Віктар Купрэйчык: «У шахматах беларусы наймацнейшыя»

 

Старая беларуская шахматная школа спаткала свой «мат» пад нацысцкімі кулямі ў менскім і віленскім гета. Новых шахматыстаў разьмеркавалі ў Беларусь з Расеі ў рамках праграмы аднаўленьня разбуранай гаспадаркі. У Беларусь прыбылі гросмайстры Суэцін і Баляслаўскі, будучая віцэ-чэмпіёнка сьвету Кіра Зварыкіна, а таксама будучы міжнародны майстар Якаў Сакольскі.

Калі ў сыцыльянскай абароне ці ангельскай партыі наперад сунуць пешку (якую па-беларуску, паводле Ластоўскага, можна называць таксама ніжнікам) ад слана (або вышніка), у францускай абароне — ад каралевы (або кралі), у стараіндыйскай — ад каня, але асьцярожна, на адну клетку, дык у беларускім дэбюце Сакольскага першым жа ходам пешка вырываецца ад каня аж на дзьве клеткі наперад — b4! Дэбют Сакольскага — пачатак цалкам алягічны, па-дзіцячаму авантурны. Здаровы шахматны глузд патрабуе напачатку захопліваць цэнтар, а не мітусіцца на флянгах. Па вялікім рахунку — досыць прымітыўная пастка, разьлічаная на недасьведчанага праціўніка, які адкажа на ф’янкета белых каралеўскай пешкай, а пасьля абароніць гэтую пешку канём ды страціць яе. Два разы ў такую пастку ня трапіш.

Як трэнэр, Сакольскі і ягонае пакаленьне дасягнулі большых посьпехаў, чым у якасьці тэарэтыкаў. Яны выхавалі першага грасмайстра-беларуса, Віктара Купрэйчыка. Сьледам за Купрэйчыкам прыйшлі Барыс Гельфанд і Ільля Сьмірын. Праўда, як прыйшлі, так і пайшлі, дакладней, паехалі ў Ізраіль. Ні той, ні другі дэбюту Сакольскага ўжо не ўжывалі. Купрэйчык жа заслужыў славу нашай школе шахматаў іншым. Ён памятны тым, што, адзіны зь сябраў Алімпійскага камітэту, наважыўся выступіць проці абраньня Аляксандра Лукашэнкі на старшыню гэтай установы ў 1997 годзе. На пытаньні «НН» адказвае Віктар Купрэйчык.

 

— За апошнія гады беларусы дасягнулі пэўных посьпехаў, у прыватнасьці, два ігракі -- Аляксей Фёдараў і Аляксей Аляксандраў – бралі ўдзел у фінале першынства сьвету, прычым Фёдараў дайшоў да чвэрцьфіналу — найвышэйшае дасягненьне нашых шахматыстаў за ўсю гісторыю, а Аляксандраў выбыў толькі ў другім туры, што пры сучаснай канкурэнцыі таксама можна лічыць сапраўднай перамогай. Зараз яны ўдвох уваходзяць у сотню найлепшых гульцоў сьвету.

Наконт камандных спаборніцтваў: з чатырох алімпіядаў мы тры разы ўваходзілі ў дзясятак наймацнейшых, што можна назваць найлепшым вынікам сярод спартовых камандаў краіны. Магчыма, вышэй былі адно толькі хакеісты ў Нагана.

На першынствах Эўропы мы таксама ўвесь час прабіваемся ў лік дзесяці. І менавіта з гэтым зьвязаная нашая найактуальнейшая праблема: каманда часта ня мае грошай на паездкі. Разумеем, што ў дзяржавы не стае грошай... Мы атрымліваем абяцаньні, грунтоўна рыхтуем каманду, але ці выйдзе што з гэтага — ужо не ад шахматыстаў залежыць. Быў выпадак, калі нашая каманда не паехала на алімпіяду, што праводзілася на Філіпінах, з-за адсутнасьці сродкаў.

 

— Якім чынам адбываецца фінінсаваньне шахматаў?

— Як і ўсіх астатніх відаў: праз Спорткамітэт, бо шахматная фэдэрацыя ня мае паўнамоцтваў на прыцягненьне фінансавых сродкаў зь іншых крыніцаў.

 

— Ці дапамагаюць спонсары?

— Як ні сумна, не. Мы спрабавалі шукаць падтрымкі, але не знайшлі паразуменьня. Дзіўна, усё ж шахматы — інтэлектуальны від спорту, вельмі папулярны ў сьвеце. Пакуль мы не ўваходзім у праграму вялікай алімпіяды, але захады ў гэтым напрамку прадпрымаюцца, застаецца ўдакладніць тэхнічныя пытаньні. І ўжо ў Сыднэі шахматы будуць прадстаўленыя ў якасьці выставачнага віду. Мы маем адну з найбуйнейшых у сьвеце фэдэрацыяў, якая аб’ядноўвае 156 краінаў і праводзіць шахматную алімпіяду, у чатырох зь якіх удзельнічала беларуская каманда.

