БІБЛІЯТЭКА

 

Мартыралёг

Маракоў Л. Вынішчэньне: Рэпрэсаваныя беларускія літаратары. Даведнік. Менск: Літ.-маст. фонд «Нёман», 2000. — 200 с. Наклад 50 ас.

ISBN 985-6555-02-9

Каштоўнасьць новай кнігі Леаніда Маракова бясспрэчная. Гэта каталёг зьвестак пра рэпрэсаваных (у большасьці ўжо нежывых) беларускіх літаратараў зь максымальна сьціслай, але каштоўнай інфармацыяй: жанр дзейнасьці літаратара, дата яго нараджэньня, даты арыштаў, дата сьмерці, месца сьмерці (або пражываньня). На жаль, няма графы «месца пахаваньня». Ёмісты першапачатковы сьпіс літаратараў пасьля ў кнізе паўтораны яшчэ тры разы: паводле датаў нараджэньня, паводле датаў арыштаў, паводле датаў сьмерці. Для чытача такі чацьвярны паўтор зручны, значыць, апраўданы.

Як вынікае з прадмовы, мэтай кнігі было паказаць адвечна варожае стаўленьне ўладаў (расейскіх царскай і савецкай, польскай і нямецкай) да беларускага друкаванага слова і яго стваральнікаў. Так бы мовіць, паэт у Беларусі — большы за паэта, гэта — палітычны злачынец. У часе працы над выданьнем аўтар вырашыў не абмяжоўвацца нашым стагодзьдзем, але захапіць і ХІХ ст. Тэрмін «беларускія літаратары» трактуецца вельмі шырока: гэта рознапляменная інтэлігенцыя, што пацярпела за пісаньне тэкстаў у Беларусі. Ёсьць тут жыдоўскія пісьменьнікі, гісторыкі Павел Горын, Уладзімер Пічэта, Віталь Сярбента, дырыжор і кампазытар Уладзімер Тэраўскі, дзеяч дысыдэнцкага руху Міхась Кукабака, мітрапаліт Мэльхісэдэк, кардынал Казімір Сьвёнтак, географ Ян Чэрскі і іншыя. Ці сапраўды іх можна назваць літаратарамі? Гэтыя акалічнасьці трэба ўлічваць пры падвядзеньні статыстыкі вайны супраць беларускага слова і думкі ў ХХ ст.

Калі аўтар вырашыў прывесьці зьвесткі пра рэпрэсіі ў ХІХ стагодзьдзі, дык, можа, варта было ісьці і глыбей — у XVIII, XVII, XVI ст. і г.д. Першую ахвяру паказаць цяжка. Магчыма, ім быў мітрапаліт Герасім, спалены князем Сьвідрыгайлам у 1435-м. XVI ст. азмрочылася расправай над публіцыстам Іванам Перасьветавым. Беларус, ён асьмеліўся даваць парады цару Івану Жахліваму і прапаў, як у ваду ўпаў. Крывавае XVIІ ст. забрала жыцьці царкоўніка Апанаса Філіповіча і бязбожніка Казіміра Лышчынскага. Гэтыя пацярпелі ад «сваіх», а Адам Длужык-Каменскі (паводле некаторых зьвестак — беларус) — ад маскалёў. Ён стаў першым «падарожнікам» не па сваёй волі па Сібіру, які апісаў гэтую зямлю ў мэмуарах. Сумную традыцыю працягнуў у XVIІІ ст. Юзаф Копаць, касьцюшкаўскі паўстанец, які, дзякуючы ўсходняму суседу, добра азнаёміўся зь зямлёй Камчаткай і даў першае яе апісаньне.

З асобаў ХІХ ст. увагі заслугоўвае адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў Канстанцін Радзівіл, які быў арыштаваны ў сувязі са справай дзекабрыстаў. У ХХ ст. ж вялася татальная вайна супраць думкі, доказ таму — сама кніга Л.Маракова. Адметна, што сьпіс ахвяраў у некалькі соцень чалавек ня поўны, і аўтар працягвае сваю працу. Сярод неадзначаных ахвяраў ёсьць вельмі вядомыя літаратары (небеларускамоўныя): Алена Скірмунт, мастачка, аўтар дзёньніка «З жыцьця ліцьвінкі» (арыштаваная ў 1863 годзе), Генрык Скірмунт, кампазытар і паэт (расстраляны саветамі ў 1939 годзе), нядобрай памяці бацька і сын Лука і Іван Саланевічы (арыштаваныя ў 1933—34 гадах). У кнігу чамусьці ня трапіла ці не апошняя ахвяра ўладаў, паэт Славамір Адамовіч.

