Сейбіты мутантаў

Ці пагражаюць нашаму здароўю генэтычна зьмененыя прадукты?

 

Пакуль мы змагаемся з халадамі ды сьпякотай, многія эўрапейскія фэрмэры ўжо пасьпяхова правялі сваю пасяўную. Але і ў іх ня ўсё гладка. У чацьвер выявілася, што сотні фэрмэраў памылкова засеялі генэтычна зьмененае зерне — такое, у якім прамысловым шляхам, з дапамогай геннай інжынэрыі, зьменены генэтычны код і спадчынныя якасьці. Гэтае збожжа трапіла ў зямлю на больш чым 500 брытанскіх фэрмах, на 500 гектарах у Швэцыі, 600 га ў Францыі ды 400 га ў Нямеччыне. Алею ў вагонь падліла тое, што ўрады гэтых краінаў ведалі пра сытуацыю ўжо амаль месяц, але маўчалі. Усё гэта выйшла наверх пасьля заявы кампаніі Advanta Seeds, якая прызналася, што выпадкова падмяшала да звычайнага збожжа генэтычна зьмененае.

Першай падала голас Швэцыя. Яе ўрад тэрмінова пачаў абмяркоўваць, ці ня трэба аддаць загад фэрмэрам зьнішчыць усю рунь. Потым было вырашана пачакаць экспэртызы. Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Тоні Блэра пасьпяшаўся запэўніць, што ніякай небясьпекі для здароўя людзей няма, бо працэнт «атрутнага» зерня невялікі — менш за адзін адсотак з таго, што пасеялі.

У апошнія гады GM-прадукты (ад ангельскага genetically modified – «генэтычна зьменены») зрабіліся вялікай праблемай. Прыхільнікі геннай інжынэрыі паказваюць на тое, што навукоўцы, зьмяняючы гены расьлінаў ды жывёлаў, робяць іх больш урадлівымі ды ўстойлівымі да хваробаў. А супраціўнікі робяць акцэнт на тым, што, магчыма, такія прадукты шкодзяць здароўю людзей, якія ўжываюць генэтычна зьмененую ежу. Таму многія эўрапейскія краіны ў адпаведнасьці з дырэктывамі Эўразьвязу абмяжоўваюць камэрцыйны продаж харчоў, вырабленых з генэтычна зьмененых прадуктаў, а экспэрымэнты з генамі дазваляюць праводзіць толькі ў спэцыяльных лябараторыях.

 

Інжынэры целаў

Усе арганізмы маюць пэўны набор генаў у сваёй структуры ДНК. Гены — гэта хімічныя інструкцыі для стварэньня й падтрыманьня жыцьця. Мадыфікуючы гены, навукоўцы зьмяняюць характарыстыкі арганізму. Тэхналёгія яшчэ толькі нараджаецца: на сёньня вельмі няшмат GM-расьлінаў ды жывёлаў, і сярод расьлінаў зусім няма такіх, якія нясуць у сабе гены жывёлаў ці людзей. А такое магчыма, бо паміж відамі існуе пэўнае падабенства — усе, ад інсэктаў і чарвякоў да малпаў і чалавека ад нараджэньня нясуць у сабе шмат аднолькавых генаў.

Уласна кажучы, сяляне ўжо некалькі тысячаў гадоў займаліся «традыцыйнай генэтыкай», адбіраючы для пасадкі насеньне найлепшых расьлінаў. Потым навукоўцы пачалі спрабаваць стварыць новыя расьліны ды жывёлаў з дапамогай радыяцыі ды хімікатаў, стымулюючы мутацыі генаў — некаторыя зьмены былі пры гэтым карысныя, некаторыя наадварот.

Калі параўнаць ранейшыя мэтады зь лятарэяй (навукоўцы чакалі, што сярод многіх зьмененых пасыўным чынам генаў знойдзецца такі, які прынясе плён), дык генныя інжынэры самі вызначаюць нумар выйгрышнага квітка. Новая тэхналёгія дазваляе вылучаць асобны ген, адказны за пэўную характарыстыку арганізму, ды перадаваць адрэзак ДНК, які той ген утрымлівае, ад аднаго арганізму іншаму. Прычым такі абмен магчымы нават паміж рознымі відамі.

