Ліцьвіны-пэсымісты

Літванія. Зборнік матэрыялаў аб Заходняй Беларусі. №1

Рух за ўтварэньне новае (ці адраджэньне старое) этнічнае супольнасьці — ліцьвіноў — можа й нечаканы, але пэўныя карані яго праглядаюцца досыць выразна. Некаторым дзеячам беларускага Адраджэньня не ўгадзіў народ: ён і несьвядомы, і хворы, і г.д. Іншыя культурніцкія дзеячы вырашылі памяняць сабе народ. Маўляў, гэта беларусы-ўсходнікі несьвядомыя, а мы, ліцьвіны-заходнікі, о-го-го як здаровыя. Адно ці не чакае іх новае расчараваньне ў новым народзе?

Пакуль рух за абуджэньне «ліцьвіноў» і вызначэньне іх зямлі — «Літваніі» (дарэчы, чаму не «Ліцьвініі»?) — гартуе сілы. Зьявіўся новы зборнік матэрыялаў — «Літванія» — з шматабяцальным №1. Апроч уласна «ліцьвінскіх» твораў тут ёсьць, здаецца, адзін тэкст-позірк збоку. У ім — прадуктыўная ідэя параўнаць «ліцьвінскі» рух з колішнім «заходнепалескім» («яцьвяскім»). Магчыма, з таго руху йдуць навуковыя асновы «ліцьвінскага» руху з намаганьнямі як-небудзь абгрунтаваць асобнасьць «ліцьвінскае» нацыі. Калі «заходнепалескія» дзеячы шукалі свае вытокі ў старажытных яцьвягах, дык «ліцьвінскія» ўзялі шырэй — за продкаў уважаюць ня толькі яцьвягаў, але яшчэ дайнову і літву летапісных часоў. Праўда, гэта ўсё не арыгінальнае. Славутая тэорыя балцкага субстрату (г.зн. падложкі) ва ўтварэньні беларусаў шукала ды знаходзіла нашых продкаў-балтаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Да таго, летапісныя яцьвягі і дайнова — адзіны народ, тэрміны ідэнтычныя. Да таго, шмат яцьвягаў жыло на тэрыторыі сучаснае Польшчы, і чаму ліцьвіны ня кідаюць позірк у той бок? А так сьціпласьць незвычайная: як сябе акрэсьліваюць «ліцьвіны», дык іхная зямля — заходняя палова Рэспублікі Беларусі зь яе паўночна-заходняю ды паўднёва-заходняю межамі. А межы тыя сталінскія. Навошта сябе заганяць у такія ганебныя граніцы, дзе ж адвечна вольны «ліцьвінскі» дух? Ці не таму такое абмежаваньне, што, як кідае пабочны назіральнік у зборніку, «ліцьвіны» шукаюць у Польшчы саюзьніка? Усходняя мяжа «Літваніі» йдзе празь Менск. Цікава, як яна дзеліць горад? Галоўнае, «ліцьвіны» не адмаўляюцца ад сталіцы, значыць, маюць на яе нейкую надзею. Тут бачыцца рэфлексія на цяперашняе панаваньне ў Менску не-«ліцьвіноў», усходнікаў, «несьвядомых» беларусаў.

Сьвядомасьць і несьвядомасьць займаюць выключнае месца ў «ліцьвінскім» руху. Можа, гэта галоўны, хоць і вельмі няясны крытэр у паўставаньні новае этнічнае групоўкі. Які ж яшчэ можа быць крытэр, калі іншыя не знаходзяцца? Праўда, ёсьць спробы абаперціся на знаных людзей у мінуўшчыне, каб не выглядаць нэафітамі. Сьцьвярджаецца: «Радзівілы, Сапегі, Кішкі, Хадкевічы — усе цэнтральныя родавыя маёнткі нашых ліцьвінскіх фэўдалаў ці, інакш — магнатаў, канцэнтраваліся, вядома ж, на іх Радзіме — у Літваніі — Ліцьвінскай мэтраполіі». Цікава, што ў прапанаваным сьпісе заходнебеларускіх паводле Радзімы (хоць слова гэта тут недарэчы) магнатаў няма. Карані Радзівілаў — у сучаснай Літве, Сапегаў — на Смаленшчыне, Кішкі паходзілі з Польшчы, а Хадкевічы — з Украіны. Родавыя маёнткі гэтых фэўдалаў, як кроплі, пакрываюць усю мапу Вялікага княства Літоўскага, а не адно заходнюю Беларусь. Што іх яднала — адчуваньне палітычнае супольнасьці. У гэтым сэнсе яны былі «сьвядомыя», пэўна — «ліцьвіны». Дый цяпер ведамыя дзеячы, якія з далёкіх ускраін ці з аддаленых земляў прыйшлі ў беларускі рух. Пры пэўных абставінах беларускія дзеячы могуць далучыцца да «ліцьвінскага» руху, але чым будзе ў такім выпадку «Літванія», як не віртуальнаю зьяваю? Між тым, папрок у віртуальнасьці робіцца рэальнай Беларусі. Паглядзім, што будзе больш віртуальным.

Разьвіцьцю такой няўлоўнае матэрыі, як дух, мэнталітэт народаў, прысьвечана цікавая схема, зь якой наглядна бачна нават прафанам, што беларусы-ўсходнікі й «ліцьвіны»-заходнікі, хоць у пэўным часе й сыходзіліся ў думках, але цяпер разышліся радыкальна, мо й назаўжды. Застаецца дзякаваць, што беларусам даецца шанец на рэабілітацыю, то бок на набліжэньне да ліцьвіноў: графік іх мэнтальнасьці апошнім часам робіць усплёск.

А ўвогуле ў зборніку шмат трапных назіраньняў і сьвежых думак, што паспрыяе ня толькі «ліцьвінскай», але й беларускай сьвядомасьці. Кідаецца ў вочы глыбокі пэсымізм яго аўтараў, нягледзячы не дэкляраваную веру ў сьветлую будучыню «Літваніі». Час цяпер такі змрочны, пэсымістычны. Чаго варты нават адзін толькі «Маніфэст ліцьвіноў», напісаны стылем Новага Запавету. Так пішуць звычайна нэкралёгі, а не абвесткі пра нараджэньне новага. Каб жа ня стаў маніфэст сапраўдным нэкралёгам руху...

Валеры Пазьнякоў