Каля 30 тысяч чалавек выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы 19 сакавіка, нягледзячы на беспрэцэдэнтную кампанію запалохваньня, што папярэднічала выбарам. Мітынг праходзіў выключна мірна і пры вялікім энтузіязьме прысутных. Мітынг быў відавочна зацягнуты. На плошчы не было нічога чуваць, таму ў завіруху людзі пачалі разыходзіцца. Лідэры гэта адчулі і, насуперак ранейшым заклікам не разыходзіцца, памянялі рашэньне і запрапанавалі прайсьці на плошчу Перамогі, дзе маніфэстанты ўсклалі кветкі да Вечнага агню.

Тым часам Цэнтравыбаркам агучваў папярэднія вынікі галасаваньня, што мала розьніліся ад зьвестак “экзыт-полаў”, праведзеных прыдзяржаўнымі структурамі. У выбарах узялі ўдзел 92,6% выбарцаў — рэкордны вынік, і зь іх А.Лукашэнку аддалі галасы каля 88%, а А.Мілінкевічу — 4%.

Прадстаўнікі апазыцыі агучылі зусім іншыя зьвесткі, што грунтуюцца на лічбах, атрыманых у выніках экзыт-полу, арганізаванага маскоўскім “Лявада-цэнтрам”. Згодна зь імі, А.Лукашэнка набраў толькі 47,5% галасоў, а А.Мілінкевіч — 25,6%, і павінен быў бы адбыцца другі тур выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін заклікалі сваіх прыхільнікаў сабрацца на плошчы зноў сёньня 20 сакавіка, а 18.30. 20 сакавіка і стане вырашальным днём гэтых выбараў.

Калі апазыцыі ўдасца сабраць большую колькасьць маніфэстантаў, яна можа перахапіць ініцытыву ва ўладаў. Калі ж людзей прыйдзе менш, чым у нядзелю, гэта прывядзе да згасаньня пратэстаў і фактычнага прызнаньня перамогі А.Лукашэнкі.

Трэба адзначыць, што кіраўнік назіральнікаў АБСЭ ўжо заявіў Лідзіі Ярмошынай, што справаздача назіральнікаў пра выбары будзе “ня кепскай, а вельмі кепскай”.

Больш пра падзеі чытайце на сайтах

kp.belkp.by

svaboda.org

naviny.by

elections.belapan.com

tut.by

charter97.org

gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0