Зьмiцер ДЗЯДЗЕНКА

ГАМЛЕТ, ПРЫНЦ РЭЧЫ ПАСПАЛIТАЙ

 

Дзея простая, i сюжэт немудрагелiсты. У нейкiм каралеўстве раптоўна памiрае кароль. Ягоная нiбыта зразумелая сьмерць, аднак, выклiкае мноства самых разнастайных вэрсiяў i тлумачэньняў. Блытанiны ў агульную карцiну дадае той факт, што па сьмерцi мужа ўдава выходзiць замуж за ягонага брата…

Кожны, хто чуў што-небудзь пра творчасьць Шэксьпiра, пазнаў завязку «Гамлета». Напiсаная на пачатку XVII ст. (першая рэдакцыя зьявiлася недзе ў 1601 годзе), яна дагэтуль застаецца ледзь не эталёнам драматургii. I кожны артыст ці рэжысэр марыць паказаць сьвету «свайго» Гамлета!..

Сапраўднасьць героя i падзеяў п’есы ня дужа й важная — мы сочым за змаганьнем чалавечага духу. Аднак не-не, дый кране дзесьцi ў глыбi роздум: а цi быў сапраўдны Гамлет i ўся гэтая мiтусьня? Адкуль узяў Шэксьпiр гiсторыю дацкага прынца? З кронiкаў, як у многiх iншых сваiх трагедыях? З расповедаў сучасьнiкаў?

Энцыкляпэдыi цьвердзяць, што крынiцай Шэксьпiравага натхненьня быў твор ягонага старэйшага сучасьнiка й земляка Кiда. Той «Гамлет» зьявiўся на якiх пару гадоў раней, але да нас, на жаль, не дайшоў. А вось шэксьпiраўскi…

Для мяне гэтая п’еса дагэтуль застаецца загадкай. I рэч тут не ў традыцыйным лiтаратуразнаўчым поглядзе. Трагедыя пра Гамлета ёсьць… карцiнай беларускай гiсторыi. Праўда, створанай за… паўстагодзьдзя да таго, як адбылiся апiсаныя ў ёй падзеi.

Тут i пачынаецца загадка. Якiм чынам Шэксьпiр за паўстагодзьдзя амаль дакладна апiсаў нашыя падзеi? А можа, наадварот — галоўныя дзейныя асобы кiравалiся п’есай пра Гамлета як падказкай?

 

Карона Рэчы Паспалітай

Сьмерць Караля польскага й Вялiкага Князя лiтоўскага Ўладзiслава прыйшлася дужа недарэчы. Краiне пагражала казацкая навала. Жыцьцём казакоў была вайна. Iхным рамяством — сеча. Iхным даходам — рабунак. Яны марнелi бязь бiтвы.

Уладзiслаў марыў зь iхнаю дапамогаю зваяваць Атаманскую Порту. Аднак грашовыя справы Рэчы Паспалiтай былi настолькi паганымi, што сойм адмовiў уладару ў неабходнасьцi абвяшчэньня вайны. Казакi, якiя чакалi гэтай вайны як збавеньня, зразумелi: гнюсныя паны-шляхта не даюць волi каралю й вялiкаму князю. У вынiку — жорсткае паўстаньне.

Казацкiя палкi лiнулi на польскiя й беларускiя землi, нiбы паводка, што вызвалiлася з-пад лёду. Iм патрэбная была вайна. Хаця б якая. Раптоўная сьмерць Уладзiслава ад лiхаманкi толькi падлiла алею ў агонь: паны забiлi добрага караля!

Жарсьцi разыгралiся ня меншыя ад шэксьпiраўскiх. А крывi пралiлася, як нам цяпер вядома, нават i болей, чым у якой з трагедыяў клясыка.

Вось тут i пачынаецца наш дэтэктыў. Новым каралём Рэчы Паспалiтай становiцца брат Уладзiслава — Ян-Казiмер. Узышоўшы на пасад 20 лiстапада 1648 году, ён бярэ сабе за жонку… братавую. Удава Людвiка-Марыя Ганзага дэ Нэвэр, нiбы каштоўны прыз цi дадатак да кароны, пераходзiць да пераможцы.

Яна гэтага хацела. Яна даўно прагнула быць каралевай. Нават за Ўладзiслава ў 1645 годзе яна iшла толькi таму, што той быў каралём. Гэтую мажную 34-гадовую тады брунэтку не спынiла нават хвароба будучага мужа (Уладзiслаў хварэў на падагру. Хвароба мучыла яго настолькi, што нават да алтару караля-жанiха несьлi на крэсьле, а выкананьне сваiх сямейных абавязкаў ён адклаў на некалькi тыдняў).

Яна выходзiла замуж за карону. I гэтую карону яна пастаралася потым аддаць Яну-Казiмеру. Аддаць дзеля таго, каб ён, у свой чарод, падзялiўся гэтай уладай зь ёй.

