Анты-Макдональдз

 

Вось мы прыйшлi ў рэстаран «Макдональдз». Паселi за плястыкавыя сталы. Замовілі нятанную каву. Ёсьць час паразважаць.

У кожным горадзе сьвету знаёмцы прызначаюць спатканьне ля «Макдональдзу». Бо ў кожным ён ёсьць. Мэню — аднолькавае. Дабл — вольны. Колер — чырвона-жоўты.

Хаця — на тым жа захадзе для многiх ён дарагаваты.

«Макдо» не адзіны ў гэткай сваёй «глябальнай» надакучлівасьці. Напрыклад, па ўсёй Эўропе проста на сьценках вісяць мапы месцаў з чырвонаю значкаю «Q» у куце — гэта «Quick», яшчэ адно заўсёднае месца сустрэчаў. Але ж менавіта клёўну Рону давялося паспытаць дзе агрэсіўнай, дзе імпульсіўнай — нянавісьці з боку групоўкі, што распаўсюдзілася, як і сам рэстаран, па ўсім сьвеце, назваўшыся «Анты-Мак рух». А пачыналася ўсё такім чынам.

У пачатку 70-х у Лёндане, вядомым нетрадыцыйнымі сродкамі барацьбы грамадзкіх актывістаў, утварылася групоўка з назваю «London Greenpeace», якая, дарэчы, да сусьветнага «Грынпісу» ніякага дачыненьня ня мела. Акрамя ўдзелу ў такіх традыцыйных ангельскіх забавах, як шахцёрскія страйкі ды барацьба супраць пабудовы новых аўтамагістраляў, маладыя ўдзельнікі групоўкі вызначаліся асабліва нэгатыўным стаўленьнем да ўсяго, што ў іх разуменьні атаесамлялася з «манапалістычным» ды «карпаратыўным» ладам жыцьця. «Макдональдз», гэткі своеасаблівы монстар сусьветнае ўніфікацыі, чымсьці асабліва не задаволіў іх, і ў 1985 годзе групоўка абвясьціла першы міжнародны «Анты-Мак» дзень — 16 кастрычніка, у міжнародны ААНаўскі «Дзень Ежы». Ужо ў 1986-м годзе ўлётка на шасьці старонках «Што ня так з Макдональдзам, альбо Ўсё тое, чаго яны ня хочуць, каб вы ведалі» распаўсюджвалася ў вялікай колькасьці перад шматлікімі ангельскімі Мак-рэстаранамі. Да пары ўсё было ціха, толькі вэгетарыянскі каапэратыў «Veggies» з Нотынгему атрымаў па шапцы за тое, што прапанаваў анты-Мак улётку сваім кліентам. Але працэс пайшоў. У 1989-м годзе «Макдональдз» распаўсюдзіў сваю «анты-ўлётку» McFact, у якой аспрэчваў пастуляты лёнданскае групоўкі.

А потым прыйшоў час і больш сур’ёзных «разборак». Зважаючы на тое, што хваля анты-Макаўскіх выступаў толькі ўзрастае, карпарацыя вырашыла прыцягнуць сваіх крытыкаў да судовае адказнасьці. А калі выявілася, што актывісты «Лёнданскага грынпісу» з-за сваіх анархічных звычак нідзе гэтую суполку не рэгістравалі, прыйшлося прыватную інфармацыю пра яе ўдзельнікаў здабываць з дапамогаю прыватных дэтэктываў-«шпіёнаў» ды сувязяў ахоўнае службы кампаніі з паліцыяй Лёндану. Так ці інакш, але неўзабаве былі выкрытыя пяцёра з актывістаў анты-Макаўскае кампаніі — ім прапанавана было публічна папрасіць прабачэньня ў дзядзькі Рона, альбо — быць прыцягнутымі да судовага працэсу з абвінавачваньнем у паклёпе. Дэйв Морыс, лёнданскі паштальён, ды садоўніца Хелен Сціл адмовіліся ад прапановы. Пачаўся самы доўгі ў гісторыі Вялікабрытаніі судовы працэс, які ў навінах 4-га каналу брытанскае тэлевізіі назвалі «найбуйнейшаю карпаратыўнаю PR-катастрофаю ў гісторыі». Праз два з паловай гады ад яго пачатку, у лютым 1996-га, судзьдзя Бэлз зачытаў канчатковы вэрдыкт — каля судовае залі яго чакалі прадстаўнікі больш як 50-ці мясцовых ды сусьветных мас-мэдыяў. Працэс, які абаронцы вялі з 35000 сабраных грамадзкасьцю фунтаў дый адвакатам-добраахвотнікам супраць каманды выдатных юрыстаў ад карпарацыі (Макдональдз выдаткаваў суму, большую на пару парадкаў), скончыўся палавінчатым прысудам. Было сьцьверджана, што зьмешчаныя ва ўлётцы абвінавачваньні супраць кампаніі — эксплюатацыя дзяцей дзеля рэклямы, рызыка для самых заўзятых аматараў «мак»-ежы і анты-трэйд-юніянісцкая палітыка — маюць грунт. Аднак адказнасьць «Макдональдза» за вынішчэньне трапічных лясоў, распаўсюджаньне хваробаў сэрца, раку ды кепскія ўмовы працы не была даказаная. У выніку абаронцы мусілі выплаціць кампаніі 60 000 фунтаў — палову ад іскавае сумы.

