Падзеі
Тэатральная вясна
Фэстываль «Менская вясна-2000» — гэта міжнародная сустрэча артыстаў і акцыя салідарнасьці творцаў некамэрцыйнага мастацтва зь беларускімі калегамі, адрэзанымі ад культурнага жыцьця Эўропы.
У тэатры «Вольная сцэна» прайшоў паказ відэафільмаў пра найноўшыя экспэрымэнты ў тэатральным мастацтве Захаду (увосені да нас мае завітаць знакаміты амэрыканскі Living Theater), а таксама пра маляўнічыя вулічныя акцыі апазыцыйных рухаў у Польшчы і Югаславіі. Кіраўнік тэатру «Акадэмія руху» Войцех Крукоўскі падзяліўся ўспамінамі пра змаганьне польскіх актораў з камуністычнай дыктатурай. Тэатар Cogitatur паказаў мюзыкал. Палякі ж зь цікавасьцю паглядзелі спэктакаль Гарадзенскага тэатру лялек «Тутэйшыя» (яго двойчы запрашалі на фэстываль у Торуні, і двойчы ўлады не давалі дазволу на выезд). Бадай, лепшы беларускі авангардовы спэктакаль апошняга часу «Елка Ў» паказаў менскі тэатар «Жэст».
Гарвыканкам забараніў беларускім і польскім мастакам-пэрфомэрам выступіць на пляцоўцы перад тэатрам «Дзе-Я»: мастацкія акцыі ўлады прыраўналі да несанкцыянаваных мітынгаў. Міліцыя нават затрымала некалькі журналістаў, якія здымалі разгон гэтых несанкцыянаваных вулічных спэктакляў (частку зь іх потым паказалі ў ТЮГу). Улады забаранілі нават праводзіць прэс-канфэрэнцыю па выніках фэстывалю і — зусім ужо сьмех — прыгразілі зачыніць клюб «Рэактар», дзе выступалі рок-гурты (адзін з польскіх гуртоў дзеля эпатажу завецца «Pidzama Porno», а ліцэнзіі на мужчынскі стрыптыз у клюбу, маўляў, няма). Адмарозкі ня любяць вясны.
Юрась Барысевіч
Ня згіне плён цяжкіх пакут...
16 траўня талачынскае раённае кіраўніцтва загадала тэрмінова выдаліць карціны Алеся Пушкіна з тэрыторыі раёну, заявіўшы, што гэтае мастацтва занадта спэцыфічна ўплывае на нацыянальную сьвядомасьць насельніцтва. 1 траўня ў Коханаве адкрылі экспазыцыю твораў Пушкіна ды мясцовага скульптара Юр’я Палякова. Сюды зьехалася патрыятычна настроеная моладзь з усяго навакольля — і ўжо праз 3 дні паступіў загад зачыніць выставу. 8 траўня сустрэцца з коханаўцамі прыяжджаў сам Алесь Пушкін дый шчэ паказаў пэрфоманс «Першы беларускі партызан», 14 траўня ў цэнтры Коханава зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, а 15 траўня тамтэйшая суполка ТБМ зладзіла пікет у абарону мовы... Зьвязаўшы гэтыя падзеі з узьдзеяньнем «палітычна небясьпечнага» мастацтва, талачынскія раённыя ўлады пастанавілі пазбыцца яго ўвогуле, пагражаючы выкінуць карціны Алеся Пушкіна, якія часова захоўваліся ў пасялковым Доме культуры, проста на вуліцу. Юры Палякоў мусіў неадкладна забраць свае творы дахаты. А карціны Пушкіна часова прытуліў у сябе адзін добры чалавек. Коханаўскае рэгіянальнае аб’яднаньне моладзі (КРАМ) вырашыла працягваць свой праект. Толькі выстава накіруецца зараз ужо не ў Талачын, як плянавалася, а ў якое іншае, больш прыдатнае для культуры месца.
А.Т., Віцебск
Канцэрт у Горках
У Горках у сельгасакадэміі прайшоў цудоўны канцэрт, наладжаны ТБМ і студыяй «Жывы гук». Выступілі фольк-гурт «Верасень», хрысьціянская музычная група «Ласка Божая», дуэт клясычнай музыкі, мясцовы рок-гурт «Калі мерзьнеш». Участковы міліцыянт ушчуваў, што арганізатары не папрасілі аховы, але й сам з задавальненьнем слухаў і танчыў разам са студэнтамі.
Сямён Глазштэйн, Магілёў