Хто верне нашае золата?
У свой час, калі я быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, я зацікавіўся лёсам тых каштоўнасьцяў з золата і срэбра ды іншых каштоўных мэталаў, якія з тэрыторыі БССР вывозіліся ў Маскву. Спачатку я зрабіў афіцыйны запыт у Дзяржаўнае сховішча каштоўнасьцяў (Дзяржсхоў СССР) пры Міністэрстве Фінансаў СССР і атрымаў адтуль 9 чэрвеня 1991 году афіцыйны адказ пра знаходжаньне там двух унікальных скарбаў, знойдзеных на тэрыторыі Беларусі.
Самы знакаміты зь іх — гэта Бялыніцкі скарб, знойдзены ў 1977 годзе, які складаўся з 225 залатых манэт розных эўрапейскіх краін ХVІ—ХVІІ ст. Другі скарб налічваў ажно 630 залатых (царскіх) манэт сярэдзіны ХV ст., які быў знойдзены ў Глыбокім на Віцебшчыне ў 1987 годзе.
У адпаведнасьці зь міжнароднымі законамі аб рэстытуцыі каштоўнасьцяў мы маем поўнае права патрабаваць ад Расеі вяртаньня гэтых скарбаў, асабліва Бялыніцкага.
Крыху пазьней, 29 кастрычніка 1991 г., я атрымаў зь Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі падрабязны сьпіс скарбаў манэт і ювэлірных вырабаў, якія МУС з 1964 па 1991 г. накіроўваў у «Гохран СССР». За гэтыя часы беларускія каштоўнасьці вывозіліся ў Маскву 36 разоў, прычым колькасьць вывезеных знаходак склала 2088,5 адзінак. Цікава, што ў гэтым сьпісе няма скарбаў зь Бялынічаў і Глыбокага. Значыць, вывозілі нашае золата ў Расею ня толькі прадстаўнікі МУС БССР, але і іншыя міністэрствы і ведамствы.
Вялікую цікавасьць для нумізматаў будзе мець і даведка пра кошт вывезеных у Маскву знаходак, які склаў агулам 337 071 тагачасных савецкіх рублёў.
Пасьля маіх зваротаў Саўмін Беларусі прыняў 16 верасьня 1991 году рашэньне аб перадачы найбольш каштоўных знаходак на захаваньне ў нацыянальны Банк Беларусі. Апошнія 29 залатых манэт паехалі ў Маскву 18 лютага 1991 году.
Такім чынам, вываз нашых каштоўнасьцяў у «братнюю» Расею спыніўся, аднак я невыпадкова пішу гэтыя радкі 2 красавіка 2000 году. Дзе гарантыя, што рабаваньне нашых скарбаў пасьля чарговай «інтэграцыі» не паўторыцца? І калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць тыя палітыкі, якія пачнуць вяртаць на Радзіму нашыя гістарычныя і культурныя каштоўнасьці?
Магчыма, што ім спатрэбіцца гэтая публікацыя.
Алег Трусаў,
кандыдат гістарычных навук
Рэспубліка Беларусь
Міністэрства Фінансаў
28.04.92 №01-10/70
Вярхоўны Савет
Рэспублікі Беларусь
Народнаму дэпутату
т.Трусаву А.А.
Міністэрства фінансаў разгледзела заўвагі і прапановы народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Трусава А.А. (Мірашнічэнкаўская выбарчая акруга №33 г.Менск) і паведамляе, што і раней на запыт камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі і захаваньні гістарычнай спадчыны ўносіліся прапановы ў Дзяржэканомплян (ліст №12-6/642 ад 20.12.91 г.).
Парадак паступленьня, уліку скарбаў вызначаны інструкцыяй Міністэрства фінансаў ад 11 сакавіка 1996 году №05-6/439 «Аб парадку выяўленьня і ўліку безгаспадарчай маёмасьці». Інструкцыя выдадзена ў адпаведнасьці з Грамадзянскім кодэксам Беларускай ССР, зацьверджаным Вярхоўным Саветам БССР 11 чэрвеня 1964 году.