Праз два дні Дэйв і Хелен, а поруч зь імі актывісты ня толькі ў Брытаніі, але й па ўсім сьвеце, распаўсюдзілі перад дзьвярыма рэстаранаў больш за паўмільёна ўлётак. Справа працягнулася дый толькі набыла размах — вэб-сайт Мcspotlight.org, створаны ўдзельнікамі працэсу, толькі ў першы месяц наведала каля мільёну чалавек, зь іх 2700 — з карпаратыўных кампутараў фірмы «Макдональдз». На сёньняшні дзень колькасьць анты-Мак улётак, распаўсюджаных па ўсім сьвеце, магчыма, перавышае колькасьць гамбургераў і чызбургераў, зьедзеных ва ўсіх рэстаранах «Макдональдз» за ўсю ягоную гісторыю.

Адно з абвінавачваньняў, ва ўсялякім разе, з тых, што зьмешчаныя ў клясычнай «анты-макаўскай» улётцы — эксплюатацыя дзяцей — можна прад’явіць і стваральнікам рэклямы вялікага «М» у Беларусі. Першая хваля наведнікаў, якая ўзьнікла пасьля адкрыцьця менскіх рэстаранаў, патроху сышла, ды — з часам — ледзь не да нуля — надта дарагія сталі бігмакі для дзённага перакусону. Добра, што ў каморы рэклямных стратэгаў ад «МакДо» знайшлася гармата буйнога калібру — калекцыя цацак пад адзін з варыянтаў комплекснае ежы «Гэпі Мілз». Дзеці, наглядзеўшыся тэлебачаньня, даводзяць да жаху матак і бацькоў, бо несупынна енчаць дый патрабуюць адпачынку ў гасьцёх у Рона. «Гэпі Мілзу», прычым, яны прынцыпова не ядуць — куды больш вабяць танныя дый блазнаватыя цацкі.

Але — якая ж альтэрнатыва? Можна ў сувязі з гэтым зазірнуць у сонечную Італію, дзе шмат гадоў ужо існуе таварыства аматараў «Павольнае ежы», колькасьць супольнікаў якога па ўсім сьвеце перавышае 65 тысяч. Стварыў яго Карла Пэтрыні, які свае лявацкія ідэалы абвяшчаў яшчэ на пачатку 70-х зь пірацкае радыёстанцыі ў П’емонце. «Я зразумеў, — кажа Карла, — што той, хто пакутуе ад няшчасьцяў іншых, прыносіць болей шкоды для чалавецтва, чым той, хто проста жыве з асалодаю». Таму першы прынцып таварыства — трэба есьці. Другі — трэба есьці добра. Назва таварыства гаворыць сама за сябе. «Мы ня супраць Макдональдзу, — сьцьвярджае Пэтрыні, — мы супраць абмежаванага погляду на такі значны кавалак жыцьця, як тое, чым мы харчуемся. Няхай кожны даведаецца, пакаштуе і абярэ сам». На вялікім фэстывалі ежы «Salone del gusto», які таварыства (сам італьянскі прэм’ер Масіма Д’Алема зьяўляецца ягоным супольнікам) праводзіла на працягу пяці дзён у Турыне, можна было пакаштаваць творчасьць — менавіта творчасьць — кулінараў з усяго сьвету, ды, найперш — адчуць смак нацыянальных традыцыяў у страве. А іх, на меркаваньне ўдзельнікаў «Павольнае ежы», трэба захоўваць, як тых птушак і зьвяроў, што зьнікаюць з паверхні плянэты Зямля. Вытворцам унікальнага сыру, тэхналёгія якога захавалася, мо, у двух-трох горных вёсачках Францыі ці Швэйцарыі, не зьмяніўшыся праз стагодзьдзі — ня вытрываць у канкурэнцыі з «хуткаежнямі». Але гэта — самая культура, традыцыя, са зьнікненьнем якое чалавецтва сапраўды зьбяднее. Таму з клопату вясёлага дый дзівакаватага Карла, які, зьдзейсьніўшы сваю мару, стаў адным з самых удалых ды найпапулярных жыхароў Італіі, варта трохі і павучыцца.

Міхась Шупенька

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0