10 кілябайтаў каханьня

 

Cловы Laroux, Ethan, Marker, Melissa, Chernobyl, Class, Footer, Form, Happy99, на першы погляд, нічога ня лучыць. Але ўсё гэта — дзясятак самых шкодных кампутарных вірусаў 1999 году. 2000 год распачынаецца новым рэкордам — вірус, пяшчотна названы I Love You, быў запушчаны ў інтэрнэт 4 траўня ды ўжо ў першыя шэсьць дзён нарабіў стратаў ва ўсім сьвеце ажно на 6,7 мільярдаў даляраў. Нашкодзіў ён і брытанскаму парлямэнту, і Пэнтагону, і ЦРУ.

 

Працуе вірус паводле прынцыпу Траянскага каня: на кампутар па кампутарнай пошце прыходзіць ліст памерам каля 10 кілябайтаў, названы I Love You, адмыслова, каб зьявілася спакуса яго прачытаць. Той, хто чытаў рамантычную кампутарную цыдулку, потым заракаўся круціць каханьне па інтэрнэце — праграма-вірус зьнішчала ўсю інфармацыю на ягоным кампутары ды рассылалася на адрасы сяброў небаракі-атрымальніка. Вірус «падхапілі» дзясяткі мільёнаў кампутараў ва ўсім сьвеце.

Нам гэтыя кампутарныя праблемы часам падаюцца ня блізкімі, пагатоў што ў Беларусі вірус не нарабіў бяды. «Ды трасца з гэтым інтэрнэтам, — скажа нехта. — Жылі безь яго і далей неяк пражывем». Але пра радыё ды тэлебачаньне такое таксама калісь казалі. Пажывем-пабачым.

Цікава іншае: каму ды для чаго трэба пісаць тыя вірусныя праграмы?

У аўтарстве апошняга інтэрнэт-мікробу падазраюць шмат каго, у тым ліку й нашых суседзяў-літоўцаў. Але найбольш падазраюць філіпінскага студэнта Гусмана. Дакладней, былога студэнта. Вірус папоўз па сусьветным павуціньні за дзень да цырымоніі ўручэньня дыплёмаў у кампутарным каледжы АМА, што ў сталіцы Філіпінаў Маніле. Праўда, дыплёму Гусман так і не атрымаў. Дыплёмнай працай маладога праграміста была кампутарная праграма, вельмі падобная да вірусу, што прымусіў дзясяткі мільёнаў людзей праклясьці ўсе гэтыя файлы, мэгабайты ды клявіятуры. На палёх фінальнай справаздачы Гусмана ягоны выкладчык паставіў рэцэнзію: «Мы ня робім праграмаў-узломшчыкаў». Студэнт мусіў разьвітацца з каледжам. Цяпер ягонай біяграфіяй цікавіцца ФБР. Гусман ужо прызнаў, што мог па неахайнасьці выпусьціць у інтэрнэт «дыплёмны» вірус.

Што рухае стваральнікамі кампутарнай пошасьці? Што адчувае чалавек, які сядзіць за кампутарам, празь які можна вандраваць па ўсім сьвеце, размаўляць зь любым з многіх мільёнаў такіх самых блукальнікаў у глябальным павуціньні? Часам — прыналежнасьць да чалавецтва, а іншым разам — адно адчужанасьць і адзіноту. Сьвет, ператвораны ў плястмасавую, набітую мікрасхемамі каробку на тваім стале, не шкада пакрыўдзіць. Асабліва, калі ён пакрыўдзіў цябе. Нават пасьпяховыя маладыя людзі з заходніх краінаў знаходзяць сабе ворагаў у выглядзе сёньняшняга велізарнага, сквапнага, карпарацыйнага сусьвету. Кампанія «Майкрасофт» — чым не прадстаўнік такой гегемоніі? Менавіта яна, дарэчы, спрычынілася да такіх пачварных наступстваў кібэр-атакі. Амаль што ўсе галоўныя вірусы (I Love You ў тым ліку), былі напісаныя на Microsoft’s Visual Basic — мове праграмаваньня, створанай адмыслова пад майкрасофтаўскае праграмнае забесьпячэньне. Зараз большасьць кампутараў выкарыстоўвае праграмныя прадукты, створаныя пад кіраўніцтвам Біла Гейтса. Адбылося прыкладна тое самае, што можа здарыцца тады, калі ўсю плянэту засеяць, скажам, адным гатункам бульбы: пару гадоў радзіць будзе няблага, але потым нейкая парша ці нэматода панішчаць усё пасаджанае. На шчасьце, не бракуе іншых расьлінаў і гатункаў, і калі хвароба нападае на які адзін зь іх, дык іншыя аказваюцца больш стойкія, таму чалавецтва яшчэ ня вымерла з голаду.

Гакеры — грамада пярэстая. Падпольная група GRAMMERSoft, да якой належаў Гусман, займалася тым, што стварала і прадавала студэнтам кампутарныя праграмы, якія яны павінны былі самі напісаць у якасьці кантрольных працаў. Карацей, Гусман зь сябрамі зарабляў грошы. Але ня ўсе гакерскія групоўкі маюць такія празаічныя мэты. Так, у адказ на балканскую кампанію NATO расейскія гакеры скаапэраваліся ды разбамбілі шмат амэрыканскіх сайтоў. Старонкі магутных вайсковых арганізацыяў звычайна маюць добрую ахову ад такіх нападаў, а таму пад гарачую руку расейскіх саюзьнікаў Сэрбіі часьцяком траплялі сайты самых бяскрыўдных амэрыканскіх грамадзкіх арганізацыяў.

Гісторыя вірусу I Love You працягваецца. У панядзелак ці аўторак філіпінскае Нацыянальнае бюро расьсьледаваньняў зробіць даклад паводле аналізу дыскетаў, знойдзеных у кватэры Гусмана. Мабыць, тады ўсё стане на свае месцы. А пакуль у сьвеце ўжо гуляюць новыя вэрсіі вірусу ды растуць прыбыткі кампаніяў, якія займаюцца распрацоўкай і продажам антывірусных праграмаў. Калі ў вас ёсьць кампутар, дык лепш завесьці для яго картку, як у паліклініцы, ды пэрыядычна праходзіць абсьледаваньне на вірусы, многія зь якіх праяўляюца не адразу. Дарэчы, ходзяць чуткі, што «дактары» адмыслова ўстаўляюць у свае праграмы новых мікробаў, каб кліентаў-пацыентаў ня меншала. Кібэр-хаос, выкліканы апошнім вірусам, сьведчыць яшчэ пра адну цікавую акалічнасьць: знайшліся дзясяткі мільёнаў людзей, якія прагнуць каханьня. Замест таго, каб сьцерці з памяці кампутару ліст з назвай I Love You, яны прачыталі яго. О, адзінота, колькі людзей пяюць табе літаньне!

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0