Навіны

 

Не страляйце ў Пуціна!

Вяртаемся мы ўчора з жонкаю з царквы са сьвячонаю вярбою, а ў нас пад дзьвярыма стаіць міліцыянт. І з чым, думаеце, заявіўся? Кажа, сёньня ні ў якім разе не высоўвайцеся на балькон. — Што такое? — А Вы ня знаеце? Пуцін прыяжджае, будзе кветкі да Перамогі ўскладаць. — Ды ад нашага дому да плошчы Перамогі 400 мэтраў будзе! — А ўсё адно загадана на бальконы нікога не пускаць.

Вось жа жонка цэлы дзень баялася да вакон падыходзіць — чорт тых расейцаў ведае!

Барыс Тумар

 

Каледж імя Кіта

Баранавіцкі недзяржаўны эканоміка-юрыдычны каледж зьвярнуўся да Барыса Кіта з прапановай надаць Каледжу ягонае імя. Днямі прыйшоў адказ з Франкфурту: сп.Кіт даў згоду.

Руслан Равяка, Баранавічы

 

Адзін дзень у крэсьле

Менавіта столькі часу правёў у крэсьле начальніка сельгасупраўленьня ў Астраўцы старшыня калгасу «Сьвітанак» Мастоўскага раёну Мікалай Жывушка. Прыехаў, пабачыў стан рэчаў у калгасах, дзе, дарэчы, у некаторых ужо пачалі даразаць жывёлу, і зьехаў на ранейшае месца працы. А за бюджэтныя грошы яму ўжо былі падрыхтавалі катэдж.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Бясплатны суботнік

15 і 22 красавіка працоўныя, школьнікі, студэнты адпрацоўваюць суботнік. Адпаведныя распараджэньні выдалі ўсе кіраўнікі выканкамаў. Паводле гэтых распараджэньняў, ёсьць усенародная просьба папрацаваць бясплатна. А заробленыя грошы куды-небудзь пералічыць. Вось вэртыкаль і выконвае загад народу. У Магілёве грошы зь яго накіруюць на аднаўленьне гарадзкой больніцы. Усё б добра, каб ня пэўныя акалічнасьці. Па-першае, ніхто ня ведае, колькі насамрэч будзе зароблена, па-другое, ніхто не кантралюе, куды насамрэч накіруюць сродкі.

 

Суды ў Бабруйску

У Бабруйску 28-гадоваму настаўніку гісторыі Алесю Чыгіру судзьдзя Савасьцянчык вынесла папярэджаньне: 25 сакавіка, у Дзень Волі, Алесь прыйшоў на плошчу Перамогі з двухгадовай дачкой, якая несла ў руках бел-чырвона-белы сьцяжок. На плошчы ў той дзень сабралася каля 300 чалавек. Яны толькі і рабілі, што шпацыравалі па плошчы і размаўлялі адзін з адным. Нічога не рабіў адметнага і Алесь: не выступаў, не разгортваў плякатаў. І ўсё ж яго затрымала міліцыя і абвінаваціла ў незаконным мітынгаваньні. Галоўным жа доказам віны была маленькая дачка з гістарычным беларускім сьцяжком у руках. Усяго 25 сакавіка ў Бабруйску было затрымана 14 чалавек, 8 з якіх — школьнікі. Суды працягваюцца.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Два мільёны і 10 дзён у калгасе

Ашмянскія мытнікі, калі атрымлівалі заробак, не далічыліся два мільёны рублёў кожны. Ім патлумачылі, што грошы пойдуць на падтрымку калгасаў. Але на гэтым усё ня скончылася. У дадатак кожны мытнік павінен адпрацаваць на калгасных палетках па дзесяць дзён.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

Ляпі, але ня сьпі

У чацьвер 13 красавіка ля Акадэміі міліцыі былі затрыманыя маладафронтаўцы Алег Базараў, Максім Рудзянкоў і Аляксей Шпрыкаў. Яны былі схопленыя нейкімі не нашмат старэйшымі за іх вернападданымі «блакітнымі хлопчыкамі» й абвінавачаныя ў расклейваньні налепак «Чарнобыльскі шлях— 2000. Мы — народ» (гл. на с.4).

Міліцыянты змусілі хлапцоў паказаць месца, дзе яны ўзялі налепкі. Напалоханыя хлопцы прывялі «ахоўнікаў парадку» ў сядзібу БНФ, дзе тымчасам адбывалася паседжаньне Ўправы моладзевай арганізацыі Фронту. Маладзёны ў форме нахабна патрабавалі паказаць ім месца, дзе ляжаць налепкі. Натуральна, што гэткага месца ім ніхто не паказаў, дый налепак у сядзібе БНФ, ясная рэч, не аказалася. Тады адзін з «блакітных», напэўна, найдасьціпнейшы, папрасіў налепак «для сябе». Урэшце, празь пятнаццаць хвілін міліцыянты пакінулі памяшканьне на Варвашэні 8, забраўшы ў Савецкую раённую ўправу нутраных спраў (гэтак цяпер мянуецца колішні РАУС) схопленых маладафронтаўцаў. Туды сама паехала й дэлегацыя на чале з Паўлам Севярынцам вызваляць ахвяры.