Некаторыя зьвесткі патрабуюць удакладненьня. Ігнат Анацэвіч памёр у 1845 годзе ў Пецярбургу як вольны чалавек, хоць раней і высылаўся. Вацлава Ластоўскага сапраўды расстралялі ў Саратаве. Затое ў дачыненьні да Вацлава Іваноўскага слова «расстралялі» не падыходзіць. Ён сапраўды загінуў ад стрэлаў, але ня ката, а тэрарыста, і, быццам, падбухторанага немцамі. Зусім не пазначаныя рэпрэсіі ў дачыненьні да яго, а ў 1919 годзе ён зьведаў арышт ад бальшавікоў. Тадэвуш Корзан быў арыштаваны толькі аднойчы, у 1859 годзе, а ў 1861 годзе высланы. Некаторыя даты патрабуюць праверкі. Увогуле кніга вызначаецца дастатковай паўнатой і дакладнасьцю. Шкада толькі, што яе наклад малаваты.

Валеры Пазьнякоў

 

Камоцкі пяе малітвы

Алесь Камоцкі, «Псальмы», 2000, Magton recards

На стыку року, фольку, джазу, бардаўскай песьні ў Беларусі зьяўляюцца праграмы новай хрысьціянскай музыкі — леташні калядны праект «Сьвяты вечар», альбом хрысьціянскіх сьпеваў «Зазірні ў неба» гурту «Золак». З гэтага шэрагу і новы альбом «Псальмы» Алеся Камоцкага на біблейныя радкі ў перакладзе на беларускую Рыгора Барадуліна.

Слова «псальмы» паходзіць ад грэцкага «псальмас» — урачысты рэлігійны сьпеў, малітва. Паэтычная форма і мэтар псальмаў грунтуюцца на сынтаксычным паралелізме — варыяцыях адной і той самай тэмы, альбо на выказваньнях, якія сэнсава падпарадкоўваюцца адно аднаму. Кніга псальмаў, напісаная царом Давыдам, налічвае 150 твораў. Скарына ў прадмове да «Псалтыру» адзначаў: «Псалам жастокае сэрца мякчыць і сьлёзы зь яго, якабы са істочніка ізводзіць». Псальмы перакладалі Сімяон Полацкі, Іван Луцкевіч, Васіль Сёмуха і вось — Рыгор Барадулін.

Распачынаецца дыск малітвай «Ойча наш». Далей — каля дваццаці трэкаў, на два зь якіх запісана па дзьве ці тры музычна-паэтычныя тэмы. Алесь спачатку цытуе той ці іншы псальм у перакладзе І.Луцкевіча, а потым сьпявае адпаведную музычную вэрсію на вершы Барадуліна. Ёсьць на дыску й гітара Камоцкага. Яна нагадвае тут першы псальмовы інтрумэнт — арфу.

Кампакт-дыск і касэта А.Камоцкага на вершы Р.Барадуліна «Псальмы» — насуперак таму, што памылкова была пісала «НН» — былі выдадзеныя ў Польшчы пры падтрымцы Цэнтру Грамадзянскай Адукацыі «Польшча-Беларусь» і Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў. Аформленыя яны творам дачкі паэта — Ілоны Барадулінай.

Да Бога зьвярнуцца з малітвай залішнім ніколі ня будзе...

Анатоль Мяльгуй

 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры. № 3—4, 1999. — Менск, 1999. — 288 с. ISBN 9955-437-02-2

Тэмай тоўстага нумару альманаху стала «Крытычнае мысьленьне».

У.Шелихин. Сердце помнит: Альбом-книга. — Менск: выдавецтва «Чатыры чвэрткі», 2000. — 224 с., іл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-6089-51-4

Колішні дыктар беларускай тэлевізіі й радыё, артыст Уладзімер Шаліхін згадвае пра свае сустрэчы з знакавымі фігурамі беларускай, савецкай і сусьветнай культуры: ад Міхася Забэйды-Суміцкага й Ларысы Александроўскай да Мсьціслава Растраповіча й Міхаіла Баярскага.

