Віктар ШНІП
Сабачыя гісторыі
Адзін сабака прапаў бязь вестак. Шукаць сабаку даручылі Граждану.
Адзін сабака злавіў карася. А карась яму і кажа: «Хочаш, я цябе Гражданом зраблю і навучу сьвістаць?»
Аднаму сабаку зрабілі замежны пашпарт. А Граждан адмовіўся: «Я і так граматны!»
З адным сабакам пасябраваў Граждан. Цяпер на вуліцу без намордніка нельга выйсьці.
Адным сабакам зацікавіліся там, дзе трэба. А Граждан пакрыўдзіўся: «Я ж столькі зрабіў для дзяцей лейтэнанта Шніпа!»
Адзін сабака ігнараваў п’янкі. Прыйшоў Граждан і сказаў: «Другога патопу ня будзе!»
Адзін сабака прынёс на працу шахматы. Сышліся ўсе Гражданы і кожны ведае, як трэба гуляць.
Аднаму сабаку сказалі, што яму трэба ісьці да Граждана-сэксапатоляга. Пайшоў. А там Айбаліт абізьянам клізмы робіць.
Адзін сабака накупляў сабачых кансэрваў. Але несучы дахаты, пагубляў. Знайшоў кансэрвы Граждан і памёр, аб’еўшыся.
Адзін сабака захацеў стаць анёлам. Зрабіў сабе крылы і скочыў з балькону. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Шэксьпір!..»
Адзін сабака навучыўся езьдзіць на тралейбусе. А Граждан бегаў усьлед з дубцом і крычаў: «Ідзі дамоў!»
У сквэры паставілі помнік аднаму сабаку. Граждан начамі прыходзіў да помніка і сьпяваў Інтэрнацыянал.
Адзін сабака пазнаёміўся з афрыканскім Гражданом. Запрасіў яго ў госьці. А Граждан прыйшоў у хату і сказаў: «Ну што, лямбаду танцаваць будзем?»
Ад аднаго сабакі застаўся толькі прывід. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Гэты цень мы прыбліжалі як маглі!..»
Адзін сабака прыйшоў да Гогаля, каб даведаацца, чаму ён спаліў другі том «Мёртвых душ». «А каб Гражданы пыталіся!» — адказаў Гогаль і памёр.
Там, дзе жыў адзін сабака, зрабілі музэй. А там, дзе жыў Граждан, вырас дуб.
Да аднаго сабакі заляцела ў хату варона. А ўсьлед за птушкай — Граждан на рабым кані.
За адным сабакам хадзілі прыхільнікі яго таленту. Граждан валакаў за сабой агароднае пудзіла і чытаў яму Гамэра.
За аднаго сабаку захацела выйсьці замуж замежніца. Граждан зусім азьвярэў — пагаліў сабе галаву, вышчыпаў бровы, у нос уставіў колца і, выйшаўшы на вуліцу, аб’явіў галадоўку ў гонар галадаючых Паволжа.
Аднаму сабаку патэлефанаваў Граждан і спытаўся: «Што было першым: курыца ці яйка?» Сабака прамаўчаў. І Граждан залез да суседкі ў куратнік і задушыў пеўня.
«Ня бойцеся сабак!» — сказаў Граждан. «Адзін сабака ў полі ня воін!»
ад Гражданоў
Калі ты патрабуеш свабоды і справядлівасьці, а нейкі мярзотнік сьмее нацкоўваць на цябе сабаку, я кажу табе: «Забі гэтага сабаку!» Я паўтараю табе зноў і зноў, нават калі мне давядзецца заплаціць за гэта сваім жыцьцём: «Забі гэтага сабаку! Забі гэтага сабаку!» Так пісаў Малькальм Х.
Геранім Цэлюсь, Менск
Адзін сабака памяняў сваю будку ў Малінаўцы на такую ж у Шабанах. Але з даплатай. А ў Граждана Валавы Ўнутраны Прадукт узрос на 4,68%.
Адзін Граждан сваім Указам прысвоіў В.Шніпу званьне «Заслужаны Гражданазнаўца і Ганаровы Сабакалюб». З уручэньнем дзесяці кіляў «Пэдыгрыпалу».
Адзін Граждан начытаўся «Нашай Нівы» і вырашыў, што шніп — гэта такая парода сабак.
В.В., Менск