Танцы па-беларуску — усе сядзяць

 

Выйшаў новы альбом з сэрыі «Вольныя танцы», а ягоны канцэрт-прэзэнтацыя дабраўся да канцэртнае залі «Менск». Альбом назвалі «Новая альтэрнатыва». У «Менску» было поўна народу і на дзіва добры гук. Як і чакалася, міліцыя зрабіла ўсё, каб рок-фэст стаў ня толькі ня «Вольнымі», а нават і ня «танцамі». Забаранялі нават на месцы ўстаць ды рукамі памахаць, ня кажучы ўжо пра звычайныя раней танцы ў шырокіх праходах ды перад сцэнай. Гэткі «рок-канцэрт па-беларуску — усе сядзяць», як злосна са сцэны сказаў Кулінковіч. Народ патроху супраціўляўся, а музыкі прагу да вольнасьці падтрымлівалі. Варашкевіч канкрэтна пальцам паказаў, хто «там у нізе камэндант» ды заклікаў абавязкова танчыць. «Крама» яшчэ й сьцягам памахала. Да другой паловы канцэрту «ахоўнікаў парадку» зусім маральна задушылі. Моладзь перастала зважаць на папярэджаньні, і ўся заля стаяла, скакала ды сьпявала як мае быць.

Кампакт ёсьць. Застаецца стварыць «пад яго» падпольную беларускую FM-станцыю.

Дзяніс Носаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0