спорт

БТ I БТРы

 

Ну, што нам усім рабіць? Ну, няма ў нашай тэлевізіі грошай на нармальную працу. На адзінаццаць выхадаў АТН штодня грошы ёсьць, а на спорт няма. Дзяржава ў асобе свайго шэфа любіць хакей, але яшчэ больш любіць палохаць народ БТРамі. Таму на вайсковыя вучэньні ў Менску грошай не бракуе, а на трансьляцыю чэмпіянату сьвету з Санкт-Пецярбургу не стае. Вось і прыходзіцца тэлевізійшчыкам запускаць у эфір новы рэклямны ролік: «Падайце, калі ласка, каго шчэ не дадушылі, можа пацешымся за нашых...» Або спадзявацца, што ў «засеках бацькі» нешта засталося, і ён у апошні момант шчодрай рукою падзеліцца.

А тут яшчэ й футбол зьнянацку пачаўся. У першым туры дуэль монстраў «Белшына»—БАТЭ, круты матч у Берасьці «Дынама»— «Славія», але нічога гэтага мы ня бачым. На бабруйскім стадыёне нейкія праблемы, а Берасьце так далёка, што БТшнікам ехаць туды задорага. А сваёй перасоўнай тэлестудыі там няма. Вось і паказваюць гульні ў Менску, нейкія «Тарпеда»— «Лякаматыў», і яшчэ дзякуй Богу, што ўвогуле нешта паказваюць.

Тое ж з Алімпіядай. Проста дзіва, што нам хоць нешта пакажуць: адкрыцьцё-закрыцьцё ды фіналы па барацьбе й гімнастыцы. Можа й на веславаньне наскрабуць. Праўда, баюся, з-за таго ня ўбачым ня тое што тэніснага матчу на Кубак Дэвіса з Швайцарыі, але й футбольнага адборачнага матчу чэмпіянату сьвету з Польшчы.

А самае цікавае, што ў тэлебачаньня й не павінны быць грошы на паказ спаборніцтваў. Дакладней, грошы мусяць быць, але ўсе папулярныя трансьляцыі мелі б аплочваць фундатары за рэкляму! Але гэта не пра нас. У нас няма фундатараў, у нас ёсьць вашывыя блохі, спэкулянты й перакупшчыкі. У нас жа калі ў каго баксы ёсьць, ён нікому пра гэта ня скажа. Інакш спачатку ягоныя ролікі пракруцяць, а потым самога падаткавымі інспэкцыямі — у бараноў рог. «Дзякуй, бусьлік, але адкуль у цябе грошы?!» Так што фінансаў для БТ можа падкінуць толькі адна фірма — таварыства зь неабмежаванай безадказнасьцю ў Чырвоным доме. Калі ад БТРаў застануцца.

Таму глядзецьмем мэгасэрыялы «Выступ правадыра ў Палаце» ды «Сэлектарная нарада». З дубляваньнем на радыё. Рэкляму на такія мыльныя опэры ня знойдзеш, затое яны й выдаткаў не патрабуюць. Два-тры апэратары ды чалавек за пультам — і палова эфірнага дня поўная. А ў вольны час можна паправіць рэклямныя застаўкі для расейскіх каналаў на просьбу нейкага віцэ-прэм’ера. Замест «рэкляма ў Беларусі» — «реклама в Белоруссии». Што ўжо й робяць на НТВ.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0