Паштовая скрынка

 

Віктару Ф. зь Менску. Тэмы некаторых карыкатураў драбнаватыя і плюгкія. Зашмат таксама аднаго вядомага пэрсанажа, які ўжо ўсім аскому нагнаў.

Дзьмітрыю К. зь Менску, Уладзімеру Л. зь Берасьця. Гэта тэксты для рэклямных буклетаў, а не артыкул і інтэрвію. Няма праблемнасьці, няма хараства, затое шмат камплімэнтаў і ўсім вядомых праўдаў. Хоць і Скарынаўскі цэнтар, і Ўсходняя летняя школа — інстытуцыі, пра якія безумоўна варта разважаць і пісаць.

П.Гер-чыку з Горадні. Кальвіністы лічаць адзінай крыніцай веры Біблію і вераць у наканаванасьць чалавечага лёсу. Сьмяротным грахом кальвіністы лічаць марнаваньне часу, невытворчае стаўленьне да капіталу, заспакоенасьць на дасягнутым у кар’еры й багацьці. З таінстваў прызнаюць толькі хрышчэньне. Абразоў, алтароў, арганаў не прызнаюць. Прасьвітэраў выбіраюць сабе на пэўны тэрмін, сьвятароў жа і біскупаў ня маюць. У Беларусі яны ёсьць з 1533 году, усяго існавала да 200 кальвінскіх збораў. Цяпер толькі адна суполка ў Менску. Скантактавацца зь імі можаце праз тэл. (017) 213-34-52, Аляксей. Эвангелісты-баптысты і ў Вас жа ў Горадні ёсьць.

Янку І. з Кобрыню. Каб жа гэта быў адзіны доказ фальсыфікацыі таго рэфэрэндуму...

Лявону В. з Мастоў. Дзякуй. Ці ня лепш было ахвяраваць тую паперу на патрэбы нейкай газэты ці часопіса?

Аляксандру Г. зь Менску. Ваш артыкул — гэта чыстая культуралёгія. Культуралёгія — прадмет, модны на абшарах былога СССР. Але мы гэткага ня любім, бо зашмат тутака неканкрэтнасьці і прапаганды. Апроч таго, у беларускай мове літара Ё ніколі не замяняецца на Е, інакш «лес» можна паблытаць зь «лёсам».

Алесю Б. з Мышкавічаў, Андрусю К. з Магілёва. Дзе Ваша сапраўднае імя, дзе псэўданім? Такія рэчы трэба падпісваць сапраўднымі імёнамі.

Віктару К. зь Ліды. Напэўна, няма ніякай аб’ектыўнай патрэбы, каб мы з Вамі думалі аднолькава. Але мы жывем у адной краіне, таму глядзіце на нас не як на ворагаў, а як на іншых. Калі мы іншыя, гэта зусім ня значыць, што мы павінны зьнікнуць, а Вы — застацца, ці наадварот. Верагодна, Вы абралі сабе для чытаньня няблізкую па думках і духу газэту і маеце магчымасьць зьмяніць выбар.

Яўгену М. з Гомеля. Вам дасьць усю інфармацыю аб праграмах ЮНЭСКА Алесь Істомін. Тэл. у Менску (017) 227-34-62.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0