Весткі зь Вільні

 

Лепшыя й горшыя

У Вільні ёсьць цяпер 600 вуліцаў ды 10 пляцаў. Старасты раёнаў прапанавалі вылучыць зь іх лепшых 31. Іх і будуць лічыць рэпрэзэнтацыйнымі. Магістрат прапануе свой сьпіс. У ім, натуральна, пазначаны праспэкт Гедыміна, вуліцы Віленская, Нямецкая, Ягайлы, Замкавая, Бэрнардынскі сад ды іншыя. І гэта ня проста забаўка. Як кажа старшыня Задзіночаньня Ўладальнікаў Кіёскаў, Робэрт Мачуліс, падзел вуліцаў на галоўныя й другасныя задуманы з мэтаю разрозьніць падаткі на гандаль. Зараз уладальнікі шапікаў у цэнтры горада плоцяць у месяц 6 даляраў за квадратны мэтар, а на ўскрайку — па 3 даляры.

 

Разам?

На мінулым тыдні ў Рыме адбылася чарговае пасяджэньне ICCROM — арганізацыі ўдасканаленьня рэстаўрацыі й апекі культурнай спадчынай сьвету. Гэтая арганізацыя была створаная UNESCO ў 1956 годзе. А зараз у яе ўвайшлі й былыя савецкія рэспублікі. Пад патранажам гэтае арганізацыі распачалася міжнародная рэгіянальная праграма «Суцэльнная гарадзкая краёвая ахова помнікаў». Да ўдзелу ў ёй запрошаныя Літва, Беларусь, Латвія, Эстонія й Ўкраіна. Як частка гэтае праграмы, у Вільні адбыліся два буйныя міжнародныя сэмінары «Будаўніцтва ў гістарычным асяродзьдзі» ды «Асяродак для інвэстыцыяў у Старым Месьце». Гэтыя простыя першыя крокі значна паскорылі даўнія працы па далучэньні да сьпісу помнікаў дадатковых аб’ектаў нашае старасьвеччыны. У Вільні.

 

Нераскрытая таямніца

На мінулым тыдні, у часе жалобы па забітых у Катыні пад Смаленскам афіцэраў ды жаўнераў польскага войска, у віленскім друку зьявілася сэнсацыйнае паведамленьне. Аказваецца, у 70-я адзін з тых польскіх вэтэранаў, які ўнікнуў крывавае савецкае расправы, журналіст Язэп Мацкевіч, перадаў у Дзяржаўны Гістарычны Архіў Літоўскае ССР некалькі валізаў дакумэнтаў. Там былі апошнія перадсьмяротныя лісты, здымкі, нават гузікі й скрываўленыя шматкі адзежы. Праз колькі часу гэтым фондам зацікавілася КГБ. І неўзабаве ён зьнік. Сьведкі кажуць, што недзе гэтыя рэчы з архіву мусяць быць і дасёньня...

Язэп Мацкевіч, па ўцёках з савецкага палону, вярнуўся ў Вільню ў 1941 годзе. Ён ізноў стаў журналістам. 11 красавіка 1943 году, ён, разам з калегамі зь іншых краінаў, быў сьведкам раскрыцьця магілаў сваіх вайсковых таварышаў. А ў траўні таго году ў газэце Gonec Сodzienny зьявілася першая публікацыя пра жудасны скон палонных польскіх вайскоўцаў, закатаваных і пазабіваных савецкімі «органамі». Большасьць з тых ахвяраў былі родам зь Беларусі. Аўтар тае публікацыі Язэп Мацкевіч і прывёз у Вільню ўнікальны архіў і рэліквіі, каб нейкім чынам пасьля перадаць іх сваякам забітых. Ні за Гітлера, ні за Сталіна гэта было немагчыма. Зараз ізноў распачаліся пошукі таго фонду, зьвезенага кагэбэшнікамі. Мо дзе б у Беларусі пашукалі.

Віленскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0