дзядзька Антось у Маскве

Фаст-фуд

 

Мы працягваем нашую вандроўку па «краiне, дзе ўсё рэальна». У мiнулы раз мы з табой спынiлiся дзесьцi каля Беларускага вакзалу. Але перад тым як зрабiць некалькi крокаў далей, наперад, трэба трохi падсiлкавацца. Можна, канечне, скарыстаць із сабойкі, але, на маю думку, лепей пайсьцi куды-небудзь. Часу ў нас з табой сёньня няшмат, дый з натоўпу маскалёў таксама лепей не вылучацца, таму будзем рабiць усё вельмi хутка. Карацей, нас чакае індустрыя маскоўскага «фаст-фуду». Маскоўскi «фаст-фуд», як, напэўна, i ўсе iншыя на прасторах былога СССР, бярэ свой пачатак з бабулек, што на кiрмашах гандлявалi нейкiмi смажанымi на невядомага паходжаньня алеi пiражкамі зь невядомага паходжаньня мясам. Але так было, прынамсi, гадоў дзесяць таму. У далёкiм 1990-м рынак маскоўскага «фаст-фуду» пачаў станавiцца больш-менш цывiлiзаваным — адчынiўся першы «МакДональдз». Зараз, канечне, усё выглядае iнакш, таму праблем зь сiлкаваньнем у нас ня будзе — трэ будзе толькі абраць тое, што вам даспадобы. Выбар вельмi шырокi.

МакДональдзаў у Маскве шмат. Прапанова ў іх залежыць ад часу: ранiцай асартымэнт значна большы — тут нейкiя комплексныя сьняданьнi, фiрмовыя блiнчыкi, катлеткi i г.д. Калi спазьнiцца, прыйдзецца задаволiцца ўжо знаёмымi гамбургерамi, «чызамi», «фiшкамі», бiг-макамi, бульбаю, каваю, гарбатаю. Э, бачу, што МакДональдзам цябе ўжо ня зьдзiвiш… Табе падавай што-небудзь мясцовае, нацыянальнае, кштатлту менскага «Хуткага Харчаваньня».

Што ж, хадзем тады ў «Расейскае Бiстро», але я ж папярэджваў… Нават у параўнаньнi з Макам гэта нешта невыразнае з дрэнным асартымэнтам — ну, што, задаволены сваiм булёнам «Галiна Блянка»? Хаця пiражкi й кулябякi яшчэ нiчога, есьцi можна.

Вялiкiм канкурэнтам Маку — «Росьцiкс», але гэта для тых, хто любiць курыцу й толькi курыцу. У смажаным выглядзе азадкi даволi смачныя.

Ай, дружа, бачу ў тваiх вачох настальгiю па чым-небудзь знаёмым і простым. Хадзем у такiм разе ў якую «Чабурэчную» па чабурэкi з пончыкамi — сюд-туд iх смажаць вельмi прафэсiйна ды смачна, але даведацца пра якасьць можна толькi пасмакаваўшы… Што, не жадаеш рызыкаваць? А, ты проста заўважыў вагончык «Крошкi-картошкi».

«Крошка» прапануе нам тосты i бульбу, запечанаю з рознымi напаўняльнiкамi — ад грыбоў да карэйскае морквы. Бульба, на мой погляд, ня вельмi смачная, ды есьцi яе ня вельмi зручна, а тосты калi ўдаюцца, а калi й не.

Зноўку табе не спадабалася… Я ведаю, што патрэбна — звычайны, амаль родны, таму што ў Менску ёсьць нават яго вясковая вэрсія — гот-дог. Як мне стала ведама з даволi надзейных крынiцаў, першы «сабака» прабраўся ў Маскву ў 1995-м годзе, спадабаўся ды прыжыўся. Сваiм хвосьцiкам ён прыцягвае даволi шмат народу. Адразу сьпяшаюся папярэдзiць — у Маскве яны бываюць розныя. Пачнем з таго, што ёсьць проста гот-догi, а ёсьць фiрмовыя, «Стэф». Розьнiца памiж iмi такая ж, як памiж «двортэр’ерам» i пародзiстым шчанём. Сасiскi ў простых курыныя, кетчуп, маянэз, гарчыца — не заўсёды смачныя, але вельмi танна. У «Стэфу» iх таксама некалькi вiдаў, па-першае, y iх ёсьць нацыянальнасьцi: дацкi, францускi. Ёсьць яшчэ кнакерсы, стоп-топы, мэдыстары, фрыкадэльлеры… Яны адрозьнiваюцца памерамi, вiдамi сасiсак i iншымi напаўняльнiкамi. Што ж, я бачу, ты ня ведаеш, што выбраць…

Ну, каб ты зусiм не памёр з голаду, пайшлi ў мэтро, паедзем да мяне ў госьцi.

А ў мэтро такiх як мы чакае ўжо «Мэтро Экспрэс-Буфэт», якi вылучаецца тым, што прапаноўвае мэксыканскае бурыта. Павер мне, дружа, што да сапраўднага мэксыканскага бурыта, што гатуюць у мэксыканскiх рэстаранах, гэта, мякка кажучы, ня вельмi падобна.

Дазволь, я прапаную табе пакаштаваць «шавурму» («шаварму», «шаверму» — для розных рэгiёнаў Расеi) — мяса-грыль у лавашы з салатай, маянэзам i кетчупам — ня вельмi дорага, даволi смачна, але трэба ведаць месцы. Зараз яе гатуюць нават у спэцыялiзаваных кавярнях — лепей знайсьцi такую.

Акрамя таго, можна пакаштаваць розныя там хачапуры, чаму i г.д. Карацей кажучы, маскоўскi «фаст-фуд» даволi разнастайны i прапаноўвае стравы паўднёваамэрыканскае, паўночнаамэрыканскае, эўрапейскае, расейскае кухнi, але каўкаская становiцца ўсе больш i больш папулярнаю.

Смачна есьцi!

Дзядзька Антось


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0