Стан прызыўнікоў

У красавіку на мэдкамісію накіравалі 266 маладых крычаўцаў-прызыўнікоў. 7 чалавек зь іх не прыйшлі, хаваюцца. 151 прызыўнік прызнаны прыгодным для службы, 90 накіраваныя на дадатковае абсьледаваньне здароўя, 17 — звольненыя ў запас і 1 чалавек з-за здароўя зусім вызвалены ад арміі. Выходзіць, больш за 40% прызыўнікоў так ці так маюць праблемы са здароўем. Аднак гэта не адзіная праблема.

Некалькі апошніх гадоў шэрагі войска не папаўняліся за кошт асуджаных у свой час прызыўнікоў. Кожны камандзір ваеннай часткі меў права адмовіцца ад прызыву ў свой аддзел людзей, якія маюць за плячыма судзімасьць, няхай сабе і ўмоўную. І ў большасьці выпадкаў камандзіры адмаўляліся ад такога папаўненьня. Такім чынам, у Беларусі назапасілася прыкладна пяць тысяч чалавек, якія ўсімі парамэтрамі падыходзяць да службы, але…

Вышэйшае кіраўніцтва вырашыла «разабрацца» з гэтым пытаньнем. І вось ад 2000 году спусьцілі новае палажэньне. Цяпер толькі некаторыя ваенныя часткі маюць права выбіраць сабе кадры, а ў астатнія будуць дасылаць прызыўнікоў бяз згоды камандаваньня. Натуральна, што тысячы судзімых неўзабаве ўліюцца ў шэрагі ўзброеных сілаў. На Крычаўшчыне налічваецца 34 прызыўнікі з судзімасьцю, і яны адправяцца ў войска абараняць радзіму ад замежнага і ўнутранага ворага.

Андрэй Кузьмін, Крычаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0