Мужчынская зборная Беларусі блізкая для таго, каб патрапіць на чэмпіянат Эўропы‑2008 у Нарвэгію.

За савецкімі часамі беларуская школа гандболу была адной з наймацнейшых у сьвеце. Менскі СКА некалькі разоў станавіўся пераможцам Кубку эўрапейскіх чэмпіёнаў, аналягу сёньняшняй Лігі чэмпіёнаў, а яго гульцы складалі касьцяк зборнай СССР. Першыя гады незалежнасьці беларускі гандбол браў сваё за кошт старых рэзэрваў. Нацыянальная зборная Беларусі гуляла на чэмпіянаце Эўропы‑1994 і чэмпіянаце сьвету‑1995. З таго часу беларусы выбылі з сусьветнай абоймы.

Некалькі разоў нашы суайчыньнікі мелі магчымасьць трапіць на топ‑турнір, але ў вырашальных матчах прайгравалі ісьляндцам (двойчы), украінцам і харватам. Сёлета ў студзені ў Берасьці наша каманда па чарзе перамагла малдаван, кіпрыётаў і славакаў. Гэта дало магчымасьць пры лёсаваньні трапіць на ня самага моцнага суперніка. Трапіліся швайцарцы.

У суботу ў Берасьці ў спарткомплексе «Вікторыя» беларусы не пакінулі гасьцям з альпійскай краіны ніякіх шанцаў. Каманда Спартака Мірановіча прэсынгавала на працягу матчу і заслужана перамагла — 33:24. 9 галоў перавагі дастаткова, каб праз тыдзень пачувацца больш‑менш нармальна ў Швайцарыі. Матч у адказ пройдзе 17 чэрвеня, пачатак а 15:15. Жывую трансьляцыю будзе весьць тэлеканал «Лад».

Таксама гэты матч запомніўся вяртаньнем у зборную Сяргея Гарбака, які зьбіраўся прыняць расейскае грамадзянства. Гарбок зьмяніў рашэньне пасьля сустрэчы з старшынём гандбольнай фэдэрацыі Ўладзімерам Канаплёвым.

Не змаглі падтрымаць мужскую каманду жанчыны. Яны ў нядзелю ў Магілёве праводзілі матч у адказ з македонкамі й перамаглі з розьніцай у чатыры галы (25:21), але гэтага аказалася мала, бо перад гэтым у Скоп’і яны прайгралі з большай розьніцай у галах (21:26).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?