апытаньне «НН»

Скарбы там, дзе іх схавалі людзі

 

Павярхоўнае азнаямленьне зь беларускай гісторыяй стварае ў сьвядомасьці людзей стэрэатыпы, напрыклад, што гэтую зямлю кожнае стагодзьдзе таптала некалькі зьнішчальных войнаў. Адзін з такіх цьвёрдых стэрэатыпаў — што Беларусь менш багатая на гістарычныя каштоўнасьці, чым ейныя суседзі. Такі стэрэатып склаўся дзеля таго, што пад час войнаў і чыстак ХХ ст. ды доўгага існаваньня пад Масквою амаль усе нашы набыткі былі вывезеныя за межы краіны, а то й проста зьніклі. Каляніяльнаму стэрэатыпу пра культурную беднасьць Беларусі супрацьстаіць антыкаляніяльны міт пра пра надзвычайнае багацьце нашай спадчыны і ягонае забраньне рознымі акупантамі. Які з стэрэатыпаў пераважае ў грамадзтве? Мы правялі невялікае апытаньне менскага паспольства з мэтай даведацца, што думаюць людзі пра нашы скарбы і месца іх знаходжаньня.

Часьцей за ўсё моладзь успамінала Крыж Сьвятой Эўфрасіньні, пару разоў узгадалі славутых 12 (вэрсія — 13) радзівілаўскіх апосталаў (дарэчы, апытаная выкладчыца факультэту журналістыкі БДУ заўважыла, што Радзівілы былі не беларусамі, а палякамі); аднойчы назвалі Літоўскія мэтрыкі ды «кнігі Скарыны, захоўваныя айцом Аляксандрам Надсанам у Лёндане». Вось і ўсё. Па вялікім рахунку, амаль нічога. Прычына, мабыць, у тым, што і людзі, якія займаюцца пытаньнем пра лёс беларускай спадчыны прафэсійна, няшмат зьвестак раскапалі і яшчэ меней данесьлі да людзей. Відавочна, што выдадзеныя Скарынаўскім цэнтрам тры кніжкі з навуковай сэрыі «Вяртаньне» былі кропляй, кінутай у чытацкае мора.

Дзе ж ляжаць-хаваюцца нашы скарбы? Ці вернем мы іх і як? Апытаныя былі на дзіва аднадушныя (за выняткам тых, хто нічога ня ведаў аб прадмеце нашае цікавасьці): беларускія гістарычныя каштоўнасьці знаходзяцца за ўсходняй мяжой, і вяртаць іх ніхто не зьбіраецца. Коратка адказаў на нашы пытаньні Дзядзька Язэп, стваральнік папулярнага беларускага інтэрнэт-сайту «Карчма ў Старога Язэпа»: «Скарбы там, дзе іх схавалі людзі. Дзе апосталы, я ня ведаю, а Крыж Эўфрасіньні Полацкай вісіць у мяне ў Карчме». Студэнтка Аля выказалася ў тым сэнсе, што ўсё, створанае на гэтай зямлі, ёсьць скарбам.

Старшыня Дзяржкамітэту па ахове гісторыка-культурнае спадчыны сп.Бубноўскі падкрэсьлівае, што «трэба чакаць палітычнай стабілізацыі. З-за палітычнай нестабільнасьці ў зацікаўленых краінах [маюцца на ўвазе найперш Беларусь ды Расея — А.Б.], такога пытаньня цяпер і не стаіць». Пасьля стабілізацыі, маўляў, справа з рэстытуцыямі пойдзе значна лепш. Ці гэта намёк дзяржчыноўніка ад культуры на міжнародную ізаляцыю беларускага рэжыму? На міждзяржаўным узроўні, адзначыў ён, існуюць пагадненьні пра вяртаньне толькі зь Нямеччынай, Польшчай ды дэклярацыйнае пагадненьне з краінамі СНГ, якое, як мы памятаем, у аднабаковым парадку не падпісала Расея. Расея ж прыняла закон пра рэстытуцыі, згодна зь якімі іншыя краіны ня могуць прэтэндаваць на свае гістарычныя скарбы. Аднак сп.Бубноўскі паведаміў, што, маўляў, можа быць надзея: «Расейскі бок зрабіў пэўныя агаворкі, што ў канкрэтных выпадках запатрабаваньні ўсё ж будуць разглядацца і могуць быць вырашаныя на карысьць Беларусі на аснове рашэньня расейскага ўраду ды міжурадавых пагадненьняў». Але відавочна, што гэта не заваёва беларускага боку, а неабавязковая абяцанка расейскага.

Найбольшы прагрэс у справе вяртаньня культурнай спадчыны, як кажа сп.Бубноўскі, у нас з Польшчай. Палякі — адзіныя, з кім Беларусь мае двухбаковую камісію па ўзаемным вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў, і станоўчых вынікаў яе працы нельга не прызнаць. Па-першае, польскі бок перадасьць на захаваньне беларусам калекцыі партрэтаў знакамітых гістарычных дзеячоў Беларусі, Польшчы ды Ўкраіны. Гэтыя творы ў пачатку 50-х гадоў былі перададзеныя братняй Польшчы саветамі з музэяў Нясьвіжу ды Горадні. А ў беларусаў ніхто й не спытаўся. Па-другое, нядаўна Беларусі ўрачыста перадалі копію мэтрычнай кнігі, у якой знаходзіцца запіс аб нараджэньні Адама Міцкевіча. Самае цікавае ў гэтай гісторыі тое, што гэтая кніга была незаконна вывезеная, фактычна скрадзеная зь Беларусі ў Польшчу. Але, як мы бачым, у абодвух выпадках Польшча не зьбіраецца перадаваць арыгіналы ва ўласнасьць, нават пры сумнеўным шляху іх атрыманьня.

 

«Для камітэту праблема рэстытуцыяў далёка не галоўная, — сказаў сп.Бубноўскі. — На першым пляне не вяртаньне, а выратаваньне таго, што знаходзіцца ў межах краіны — як рухомай, так і нерухомай спадчыны. Многія аб’екты патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі, патрэбныя сховішчы з адэкватнымі ўмовамі ўтрыманьня каштоўнасьцяў. Што да нерухомасьці, дык зь дзяржбюджэту выдзяляецца прыкладна адна дваццатая ад патрэбнага». Вось так: быццам бы няма нам калі і як вяртаць свае багацьці.

Андрэй Белавокі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0