Ля вытокаў Менкі

 

Сёлетні археалягічны сэзон у Беларусі пачаўся з раскопак на комплексе помнікаў у Гарадзішчы на рацэ Менцы, якое папярэднічала ўзьнікненьню замчышча на рацэ Нямізе, дзе пазьней паўстаў Менск. Гарадзішчанскае паселішча ў старажытнасьці кантралявала акругу між Нёманам і Птычай, па якой праходзіў гандлёвы шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае. Як цэнтар акругі спыніла існаваньне ў другой палове ХІ ст., калі было збудавана замчышча на беразе Сьвіслачы пры сутоку яе зь Нямігай.

Упершыню раскопкі гарадзішча на Менцы былі праведзеныя ў 1930-м археолягам А.Рынейскім, пазьней дасьледзіны помніка былі працягнуты А.Ляўданскім (1935), А.Мітрафанавым (1954), у 1963 і 1967-м гарадзішча капаў Э.Загарульскі, у 1969 і 1970 гады М.Ткачоў, і ў 1976—83 Г.Штыхаў. У 1992-м годзе па доўгім перапынку працягнуў капаньне нетраў старажытнага паселішча археоляг Юры Заяц. Ад 1996 году дагэтуль Ю.Заяц капае пасад гарадзішча разам з студэнтамі аддзяленьня музэязнаўства Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Сёлета раскопы не далі жаданага выніку. Былі знойдзеныя адно кавалкі посуду Х—ХІ ст. і керамічныя аскепкі ды фрагмэнты кахлі канца ХVI — пачатку XVII ст. Найцікавейшай знаходкай была прасьліца VIII—IX ст. Нічога не знайшлі і ў гаспадарчых ямах. На думку сп.Зайца, гэта не прычына для засмучэньня — значыцца, недзе зямля хавае іншыя рэчы. Налета Ю.Заяц разам з студэнтамі ўнівэрсытэту культуры працягне раскопкі. І сэнс капаць тут сапраўды ёсьць. Помнік цікавы ня толькі сваёй блізінёй да Менску. Найдаўнейшыя знаходкі належаць да IV—V ст., калі на землі балцкае культуры штрыхаванае керамікі перасяліліся носьбіты славянскае банцараўскае культуры. Сталая прытока славянскага жыхарства на землі цяперашняе Меншчыны прасочваецца й паводле знаходак валынцоўскай ды лука-райкавецкай культур. Ужо ў VI—VIII ст. паселішча тут існавала на абодвух берагах Менкі, а на Х ст. прыпадае росквіт гэтага населенага пункту. У зьвязку зь пераносам паселішча на бераг Сьвіслачы і заснаваньнем Менскага княства, Гарадзішча на Менцы занепадае. У ХІ—ХІІІ ст. жыцьцё тут нібы зьнікае — археалягічныя пласты гэтага пэрыяду найбяднейшыя, няма ўласьцівых гораду таго часу шкляных бранзалетаў. У XIV—XV ст. тут наагул амаль ніхто не жыве, тлумачэньні на гэты конт могуць быць розныя, але пры канцы XIII — канцы XV ст. вельмі шмат паселішчаў занепадае, а некаторыя сельскія зьнікаюць наагул. Нечаканы росквіт Гарадзішча на Менцы назіраецца ў XVI ст., калі тут існавала мястэчка (аналягічныя працэсы адраджэньня жыцьця назіраліся ў суседніх сядзібах ды вёсках). Але ў выніку вайны з Маскоўшчынай сярэдзіны XVII ст. Гарадзішча, зруйнаванае ды спаленае, канчаткова занепадае, пра што сьведчыць амаль поўная адсутнасьць знаходак пазьнейшага часу.

Да канца XIX ст. у цэнтры гарадзішча стаяла сядзіба славутага Пішчалы, які пачаў быў будаваць сабе замак у Менску, ды празь нястачу сродкаў мусіў яго перапрадаць, не дабудаваўшы, менскім гарадзкім уладам, якія пераабсталявалі дамураваную камяніцу ў вязьніцу, цяпер больш вядомую з назовам «Валадарка». У 1950—60 гады мясцовы калгас хацеў зрабіць на гарадзішчы стадыён паводле ўзору стадыёну на Ніжнім замку ў Полацку — стромыя схілы валоў гарадзішча добра тарнаваліся да глядзельных трыбун. Праект ня быў ажыцьцёўлены, але культурны пласт быў добра перакапаны, таму й сьляды ад сядзібы Пішчалы, ці ад ранейшых пабудоваў знайсьці цяжка. Цяпер вёска Гарадзішча ўлучана ў турыстычныя маршруты па Менску й ваколіцах сталіцы. Яшчэ на пачатку 1990-х сюды вазілі сваіх вучняў настаўнікі гісторыі, абуджаючы ў іх любасьць да роднага краю.

Археоляг Юры Заяц тлумачыць сваю зацікаўленасьць у дасьледаваньні гарадзішча на Менцы проста: «Дасьледую яго найперш дзеля студэнтаў — недалёка ад Менску везьці дый капаць няцяжка — пласт невялікі, але разначасавы, а таму помнік падаецца надзвычай цікавым. Праўда, капаўся ён не заўжды правільна. Да таго ж, зноў жа й дзеля навучаньня студэнтаў, помнік эталённы. У выніку падліку керамікі на квадраце вызначаецца інтэнсыўнасьць жыцьця на аб’екце, а дадатковыя зьвесткі даюць мацерыковыя ямы». Дадамо, што Юр’ю Зайцу належыць грунтоўнае дасьледаваньне старажытнага Заслаўя. Быць можа, праз пэўны час, мы прычакаем і кнігі пра Гарадзішча на Менцы, адкуль некалі пачалася гісторыя беларускае сталіцы.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0