анталёгія ўчынку

Айцы-францішкане

 

Увесну 1939 г. у вёску Пяршаі, што на Валожыншчыне, прыехаў айцец Юзаф Пухала (імя ў францішканскім законе — Ахілес), які мусіў дапамагаць мясцоваму ксяндзу. Увосень таго ж году ў Пяршаі прыйшлі савецкія войскі. Пяршайскі ксёндз пакінуў вёску, і на ягонае месца пробашчам быў прызначаны Юзаф Пухала.

У 1941-м на Беларусь звалілася новая навала: немцы. Улетку зь Вільні ў Пяршаі пераяжджае такі ж законьнік-францішканец Караль Стэнпень (ці айцец Герман), які становіцца вікар’ем пры айцы Ахілесе. Грымела вайна, а ксяндзы служылі людзям, задавальняючы іх хрысьціянскія патрэбы. У чэрвені 1943 г. партызаны зьдзейсьнілі вайсковы напад на нямецкі гарнізон, што разьмяшчаўся ў Івенцы, і разграмілі яго. Сьляды партызанаў вялі ў Пяршаі. Стала зразумела, што немцы такога не даруюць і рэпрэсіі непазьбежныя, справа за часам.

Адна за адной пачалі гарэць на Валожыншчыне вёскі. Бяда ў Пяршаі прыйшла 15 ліпеня 1943 г. Нейкім чынам пра плянаваную акцыю стала вядома ў Івенцы. Пробашч Івянецкага касьцёла папярэдзіў пяршайскіх ксяндзоў пра карную акцыю, прапанаваўшы ім схавацца на некаторы час ў ягоным касьцёле. Але айцы-францішкане адмовіліся пакідаць вёску.

Пяршаі былі ачэпленыя карнымі нацысцкімі (нямецкімі і расейскімі) батальёнамі. Карнікі сагналі на сялянскі двор 200 чалавек. Нямецкая жандармэрыя вёскі прапанавала ксяндзам пакінуць вёску і перачакаць акцыю. Разам зь сялянамі на падворак прыйшлі айцы-францішкане. Людзі былі сагнаныя ў хлеў і там замкнёныя.

Карная акцыя напужала ня толькі пяршайскіх сялянаў, але й мясцовую адміністрацыю. Начальнік пяршайскага гарнізону бесьперапынна тэлефанаваў у Вілейскі гебітскамісарыят, просячы спыніць акцыю. Нарэшце дзьверы хлява расчыніліся, карнікі вывелі людзей на двор і загадалі старым і дзецям разысьціся па хатах. Маладых вяскоўцаў (каля 100 чалавек) павялі за вёску. Ксяндзы Ахілес і Герман ішлі наперадзе калёны і няспынна маліліся. Празь некалькі кілямэтраў ксяндзы падышлі да нямецкага начальства і пачалі, паказваючы на пяршайцаў, пра нешта горача дамаўляцца. «Перамовы» доўжыліся некалькі хвілінаў. Нарэшце карнікі загадалі сялянам вярнуцца па хатах. Ксяндзы падышлі да сялянаў і супакоілі іх, што ўсё нармальна, і фашысты ня будуць праводзіць карнай акцыі. Карнікі пасадзілі ксяндзоў у легкавік і зьвезьлі ў невядомым накірунку. Пад вечар машына вярнулася, але ўжо безь сьвятароў. Начальнік карнай апэрацыі зайшоў да адной з убогіх пяршайскіх кабецін і кінуў ёй скрываўленыя манаскія габіты, загадаўшы пашыць зь іх сабе спадніцу.

Празь некалькі дзен ксяндзы былі знойдзеныя ў спаленай валожынскай вёсцы Баравікоўшчыне. Фашысты ўдосталь назьдзекаваліся з клерыкаў: яны выбралі ім вочы, паадразалі языкі, вушы. Айцы-францішкане пакорліва трывалі ўсе зьдзекі. Нарэшце фашысты спалілі ксяндзоў Ахілеса і Германа, якія ахвяравалі сваім жыцьцём дзеля сялянаў-беларусаў, у гумне.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0