пазытывы

Народны гарызонт

 

Праз тры месяцы пасьля таго, як была зроблена першая фатаграфія, у цёмных кутах парыскіх рэстарацыяў ужо прадаваліся парнаграфічныя здымкі.

Тое самае здарылася і з кіно. Не пасьпеў зьдзіўлены сьвет бясшкодна пацешыцца вынаходніцтвам братоў Люм’ер, як яно было абвешчанае галоўным з мастацтваў сусьветнай пралетарскай рэвалюцыі.

Што ж казаць, шаноўныя, пра тэлевізар, калі ён сам сабою рэвалюцыя. Паўтысячы гадоў спатрэбілася гадзіньніку, каб з упрыгожаньня ратушнай вежы ператварыцца ў рэч звычайную, як лыжка. А скрыня з "вакном у сьвет" праляцела гэным шляхам пры жыцьці сярэдняга беларуса.

Той, сярэдні, сьвет Божы ўбачыў праз акенца роднай хаты. Вось і сядзіць штодня, утаропіўшыся ў шкляное вока тэлевізару, празь якое чужы яму сьвет глядзіць у ягонае жытло, у душу, у сьвядомасьць дзяцей. У Беларусі першымі гэтае ўцямілі рэклямшчыкі, потым палітыкі. Пайшло ужо другое дзесяцігодзьдзе зацятага змаганьня за эфірны час.

Але як ня будзе тэлевізара ў кожнай хаце, барацьба тая страціць сэнс. Пагроза рэальная, бо 37% тэлевізараў у беларускіх сем'ях эксплюатуецца больш за дзесяць гадоў. Вытворчасьць у краіне тым часам скарацілася ўдвая. Зараз сваіх прадаецца “праз прадпрыемствы гандлю” няшмат болей за імпартовыя. Ды й наагул ад пачатку гэтага году афіцыйным гандлем ў краіне прададзена тры чвэрці тэлевізараў ад леташняй лічбы. Што будзе з народным тэлевізарам?

Паколькі пераважная большасьць чытачоў «Нашай Нівы» купляе і глядзіць тэлевізары, а не вырабляе іх, ня варта разьбірацца, як працуе беларускі завод з расейскай назвай «Горизонт». Дзеля разборак зь ім існуюць тыя, якія прымусяць зрабіць патрэбную дыяганаль.

Дзякуй богу, апроч іх ёсьць талковыя спэцыялісты і працавітыя рабочыя. Іхнымі намаганьнямі менскія гандлёвыя маркі трымаюцца на рынку, асабліва ў былым СССР. Пацьверджаньне таму вынікі дасьледаваньняў незалежнага цэнтру “Рамір”. Сацыёлягі гэтай установы апыталі ў 18 расейскіх гарадох 800 чалавек ва ўзросьце 18 і болей гадоў.

Сацыёлягі прасілі людзей прыгадаць вядомыя ім маркі тэлевізараў. Апытаныя найчасьцей згадвалі 16 марак, прычым менскія апараты занялі зусім някепскі шосты радок, а віцебскія замыкалі рэйтынг.

Па выніках дасьледаваньня добра відаць лідэраў рынку, аб'екты расейскай мары: Sony, Panasonic и Samsung. Але ж адна рэч – ведаць, іншая – мець, а трэцяя – марыць. Дык аказваецца, што найчасьцей (15%) на лепшым месцы ў расейскай хаце стаіць карэйскі Samsung.

 

Марка 1 2

Sony 65 2,50

Panasonic 59 1,50

Samsung 45 0,87

LG 25 1,13

Philips 21 1,25

Гарызонт 17 0,13

Рэкорд 13 0,40

Funai 12 0,20

Sharp 10 0,40

Рубін 9 0,40

 

1) спантаннае веданьне маркі, у % ад колькасьці апытаных

2) Адносіны колькасьці тых, хто хоча набыць пэўную марку, да колькасьці тых, хто яе ўжо мае

Падобна, што Philips, Sharp і «Рубін» зробяць нам грунтоўную канкурэнцыю на самым нестабільным у сьвеце рынку наступнага дзесяцігодзьдзя. Бо цана аднаго нашага экспартаванага тэлевізара скарацілася са 166$ у 1998 г. да 131$ у 1999 г., у той час як афіцыйна імпартаваныя з-за межаў Садружнасьці і Саюза патаньнелі з 493 да 363 USD.

Ёсьць небясьпека, што ў 2001 годзе частка электарату можа ня ўбачыць жывой трансьляцыі. А можа гэнак лепей будзе?

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0