IV Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытаньні, прысьвечаныя Дням славянскага пісьменства й культуры: Матар’ялы чытаньняў (Менск, 24—26 траўня 1998 г.). У 2 ч. Ч. 1 / Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, Беларускі ўнівэрсытэт культуры; Рэд. калегія: А.Бендзін (адказны рэдактар) ды інш. — Менск: Беларускі ўнівэрсытэт культуры, 1999. — 162 с. — Наклад 200 ас.

IV Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытаньні, прысьвечаныя Дням славянскага пісьменства й культуры: Матар’ялы чытаньняў (Менск, 24—26 траўня 1998 г.). У 2 ч. Ч. 2/ Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, Беларускі ўнівэрсытэт культуры; Рэдакцыйная калегія: А.Пазьнякоў (адказны рэдактар) ды інш. — Менск: Беларускі ўнівэрсытэт культуры, 1999. — 192 с. — Наклад 200 ас.

Сярод іншых матар’ялаў зборніка варта вылучыць тэкст А.Бендзіна «Расейская праваслаўная царква й праблема беларускага нацыяналізму (пачатак ХХ ст.)».

Берасьцейскі хранограф: Зборнік навуковых працаў. Вып.2. — Берасьце: Выдавецтва С.Лаўрова, 1999. — 400 с. — Наклад 100 ас. ISBN 985-6371-54-6

Зьмешчаныя працы берасьцейскіх, іншых беларускіх, расейскіх, латыскіх ды ўкраінскіх дасьледнікаў з гісторыі Беларусі й Берасьця. Найцікавейшы матар’ял — артыкул Э.Якабсона з Рыгі «Латвія й Беларусь. Пачатак дачыненьняў (1919—1920)» — пра спробу Ўраду БНР з дапамогаю Латвіі аднавіць сваю ўладу ў краіне й стаўленьне латыскіх уладаў да праблемаў Беларусі.

З гісторыі вякоў і пакаленьняў Івейскага краю: Матар’ялы навукова-практычнай краязнаўчай канфэрэнцыі / Пад рэдакцыяй І.Крэнь. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 1999. — 256 с. — Наклад 2500 ас. ISBN 985-417-145-0

Л.Ракава. Традыцыі сямейнага выхаваньня ў беларускай вёсцы. — Менск: Ураджай, 2000. — 111 с.: іл. — Наклад 2000 ас. ISBN 985-04-0398-5

На шырокім гістарычна-этнаграфічным матар’яле аналізуюцца традыцыйныя формы, мэтады й сродкі выхаваньня дзяцей, распавядаецца пра адметнасьці побыту й культуры нашых продкаў.

Т.Бондар. Імем Айца і Сына: Аповесьць, раман. — Менск: Мастацкая літаратура, 2000. — 317 с. — Наклад 1650 ас. ISBN 985-02-0380-3

У чарговую кнігу беларускае пісьменьніцы, рэдактаркі расейскамоўнага часопіса замежнай літаратуры, увайшлі навэлі й раман «Мечаная».

С.Яновіч. Запісы веку. — Беласток, 1999. — 97 с. — (Бібліятэка беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа». Кн.26). ISBN 83-85918-18-3

Лісьце срэбнай таполі. З польскай лірыкі ХХ ст. выбраў і пераклаў Ян Чыквін. — Беласток, 1999. — 110 с. — (Бібліятэка беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа». Кн.28). ISBN 83-85918-20-5

Сьляза пякучая Айчыны. Творчы партрэт Яна Чыквіна. — Беласток, 2000. — 167 с. — (Бібліятэка беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа». Кн. 29) ISBN 83-85918-21-3

Уладзімер Калесьнік, Уладзімер Конан, Масей Сяднёў, Ала Сямёнава, Ніна Мацяш, Алесь Разанаў ды іншыя літаратары апісваюць ды характарызуюць творчасьць беластаччаніна Яна Чыквіна.

Г.Тварановіч-Сеўрук. Верасы Дараганава: Лірыка. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 96 с. — Наклад 500 ас. ISBN 985-6318-70-Х

Другі зборнік паэткі.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0