі гісторыю піша каталік, дык Каталіцкая Царква заўсёды мае рацыю, калі ж праваслаўны аўтар — наадварот. Думаю, насьпеў час усім нам прыўзьняцца над непаразуменьнямі й недаверам адзін да аднаго. Памятаю, у маладыя гады я захапіўся асобай сьв. Тамаша Мора — ангельца, забітага ў часы рэфармацыі за адмову пакінуць Каталіцкую Царкву. Неяк трапіла мне ў рукі ягоная біяграфія, напісаная адным пратэстантам. Ведаеце, я ня бачыў больш аб’ектыўнай біяграфіі Т.Мора: з пэрспэктывы стагодзьдзяў аўтар здолеў узвысіцца над тымі трагічнымі непаразуменьнямі. Тое самае варта зрабіць нам, беларусам, адносна ўсяго, што можа быць прыкрым для нас у нашай уласнай гісторыі.

Як хутка Вашыя пераклады і гісторыя Грэка-Каталіцкай Царквы зьявяцца ў Беларусі?

— Пераклады ўжываюцца ў Грэка-Каталіцкай Царкве і цяпер. Новае іх выданьне і гісторыя Царквы, спадзяюся, будуць апублікаваныя сёлета.

Гутарыў Ігар Іваноў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0