Адам Глёбус

Невялікае пра вялікіх

 

Леанарда

Пра геніяльнасьць Леанарда да Вінчы ведае школьнік. Ведаюць усе й пра Леанардаўскую фрэску “Тайная вячэра”, на якой Хрыстос з вучнямі сядзяць за сталом. Але мала хто зьвяртае ўвагу на прастакутнік унізе сьценапісу. У свой час манахі прабілі дзірку ў фрэсцы, каб зрабіць дзьверы з варыльні ў трапезную. Манахаў не задавальняла халодная ежа; пакуль даносілі страву праз двор, яна астывала. Вось і прабілі дзьверы, пашкодзілі геніяльны твор. Але чаму сам Леанарда не падумаў пра тэмпэратурны стан страваў, ці можа, на ягоную думку, Хрыстос з апосталамі елі толькі халоднае?

 

Шагал

Палотны Марка Шагала — гэта не жыдоўская Беларусь, гэта сны пра жыдоўскую Беларусь.

 

Тулуз-Латрэк

Прарок-карузьлік запачаткаваў экспрэсіянізм у жывапісу. Ён вырваўся зь летуценнага імпрэсіянізму ў сьвет эмацыйны й трагічны. І апошнія словы, сказаныя ім да бацькі, які прыйшоў разьвітацца з пакалечаным сынам і пачаў замест выказваньня спачуваньняў лавіць і душыць мух, былі: “Стары ідыёт”. Так пачалося жыцьцё мастацтва ў найжахлівейшым ХХ стагодзьдзі.

 

Пікаса

Пабла Пікаса — форма візуальнага мысьленьня.

 

Фальк

Твор мастацтва розьніцца ад звычайнай рэчы дадатковай якасьцю. І ўсе гэтыя выразы: архітэктура — музыка ў камені, смачны жывапіс, жывапісная мэлёдыя — маюць пад сабою пэўны грунт. Першы раз на выставе знакамітых аўтапартрэтаў я выразна адчуў, як візуальны вобраз можа нарадзіць водар. Аўтапартрэт Робэрта Фалька патыхаў смажанай цыбуляю. З палатна на мяне пазіраў праз акуляры фанабэрысты Робэрт з блакітным выгаленым падбародзьдзем, і я выразна чуў цыбульны пах, нібыта за палатном схавалася Робэртава жонка з паніваю, напоўненай салодкімі скрылікамі сакавітай гародніны. Некалькі разоў я вяртаўся да Фалькавага партрэту, і цыбульны водар узнаўляўся. Самае цікавае, што ніякай цыбулі на карціне не было. Было шэрае тло, плечы й галава ў шапачцы.

 

Рэнар

На дрэвах амаль яшчэ няма лістоты, і ў вадзе адлюстроўваюцца толькі камлі: усё астатняе занадта празрыстае… Такі краявід апісаў Жуль Рэнар — найпершы з імпрэсіяністаў у прозе.

 

 

Мапасан

Заўсёды адчуваў у творчасьці Гі дэ Мапасана нешта жывёльнае, але якая менавіта жывёліна больш падобная да францускага навэліста, я не задумваўся. «Тэн назваў яго: сумны бык. Ён і сапраўды быў сумны ад усьведамленьня, што ён больш бык, чым вялікі мастак», — запісаў Рэнар. Так і ёсьць: Мапасан — вялікі бык.

 

Рэнар

Ніколі не любіў тэатру. І таму я вельмі ўсьцешыўся, калі прачытаў у Жуля Рэнара, аўтара больш як трыццаці п’есаў: “Вельмі тэатральна, то ж бо вельмі фальшыва”.

 

Душамп

Хутка прагартаў гісторыю жывапісу ХХ стагодзьдзя, і ў мяне склаўся агульны вобраз карціны: аголеная, досыць мажная, яркая жанчына з вусамі. Ледзь ня кожны з геніяльных маляваў аголеную, а вось вусы на жаночы твар прымаляваў дадаіст Марсэль Душамп, чым і зьдзівіў стагодзьдзе.

 

Маякоўскі

Уладзімер Уладзімеравіч Маякоўскі, наведаўшы Парыж, заходзіў у майстэрні да Жоржа Брака й Фэрнана Лежэ і прасіў карціны для СССР. Лежэ прапанаваў забраць колькі панясеш. А Брак сказаў, што ўсе палотны прададзеныя, нават толькі распачатыя й нераспачатыя працы ўжо прададзеныя на шмат гадоў наперад. Маякоўскаму спадабаўся Лежэ. Па ўсёй лёгіцы апошніх часоў, мне мусіў спадабацца падыход да справы Жоржа Брака, але мне, як і савецкаму паэту, падабаюцца паводзіны Лежэ.

 

Мікелянджэла

У Мікелянджэла Буанароці згнілі на нагах чаравікі, калі ён расьпісваў Сыкстынскую Капэлу… Ёсьць такое паданьне. Маўляў, вось як чалавек працаваў, забываў пра ўсё на сьвеце, дбаў толькі пра працу. Можа так яно й было насамрэч. Хто цяпер давядзе ці абвергне… Міт мае неабвержную сілу. Але чалавек, чыё імя й згадваць ня варта, любіў пераказваць гэты міт вучням. Хадзіў ён у стаптаных нячышчаных чаравіках, жыў з таго, што маляваў партрэты савецкіх герояў працы. І выклікаў у мяне гідлівасьць. І хацелася яму сказаць: “Ты не Мікелянджэла: ідзі й памый, пасушы й наваксуй абутак”. А не сказаў я яму тое зь вельмі простай прычыны. Падобнаму да яго выкладчыку Анатолю Бараноўскаму я паведаміў досыць зразумелую й відавочную ісьціну: ён — Бараноўскі, а ня Рэмбрант, і я вучуся больш у Рэмбранта, чым у Бараноўскага. Чамусьці Анатоль Бараноўскі пазелянеў і пачаў мяне пераконваць, што я мушу вучыцца й вучуся ў яго — Бараноўскага. Таму наконт чаравікаў я рызыкаваць ня стаў, а проста ўзяў за правіла старанна даглядаць свой абутак.

 

Чукоўскі

Дзіцячы паэт Карней Чукоўскі, а насамрэч Карнейчук, заўважыў, што чалавек за жыцьцё можа знасіць шэсьць палітонаў. Хахол Карнейчук пісаў па-расейску, а таму мусіў мераць жыцьцё не палітонамі, а шынялямі, бо расейская прырода якраз у вайсковым шынялі. Зрэшты й сакральны шынель расейцам прыдумаў украінец Гогаль.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0