Шлюб уладара быў справай не прыватнай, а дзяржаўнай. Таму выбар Яна-Казiмера доўгi час не прымалi шырокiя колы шляхты Рэчы Паспалiтай. Дый паводле кананiчнага права гэты шлюб лiчыўся кровазьмяшальным. Нездарма ж у варшаўскiм каралеўскiм замку незадоўга да шлюбу невядомая зламысная рука раскiдала ўлёткi з надпiсам:

Casimirus rex
germana sorore natus
germani coniugi copulatus
nunquam erit fortunatus

(Кароль Казiмер, народжаны ад роднай сястры першай бацькавай жонкi, злучаны з братавай жонкай, нiколi ня будзе шчасьлiвым.)

Аднак Яну-Казiмеру i Людвiцы-Марыi ўдалося-такi абысьцi ўсе перашкоды. Iхны шлюб быў дазволены Папам Рымскiм. Праўда, казаць, што закаханым дапамагаюць нябёсы, тут не выпадала — як ужо згадвалася, шлюб рабiўся з узаемнай карысьцi…

Прыпадабненьнем да шэксьпiраўскага напалу жарсьцяў падаецца й доўгi шлях Яна-Казiмера да пасаду. Яшчэ па сьмерцi бацькi, Жыгiмонта Вазы, Яна-Казiмера вылучалi на каралеўскi сталец. Аднак тады ён сам адмовiўся ад пасаду на карысьць брата Ўладзiслава. Няведама, цi то гэта бы тактычна прадуманы ход, цi то цьвярозая ацэнка сваiх шанцаў.

Аднак пазьней Ян-Казiмер ужо ня быў такiм сьцiплым. Уладзiслаў неаднакроць скардзiўся блiзкiм на неспакойнага брата. А ў шляхецкiх колах Ян-Казiмер выклiкаў абурэньне тым, што сядаў поплеч караля й вялiкага князя на соймах — у гэтым бачылi прэтэнзii на каралеўскi пасад.

Адкрытых сьведчаньняў таго, што Ян-Казiмер рупiўся пра здабыцьцё каралеўскага й вялiкакняскага стальца, няма — гэта ўсё ж ня Гамлетаў дзядзька з п’есы Шэксьпiра. Але зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што Ян-Казiмер, даведаўшыся пра братаву хваробу, хуценька прыехаў з Парыжу ў Варшаву. Дзеля гэтага прыезду ён нават адмовіўся ад нядаўна нададзенага яму Папам Рымскiм званьня кардынала. У кулюарах шапталiся пра новую элекцыю — абраньне караля й вялiкага князя…

 

Гамлеты сапраўдныя і падманныя

А што ж Гамлет? Хто трапляе ў нашай дэтэктыўнай гiсторыi на гэтую ролю? Варыянтаў Гамлета не бракуе, хаця гэта й дзiўна гучыць…

Першы прэтэндэнт на гэтую ролю — найбольш, здаецца, адпаведны. Гэта законны сын Уладзiслава Жыгiмонт-Казiмер, народжаны 1 красавiка 1640 году, у першым шлюбе караля й вялiкага князя з Цэцылiяй-Рэнатай з дому Габсбургаў.

З партрэту пазiрае на нас абаяльнае дзiця гадоў сямі. Гэта й ёсьць Жыгiмонт-Казiмер. На яго ўскладаў усе свае надзеi Ўладзiслаў. На вялiкi жаль, гэтым надзеям не было наканавана спраўдзiцца. У 1647 годзе гэтае дзiця памiрае ад дызэнтэрыi, наеўшыся нясьпелай садавiны. Наракаць даводзiцца толькi на нiзкi ўзровень тагачаснай мэдыцыны…

Праўда, у караля й вялiкага князя застаўся яшчэ адзiн сын. Аднак Уладзiслаў-Канстанцiн быў народжаны па-за шлюбам i таму ня мог быць спадкаемцам стальца. Сваё жыцьцё ён пражыў пад iмем графа Вазэна i памёр па-за межамi Рэчы Паспалiтай, у Рыме. Цiкава прыгадаць той факт, што пры вядомым бацьку застаецца таямнiцай iмя мацi гэтага бастарда. Гiсторыкi дапускаюць, што ёй была шляхцянка Ядвiга Лушкоўская.

Неадкрытая таямнiца хавае й паходжаньне яшчэ аднаго прэтэндэнта на ролю Гамлета. Гэта вядомы правадыр гуральскага паўстаньня ў сярэдзiне XVII ст. Аляксандар-Леа з Штэмбэрку Костка-Наперскi. Сам ён, злоўлены, сьведчыў, што ёсьць сынам Уладзiслава IV. Што праўда, сьведчаньня на карысьць гэтага цьверджаньня няма…

Гамлеты Рэчы Паспалiтай альбо не дажылi да завязкi шэксьпiраўскай трагедыi, альбо пазьбеглi ўдзелу ў ёй. А можа, яны й не былi Гамлетамi?..


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0