Анэкдатычнасьць сытуацыі ў неасьцярожнасьці затрыманых, узятых проста між сядзібаю Фронту й Акадэміяй міліцыі.

Віктар Мухін

 

Унівэрсытэтаў, як гразі

У Магілёве зьявіўся днямі шчэ адзін унівэрсытэт. Статус такі надалі Магілёўскаму машынабудаўнічаму інстытуту. Як жартуюць сьмехачы, хутка па колькасьці ўнівэрсытэтаў на душу насельніцтва Магілёўшчына апярэдзіць найбуйныя сталіцы Эўропы. А што вы думалі? Цяпер у вобласьці аж 5 унівэрсытэтаў. Аднак сказаць, што з тае нагоды пабольшала адукаваных і пісьменных людзей, пакуль цяжка. Машынабудаўнічы інстытут апошнім часам трэсьлі скандалы, зьвязаныя са шматлікімі злоўжываньнямі колішняга кіраўніцтва. Кіраўніцтва зьмянілі. Скандалы замялі. А інстытут зрабілі ўнівэрсытэтам. Прычым мяркуецца, што ў будучым ён стане беларуска-расейскім. Ну, бадай, з такім узроўнем адукацыі беларуска-нямецкім ня станеш.

 

Без падлогі, без шпалераў

Будаўнікі перажываюць сур’ёзную крызу вытворчасьці. Афіцыйная статыстыка, праўда, паведамляе іншае: маўляў, паказчыкі першага кварталу гэтага году вышэйшыя за леташнія на 190%. Але яны дасягнуты праз заканчэньне будоўляў зь мінулага году. А новае, як і ў старыя часы, усё ўзводзіцца паводле прынцыпу «абы фундамэнт быў». Пра вастрыню крызы сьведчыць, напрыклад, тая акалічнасьць, што ўпершыню будаўнікам афіцыйна дазволена здаваць дамы зь недаробкамі. У прыватнасьці, тынкаваць і падлагі масьціць цяпер не абавязкова. Канечне, хай дзядзька дарабляе.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Прыбралі вакол Каложы

У тамтую суботу ў Горадні актывісты Маладога Фронту, Маладой Грамады і Альянсу Вітаўта Вялікага правялі суботнік, чысьцячы ад сьмецьця тэрыторыі каля Калоскай царквы. Моладзь плянуе праводзіць такія акцыі кожную першую суботу месяца, — паведамляе Беларуская Асацыяцыя Рэсурсавых Цэнтраў. Хто хоча, можа дазнавацца ў сядзібе БНФ.

Б.Т.

 

Сама адна

12 красавіка на плошчу Незалежнасьці зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках выйшла Ніна Багінская. За руку яна трымала свайго ўнука.

Міліцыянты затрымалі яе і завезьлі ў пастарунак, дзе яна заявіла, што такім чынам нагадала грамадзянам Беларусі пра зьбіцьцё дэпутатаў ад БНФ у красавіку 1995 году ў залі Вярхоўнага Савету. Міліцыянты склалі на Багінскую пратакол аб парушэньні закону пра шэсьці і мітынгі. У хуткім часе яе маюць судзіць. Ці будуць судзіць яе малога ўнука, пакуль невядома.

Праваабарончы цэнтар «Вясна-96»

 

Мэра Паўлава прызналі вінаватым

12 красавіка скончыўся суд па скарзе сп.Мезяка на незаконныя дзеяньні Баранавіцкага гарвыканкаму. У.Мязяк падаў заяўку на правядзеньне 15 сакавіка пікету да Дня Канстытуцыі. Выканкам даў згоду на пікет, але не 15 сакавіка, а 22-га. Адказ быў падпісаны тады ягоным старшынём М.Паўлавым. Тым самым Паўлаў парушыў закон аб сходах: можна памяняць месца правядзеньня акцыі, але ня форму і ня дзень. Таму суд часткова задаволіў скаргу В.Мезяка і рашыў, што М.Паўлавым парушаны закон. Суд абавязаў гарвыканкам кампэнсаваць усе матэрыяльныя страты заяўніка. А вось выбачэньняў ад выканкаму суд не вымагае: няма ў нас такога закону, каб улада перад людзьмі выбачалася за памылкі.

Беларускі Гельсынскі Камітэт

 

За нацыстаў возьмуцца ўлады

У Горадні прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў пару разоў падавалі заявы ў пракуратуру, каб узбудзілі крымінальную справу супраць РНЕ, што яна б’е шыбы ў сядзібе Народнага Фронту і засьмечвае горад нацыскай сымболікай. Нарэшце пачаўся разгляд заяваў.

Б.Т.

 

12 дзетак загінула на Віцебшчыне

За тры першыя месяцы году на Віцебшчыне адбылося 352 пажары. У полымі загінуў 71 чалавек, зь іх 12 дзетак. Проці мінулага году намнога больш: за ўвесь мінулы год пажары ўкралі ў нас 181 жыцьцё, зь іх 13 дзіцячых. Вядома, найбольш пажараў узімку, калі ў грубках паліцца.

Андрэй Аляксандраў, Наваполацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0