 

— Які бюджэт адводзіцца дзяржавай на шахматы?

— З дакладнымі лічбамі я не знаёмы, нулёў там надта шмат, але ж інфляцыя... Скардзіцца мы можам гэтак сама, як любыя спартоўцы ў нашай краіне. Што ж тычыцца замежных паездак, тут патрэбная валюта, зь якой у нас зусім кепска.

 

— Як у беларускай фэдэрацыі ставяцца да падзелу ў шахматным сьвеце?

— Па-першае, раскол адбыўся толькі ў прафэсійнай сфэры, прычым раней усё было ў парадку, а пасьля Карпаў з Каспаравым нешта не падзялілі паміж сабою. Зараз у каспараўскай лізе засталося вельмі небагата прафэсіяналаў. Мы ж — законапаслухмяныя беларусы, і ў любой сытуацыі падтрымліваем ФІДЭ — Міжнародную Шахматную Фэдэрацыю, у чый склад і ўваходзім. Людзей, якія б займалі процілеглую пазыцыю, у нас практычна няма, калі хто і ёсьць, то толькі прыватным чынам.

 

— Як актыўна гуляюць у шахматы ў вышэйшых эшалёнах сёньнешняе беларускае ўлады?

— У парлямэнце ёсьць прынамсі адзін першаразраднік.

 

— А Лукашэнка гуляе ў шахматы?

— Ня ведаю, не знаёмы.

 

— Вострай праблемай у нас зьяўляецца і «ўцечка мазгоў»...

— Яна характэрная для любой інтэлектуальнай дзейнасьці, бо кожны чалавек жадае жыць там, дзе існуюць умовы, ня столькі фінансавыя ды асабістыя, колькі ўмовы для ягонай працы. Што тычыцца шахматаў, варта адзначыць, што каманда Ізраілю напалову складаецца з нашых былых суайчыньнікаў. Для Беларусі вялікай стратай стаў леташні ад’езд на сталае жыхарства ў Ізраіль, усьлед за бацькамі, Барыса Гельфанда, які ўваходзіў у дзясятку наймацнейшых сьвету. Але ня трэба панікаваць: павальнай хвалі эміграцыі ў нас зараз няма.

 

— Што ў тэорыі шахматаў можна лічыць здабыткам менавіта беларускае школы?

— Напрыклад, арыгінальны дэбют Сакольскага, які, праўда, не карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Больш вядомым усё ж зьяўляецца дэбют Верасава. Зрэшты, і Сакольскі, і Верасаў нарадзіліся не ў Беларусі.

 

— Якую ролю адыгралі ў фармаваньні беларускай школы габрэі і расейцы?

— Перадваенная школа моцна пацярпела пад час сталінскага кіраваньня: кагосьці палічылі «ворагам народу», хтосьці загінуў на фронце. А пасьля вайны на Беларусь прыехаў Верасаў, які ў 1946 годзе ўзначальваў савецкую шахматную каманду, куды ўваходзілі прызнаныя майстры, як, прыкладам, будучы чэмпіён сьвету Смыслоў. Верасаў доўгі час працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, выкладаў у Інстытуце Замежных Моваў, і ён здолеў «перацягнуць» да нас вядомых ігракоў зь іншых краінаў. А габрэі, безумоўна, адыгралі вельмі вялікую ролю ў разьвіцьці нашых шахматаў. Цяпер жа сытуацыя зьмянілася, можна судзіць хоць бы па прозьвішчах беларускіх шахматыстаў, якія ўваходзяць у сотню найлепшых сьвету: Фёдараў і Аляксандраў.

 

— Ці цягнецца сёньня моладзь да шахматаў?

— Пэўная пераемнасьць паміж пакаленьнямі існуе. Беларусы могуць ганарыцца сваімі чэмпіёнамі сьвету сярод юнакоў. Але ў шахматах бывае шмат таленавітых людзей, якія, калі сталеюць... Вельмі важна быць працавітым. Самаўдасканаленьне — важны працэс. Добрыя школы маем у Кобрыні, Пінску, Горадні, Віцебску. Аляксей Фёдараў, пра якога я згадваў раней, магілёвец, а ягоны цёзка Аляксандраў пачынаў у Кобрыні.

 

— Вам асабіста шахматнае мысьленьне дапамагае ў жыцьці ці шкодзіць?

— Ніколі ня шкодзіць: лягічнасьць пры прыняцьці рашэньняў карысная для ўсіх. Нават калі Вы просты аматар, перад тым, як зрабіць нейкі крок, Вы прааналізуеце магчымы адказ суперніка і свае далейшыя дзеяньні. Каб было больш шахматыстаў, нашае грамадзтва ішло б па больш рацыянальным, больш лягічным шляху разьвіцьця.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0