спорт

СЬМЕРЦЬ СТАРЭЙШАГА БРАТА

 

Беларуская хакейная зборная ўпершыню ў гісторыі перамагла расейцаў

З камандай Расеі беларуская лядовая дружына сустракалася на Алімпіядзе ў Нагана і прайграла 1:4, а вось на леташнім чэмпіянаце сьвету ў Нарвэгіі ўжо ледзь не надрала расейцаў — 2:2. І вось — у іх на радзіме, на першынстве плянеты.

З першых жа хвіляў гульні беларускія бел-чырвона-белыя тыгры пачалі распорваць смаркатую абарону «зорнай каманды НХЛаўцаў». Да 12-й хвіліны першага пэрыяду расейцы выстаялі. А пасьля адбылося: нашыя хлопцы ўварваліся ў зону супернікаў, пазабаўляліся там з шайбай ды выклалі яе самую на клюшку Ўладзімеру Цыплакову. Нападнік з «Бафала» выдатна ведае, як трэба забіваць старэйшым братам. Паміж ног! Менавіта такімі 20-цю капейкамі каўчукавы дыск прашмыгнуў у расейскую браму. «Гоооооооол!!!!» — у экстазе крычалі беларускія заўзятары на піцерскіх трыбунах, з гонарам паказваючы ўсяму сьвету вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. Аж камэнтатар БТ сп.Навіцкі апамятаўся, на родную мову перайшоў, а то быў чыста па-расейску шпарыў...

Пасьля беларусы адышлі ў абарону ды сьцераглі там сваё шчасьце. І ў той час, калі пасьля фінальнай сырэны чырвона-зялёнае палотнішча папаўзло ўверх, на вялізным маніторы піцерскага лядовага палацу годна ўзьнімаўся бел-чырвона-белы сьцяг. Жыве Беларусь!

Богусь Біятлянёнак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0