Палац Рэспублікі на Марсе

У Заслаўі адкрылася выстава вандроўнага мастака

 

Асабліва нястача альбомаў і кніг, прысьвечаных “зачараванаму вандроўніку”, як называлі Язэпа Драздовіча сучасьнікі, адчуваецца сёньня на гэтай выставе, што працуе ў Заслаўскім краязнаўчым музэі. Праўда, менчукі лянуюцца сюды ехаць. Затое дзьве кабеты з Масквы спыталіся, хто такі Сымон Будны і што азначае назва аднаго з палотнаў Драздовіча “У паўднёвай краіне”. Экскурсавод перакладу на “вобчапанятную” мову ня ведаў: “Понимаете, это как бы полдня...”

Мэта выставы — раскрыць шматбаковую творчасьць Драздовіча. Нешта з таго выйшла. Экспазыцыя разьмясьцілася ў невялікай утульнай залі й падзеленая на дзьве ўмоўныя часткі. У першай паўстае вобраз мастака-летапісца. Паводле сьведчаньняў, Драздовіч маляваў свае абразы як Сальвадор Далі: паспаў — прачнуўся — напісаў. Вобразы прыходзілі ў мроях ці, як сьцьвярджаў сам майстар, ад Бога. “Князь полацкі Рагвалод”, “Князь смаленскі Раман Расьціславіч”, “Дапытваньне”, “У сьвет па навуку” — ляканічныя вобразы роднае мінуўшчыны.

Здаецца, не стае нам сваіх гістарычных палотнаў, а ў Драздовіча іх безьліч, проста ня хочам прызнавацца, што не шукаем і не карыстаемся. На жаль, на выставе паказаныя толькі аскепкі творчае спадчыны мастака — шмат што па-за межамі РБ. У тым ліку і краявіды Віленшчыны ды Віцебшчыны. Затое ёсьць замаляваныя Драздовічам палескія цэрквы, ад якіх і сьледу сёньня не засталося. Шмат маляваных дываноў.

Другая частка экспазыцыі прысьвечаная Драздовічу — касмолягу. Тут — “Прырода Месяца”, “Штучнае мора на Марсе”, “Космас”, “Сустрэча вясны на Сатурне”, “Панарама месячнага места”. Мастак быў перакананы, што на іншых плянэтах віруе жыцьцё, ён у снох падарожнічаў па нябачных простаму воку касьмічных целах. Ягонае бачаньне незямной архітэктуры — гэта нешта паміж эгіпэцкімі стэламі й Палацам Рэспублікі. На Марсе, паводле Драздовіча, у пустым краявідзе гэткім збудаваньням і месца.

Космас Драздовіча — гэта адна з найцямнейшых бачын жыцьця мастака: яшчэ не надышоў час вывучэньня ягоных працаў на лекцыях астраноміі ў беларускіх школках (гэткага ня вучаць нават у славутым Беларускім ліцэі), няма ягоных малюнкаў у кнігах з прыродазнаўства. А дарма: прымітывізм застаўся на зямлі, у космасе ж ён пакуль для нашых мастакоў недасяжны.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0