Грамадзкасьць Беларусі працягвае кампанію абароны Горадні ад разбурэньня. На мінулых выходных у Горадні адбыўся канцэрт Лявона Вольскага й пленэр мастакоў з розных куткоў Беларусі з удзелам Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Міхала Анемпадыстава.

Распавядае Аляксей Марачкін.

Мы сёньня (10 чэрвеня) правялі экскурсію па Горадні й зазначылі найбольш балючыя кропкі гораду: будынкі, якім пагражае знос альбо зьмена выгляду. Я ў дадзены момант малюю будынкі на вул. Урыцкага, будынкі з 1860 году. Гэтыя будынак хацелі разбурыць, але пазьней прыпынілі. Перада мною разьбітыя вокны, бэлькі, будаўнічыя матэрыялы. Прыехала шмат моладзі, студэнты мастацкай вучэльні. Яны даведаліся празь Інтэрнэт пра абарону Горадні й прехалі сюды.

9 чэрвеня супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі затрымалі моладзевых актывістаў партыі БНФ Франака Вячорку й Сьцяпана Сьвідзерскага. У хлопцаў знайшлі налепкі: «Руйнаваць не будаваць», «Горадню зьнішчаюць, а табе ўсё роўна?», «Губляем старую Горадню».

Распавядае Франак Вячорка.

Учора зь Менску я прыехаў разам з паплечнікам, мы далучыліся да тых асобаў, якія бароняць Горадню. На працягу дзьвух дзён мы правялі шэраг акцыяў і кампаніяў па інфармаваньні насельніцтва, па ўзьняцьці ўвагі да гэтай праблемы. Агулам мы расклеілі больш за 2.5 тыс. налепак, распаўсюджвалі й плякаты са сьлёганамі ў аброну Горадні ад разбурэньня. Падчас акцыі, каля ўнівэрсаму «Нёман», нас затрымаў міліцыянт і супрацоўнік аховы пракуратуры. На нас склалі пратаколы затрыманьня, канфіскавалі налепкі і ўзялі тлумачальныя запіскі. Але пратаколаў не далі нам падпісаць. Пасьля праверкі дакумэнтаў, праз 2 гадзіны адпусьцілі.

Плянуецца, што карціны, якія намалююць удзельнікі мастацкага пленэру, пазьней будуць сабраныя ў адну выставу.

Паводле Польскага радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0