Першай расьлінай са зьмененай генэтыкай быў гатунак табакі, створаны ў 1983 годзе. ЗША былі першай краінай, у якой у 1993-м дазволілі масава вырошчваць ды прадаваць памідоры з запаволеным высьпяваньнем, а таксама прадукты зь іх.

 

Наступствы

Да чаго можа прывесьці генная інжынэрыя? Дакладна невядома. Вось прыклад: ня так даўно ў ЗША ды Новай Зэляндыі пачалі шырока экспэрымэнтаваць з разьвядзеньнем ласосяў са зьмененымі генамі. Вынікі былі ашаламляльнымі — малеча расла хутчэй разоў у шэсьць, чым звычайна. Але навукоўцы адразу забілі ў звон: узьнікла небясьпека таго, што рыбіны зьбягуць са сваіх гадавальнікаў. Самкі ласосяў-мутантаў былі нашмат большыя за звычайных, не мутаваных, і, нягледзячы на тое, што ў многіх зь іх былі дэфармаваныя ад нараджэньня галовы, яны маглі прыцягнуць да сябе ўсіх самцоў. Патомства рыбінаў-мутантаў вельмі кволае, і вельмі хутка ласосі маглі зусім вырадзіцца й зьнікнуць. Праціўнікі геннай інжынэрыі даводзяць, што зьмены ў структуры ДНК могуць прывесьці да таго, што новыя арганізмы зробяцца атрутныя ці будуць выклікаць у спажыўцоў алергію.

Часта навукоўцы ўстаўляюць у расьліны гены, якія робяць іх устойлівымі да пэстыцыдаў. Потым, калі на палетках труцяць шкодных інсэктаў, расьліны застаюцца непашкоджаныя. Аднак тэарэтычна магчыма, што тыя інсэкты самі атрымаюць з расьлінаў мутаваныя гены ды зробяцца супэршкоднікамі — ніякая атрута іх тады ня возьме. А калі такія «ахоўныя» гены трапяць у ДНК мікраарганізмаў, якія выклікаюць хваробы? Тады нават самыя бяскрыўдныя зь іх зробяцца невылечнымі.

Але навукоўцы кажуць, што GM-прадукты не нясуць у сабе небясьпекі. Некаторы генэтычна палепшаны харч ужо стала заняў месца на паліцах супэрмаркетаў, і пакуль ніякіх катастрофаў з-за гэтага ня здарылася. «Мутанты» ня так хутка псуюцца, добра родзяць, што дапамагае сельскай гаспадарцы разьвівацца не экстэнсыўна, а інтэнсыўна, захоўваючы некранутымі землі. Іх можна зрабіць і больш карыснымі для чалавека — напрыклад, павялічыць колькасьць вітамінаў, якія яны ўтрымліваюць, прымусіць іх выпрацоўваць рэчывы, якія дапамогуць лячыць хваробы. Біяінжынэры запэўніваюць, што ў хуткім часе створаць новыя прадукты, якія можна будзе ўжываць у якасьці альтэрнатыўных крыніцаў паліва.

Праблемы з генэтычна зьмененымі прадуктамі добра адлюстроўваюць стан сучаснай эканомікі, якая ўсё больш манапалізуецца і глябалізуецца. Толькі вялікія карпарацыі могуць дазволіць сабе выдаткоўваць добрыя грошы на экспэрымэнты з генамі. Вялікія біятэхналягічныя кампаніі спрабуюць паставіць фэрмэраў у такія ўмовы, пры якіх тыя ня змогуць вытрымаць канкурэнцыю, калі й надалей будуць ужываць традыцыйныя тэхналёгіі. У сувязі з гэтым можна толькі вітаць ініцыятыву «Макдональдзу», які вырашыў адмовіцца ад ужываньня GM-бульбы ў сваіх стравах, зыходзячы з «клопату пра кліентаў».

Ну, а Беларусь пасьля чарнобыльскае катастрофы нагадвае адну гіганцкую генную лябараторыю, якая выйшла з-пад кантролю. Адна радасьць — у «біг-маках» усё з генамі ў парадку. Але ж дзе ўзяць грошы на тыя «біг-макі»...

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0