У адпаведнасьці з патрабаваньнямі інструкцыі прадметы скарбаў, якія маюць гістарычную, навуковую, мастацкую, музэйную ці іншую культурную каштоўнасьць, па заключэньні спэцыяльнай камісіі перадаюцца ў музэйныя ўстановы Рэспублікі.
Значная частка скарбаў захоўваецца ў Белдзяржмузэі і Магілёўскім краязнаўчым музэі, а таксама і ў іншых музэях рэспублікі.
Пры неабходнасьці падрабязную інфармацыю можна запытаць у Мінкультуры Рэспублікі.
У іншых выпадках прадметы, якія маюць складнікамі каштоўныя мэталы, перадаюцца на захаваньне ўстановам Нацыянальнага банку згодна з часовым парадкам, усталяваным рашэньнем Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 верасьня 1991 году №03/307-768.
Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў рэспублікі ў 1990 годзе скарбы ў Дзяржсхоў не здаваліся, у 1991 годзе (18 лютага) адбылася адна адпраўка колькасьцю 29 адзінак залатых манэт вагой 124,2 грамы.
Улічваючы нязначнае іх паступленьне, усталяваны парадак дазваляе забясьпечваць захаванасьць скарбаў.
Стварэньне ўласнага Дзяржсхову ў пэрспэктыве ня выключанае, і такое пытаньне прапрацоўваецца ў комплексе з рашэньнем пытаньня аб пастаўках, спажываньні каштоўных мэталаў, вяртаньні адкідаў, іх перапрацоўцы. На гэта патрабуюцца значныя выдаткі, зьвязаныя з праектаваньнем, будаўніцтвам спэцыяльнага сховішча, абсталяванага адпаведнай апаратурай, аховай аб’екту, рэжымнымі патрабаваньнямі да працы з каштоўнасьцямі.
Намесьнік міністра Н.Ф.Румас
Міністэрства фінансаў СССР
Дзяржаўнае сховішча каштоўнасьцяў СССР
Вярхоўны Савет БССР
Камісія па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны
Нам. старшыні Камісіі
т.Трусаву А.А.
З 1961 г. па сёньня ў Дзяржсхоў СССР ад Беларускай ССР паступілі наступныя скарбы:
1. У 1977 годзе паступіў скарб, аднесены да шэрагу ўнікальных. Скарб быў знойдзены каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Складаецца з 225 залатых манэт эўрапейскіх дзяржаваў, ХVІ—ХVІІ стагодзьдзяў.
2. У 1987 годзе паступіў скарб зь Віцебскай вобласьці, г.Глыбокае. Скарб складаўся з залатых манэтаў дарэвалюцыйнага (расейскага) біцьця колькасьцю 630 адз., зь іх 602 адз. вартасьцю 5 руб., у тым ліку 598 адз. 1896, 1906, 1911 гг. выпуску, 900 пробы, 2 адз. 1948 і 1851 гг., 900 пробы, і 2 адз. аднесены да шэрагу нумізматычных, 916 пробы; 28 адз. вартасьцю 19 руб., 900 пробы.
Архіўных зьвестак да 1961 году Дзяржсхоў СССР ня мае.
У працэсе распрацоўкі (экспэртызы, ацэнкі) скарбы, апроч унікальных, абагульваюцца.
Доступ у Дзяржсхоў СССР для вывучэньня манэтаў строга абмежаваны і можа ажыцьцяўляцца па спэцыяльным дазволе кіраўніцтва Мінфіну СССР для кожнага асобнага выпадку.
Кіраўнік Дзяржсхову СССР
А.Н.Казлоў
БССР
Міністэрства ўнутраных справаў
Намесьніку старшыні камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
таварышу Трусаву А.А.
29 кастрычніка 1991 г. №3/225
Накіроўваем зьвесткі аб перададзеных у Дзяржсхоў СССР скарбах манэт і ювэлірных вырабаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь за пэрыяд з 29.09.1964 г. па цяперашні час.
Дадатак: на 3-х аркушах.
Намесьнік міністра Б.І.Матусевіч